Дзявяты этап конкурсу «Пазнай Астравеччыну»
11:06 / 20.03.2020
Такім чынам, на конкурсным фотаздымку – сядзібны дом Мінейкаў у вёсцы Дубнікі.
Першымі ўладальнікамі сядзібы ў Дубніках былі Абрамовічы, пазней маёнткам валодалі Касцелы і Бжастоўскія. У пачатку 19 стагоддзя Тамаш Мінейка, адзін з аўтараў і абаронцаў Канстытуцыі 3 мая Рэчы Паспалітай, набыў гэты маёнтак, якім затым валодалі чатыры пакаленні Мінейкаў.
Праўнук Тамаша Браніслаў перабудаваў сядзібу ў 1878 годзе. Новы двухпавярховы сядзібны дом зроблены ў стылі эклектыкі па праекце інжынера Вайніцкага з Пецярбурга. Першы паверх быў мураваны, другі – драўляны (ён не захаваўся да нашага часу). У пакоях ляжаў паркет, віселі габелены, карціны айчынных і замежных мастакоў, у бальнай зале – вялізная крыштальная жырандоля. У багатай бібліятэцы захоўваліся звесткі пра род Мінейкаў.
Маёнтак у Дубніках вядомы, апроч іншага, тым, што ў 1887-1888 гадах тут жыў родзіч гаспадароў, знакаміты польскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Генрык Сянкевіч. Тут ён працаваў над раманам «Пан Валадыеўскі» і, па некаторых звестках, задумаў раман «Патоп». Сваякі Мінейкаў і тутэйшыя жыхары сталі прататыпамі яго твораў.
Тадэвуш Макшыцкі з Міхалішак, дзяцінства якога прайшло непадалёк ад маёнтка, расказаў шмат цікавага пра ваколіцы сядзібы і яе саму. Пасля вайны ў будынку нейкі час размяшчалася кантора Варнянскай МТС, затым сюды, як успамінае Ванда Вайшнаровіч, перабазіраваўся Варнянскі дзіцячы дом.
Доўгі час у панскім доме размяшчаўся інтэрнат для псіханеўралагічных хворых. Зараз ён пустуе і прыходзіць у заняпад.
Правільныя адказы на пытанне конкурсу далі Сяргей Жукоўскі і Алеся Абухоўская – яны атрымалі па аднаму балу. Дапоўнілі адказы фотаздымкамі ці цікавымі падрабязнасцямі і атрымалі па два балы Ванда Вайшнаровіч, Тадэвуш Макшыцкі, Іван Дзятловіч, Кацярына Вараб’ёва. Найбольш поўныя і праілюстраваныя фотаздымкамі адказы мы атрымалі ад Ганны Мілашэвіч, Вікторыі Іванцэвіч, Марыны Кімсы, Алега Драгана, Жанны Волк-Леановіч – яны атрымалі па тры балы.
Пасля крыўднай памылкі Алены Памецькі ў конкурсе вызначыўся аднаасобны лідар – Марына Кімса, у якой 23 балы. Па 20 балаў набралі Алена Памецька і Алег Драган.
Усяго ў конкурсе ўдзельнічае больш за 25 чалавек.
Дзе гэта, што гэта?
Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.
Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефоне 2-03-64 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з конкурсным заданнем (да аўторка ўключна).
Мадэратар праекта Ніна РЫБІК