Астраўчане за мяжой падчас пандэміі: што робяць, думаюць, адчуваюць
14:32 / 23.03.2020
Падумалася: а як там іншыя нашы суайчыннікі, што па розных прычынах знаходзяцца за мяжой? Мы звязаліся з некаторымі з іх і папрасілі расказаць пра сітуацыю з каронавірусам і абстаноўку, што пануе ў грамадстве.
Марыя ВАСІЛЁНАК – са Злучаных Штатаў Амерыкі:
– Паездка да сына і ўнучак была спланавана за некалькі месяцаў, загадзя куплены білеты, і ў панядзелак 9 сакавіка ў 14 гадзін я апынулася ў аэрапорце Далас, што ў Вашынгтоне.
Нязвыклым было тое, што пагранічнікі сустракалі нас у масках. Горад жа тады яшчэ жыў поўнавартасным жыццём.
Усё змянілася праз некалькі дзён, калі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў аб увядзенні надзвычайнага становішча ў краіне. У школах увялі чатырохтыднёвы каранцін. Цяпер у рускай школе ўнучка займаецца праз скайп, а ў асноўнай, англійскай, робіць тое, што бацькі палічаць патрэбным.
Дарослыя працуюць дыстанцыйна – род іх заняткаў гэта дазваляе.
Сын быў ашаломлены, калі ў першы вечар надзвычайнага становішча не змог купіць у бліжэйшай краме малака. У супермаркетах такіх перабояў не назіралася, акрамя аднаго – не хапае... туалетнай паперы! Усім грамадзянам краіны рэкамендавана зрабіць двухтыднёвы запас самага неабходнага.
Вуліцы Вашынгтона, куды сям’я ў першы выхадны пасля майго прыезду выбралася палюбавацца на квітнеючыя магноліі, здзівілі нешматлюднасцю, толькі сёй-той прагульваўся з дзецьмі і з сабакамі. На ўсіх музеях віселі аб’явы аб іх закрыцці.
А вось людзей у масках адзінкі. З сынам зайшла ў карэйскую краму: пакупнікоў няшмат, прадаўцы на касах без масак, перад уваходам у магазін і каля кожнай касы – дазатары з антысэптычнымі сродкамі.
Вольга ЯХІМОВІЧ – з Егіпта:
– Сямейны адпачынак на Чырвоным моры мы спланавалі загадзя, вылет намячаўся 12 сакавіка. І хоць абстаноўка з каронавірусам была ўжо неспакойная, вырашылі не адмяняць паездку – цэлы год чакалі адпачынку.
Наш атэль знаходзіўся ў невялікім гарадку ў 60 кіламетрах ад Хургады. Спачатку гэта здавалася мінусам, а потым стала плюсам. З тысячы людзей да канца адпачынку засталася, можа, сотка. Але гэта нас нават парадавала: удосталь купаліся, загаралі…
Дамоў вярнуліся 22 сакавіка. Радзіма сустрэла нас насцярожана. Праўда, у аэрапорце Мінска тэсты ніхто не браў. Пацікавіліся толькі, ці былі мы ў апошнія два тыдні ў Кітаі і Італіі. Прапанавалі звярнуцца ў санітарны пакой, калі ёсць сімптомы захворвання.
Вярнуўшыся, вырашылі пабыць нейкі час дома. Мужу патэлефанавалі з работы і сказалі ўзяць адпачынак без захавання зарплаты, я працую на сябе, таму таксама планую адмяніць папярэднія дамоўленасці з кліентамі. Дзяцей у школу і садок не пусціла. Хоць адчуваем мы сябе нармальна, ніякіх сімптомаў няма.
Алена РЫБІК – з Вялікабрытаніі:
– Я жыву і працую ў Лондане. Сітуацыя з каронавірусам у Вялікабрытаніі складаная: на 21 сакавіка 4 072 захварэлых, 177 памерлых. З панядзелка закрытыя школы і дзіцячыя садкі, выключэнне толькі для дзяцей работнікаў сацыяльна неабходных прафесій: медыцына, паліцыя, пошта і г.д. У каго ёсць магчымасць, працуюць дыстанцыйна – мы з мужам у тым ліку. Дзень строга размеркаваны: спачатку адзін займаецца рабочымі пытаннямі, а другі – сынам, потым – наадварот. Але кіраўніцтва з разуменнем адносіцца да таго, што ў нарадзе нехта ўдзельнічае з дзіцем на руках ці вымушаны адарвацца, каб памяняць малому памперс.
Урад просіць не выходзіць на вуліцу без самай неабходнай патрэбы і захоўваць дыстанцыю ў адзін метр паміж людзьмі. Займацца спортам на вуліцы, гуляць з сабакамі і дзецьмі можна і трэба. У абедзенны перапынак я выходжу на прабежку ў суседні парк – праветрыць галаву. Пажылых заклікаюць не выходзіць увогуле, ім дапамагаюць валанцёры, суседзі і проста неабыякавыя людзі.
Вуліца ў цэнтры Лондана побач з папулярным турыстычным месцам Ковэнт Гардэн. Звычайна тут сотні людзей
Раздражняе толькі ажыятажны попыт на тавары першай неабходнасці. Нават не ведаю, ці было калі такое ў Лондане, каб паліцы ў магазінах былі абсалютна пустыя. Нешта падобнае на наш дэфіцыт у пачатку 90-х. І хоць урад запэўнівае, што прадуктаў харчавання ў краіне дастаткова, запасаў хопіць не на адзін год, кожную раніцу перад адкрыццём магазіна ля дзвярэй стаіць натоўп, за першыя гадзіны з паліц змятаецца ўсё, асабліва з доўгімі тэрмінамі захоўвання – крупы, кансервы, алей, туалетная папера… Нібыта людзі збіраюцца жыць на асадным становішчы гадамі! У найгоршым становішчы тыя, хто працуе, – вечарам яны не могуць нічога купіць. Некаторыя магазіны ўвялі правіла першай гадзіны: адразу пасля адкрыцця абслугоўваюцца найменш абароненыя слаі насельніцтва – пажылыя, цяжарныя, бацькі з малымі дзецьмі, працуючыя.
Вялікія страты нясе эканоміка, асабліва турыстычны, забаўляльны, рэстаранны бізнес – супрацоўнікаў звальняюць у адзін дзень. У пятніцу ўрад аб'явіў, што калі ўладальнікі захаваюць рабочыя месцы, ім кампенсуецца да 80 працэнтаў зарплаты работнікаў на працягу трох месяцаў – спадзяюся, што гэта хоць трохі спыніць абвал эканомікі. Большасць людзей не баяцца захварэць, яны баяцца застацца без працы.
Цяжка сказаць, колькі ўсё гэта прадоўжыцца, якімі будуць эканамічныя наступствы пандэміі і калі будзе пераадолены гэты крызіс.
Мікалай КІШКЕЛЬ – з Літвы:
– Я працую вадзіцелем на міжнародных перавозках шмат гадоў. Звычайна мы загружаемся ў Літве і вязём груз у Расію праз Беларусь. Зараз чакаю пагрузкі. Так, ведаю, што Літва і Расія закрылі граніцы, але на вадзіцеляў-міжнароднікаў гэта не распаўсюджваецца. Так што, спадзяюся, і гэты рэйс пройдзе ў штатным рэжыме.
Хоць пэўныя меры бяспекі ў сувязі з каронавірусам у Літве прыняты: на пагрузцы ўсе працуюць у масках, хоць увогуле людзей з закрытымі тварамі на вуліцах няшмат. У вялікіх супермаркетах не быў, але ў нашым бліжэйшым магазіне ажыятажу не назіраецца, усё неабходнае ёсць.
Для людзей, што прыехалі з-за мяжы, прадугледжаны двухтыднёвы каранцін – за гэты час аплачваецца бальнічны ліст. Калі ж нехта паспрабуе ўтаіць падобны факт, ці, таго горш, сваімі паводзінамі паспрыяе заражэнню іншага чалавека, то адказнасць прадугледжана больш строгая – наколькі я ведаю, нават да крымінальнай. Напэўна, гэта правільна: кожны павінен адказна ставіцца не толькі да свайго здароўя, але і берагчы тых, хто побач.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.