Беларусь помніць: Як Іван Рогач адшукаў магілу свайго дзядзькі, загінулага ў 1945
09:03 / 18.03.2020
– У сям’і майго дзеда, Ігната Мікалаевіча Сухарэўскага, было трое дзяцей: сын Міхаіл і дзве дачкі – Уладзіслава (мая маці) і Леакадзія, – расказвае Іван Рогач.
Міхаіл быў старэйшым, нарадзіўся ён у 1925 годзе. Калі пачалася вайна, юнаку не хапала гадоў, каб ісці на фронт.
Міхаіл Сухарэўскі
– Калі дзядзьку споўнілася 18, яго і яшчэ некалькі мясцовых хлопцаў з Супранентаў – там жыла сям’я дзеда – прызвалі ў армію. На той час Міхаіл Ігнацьевіч жыў у Вільнюсе – там вучыўся. Таму і прызываў яго Вільнюскі ваенны камісарыят, – узгадвае лёс свайго дзядзькі Іван Рогач.
Часам у вёску прыходзілі ваенныя «трохкутнікі» – салдат расказваў бацькам, што знаходзіцца на польскай тэрыторыі, потым у лістах фігурыравала Германія. А ў лютым 1945 перапіска спынілася...
Супраненты на той час адносіліся да Свірскага раёна, які, як і Астравецкі, быў вызвалены ў 1944 годзе. Людзі аднаўлялі гаспадарку, працавалі, весткі аб Вялікай Перамозе 1945-га сустракалі з радасцю.
Пакрысе на радзіму сталі вяртацца салдаты. Радасці іх бацькоў не было межаў. Але прыйшлі не ўсе. Не дачакаліся свайго сына і Сухарэўскія. І ніякіх звесткаў пра тое, дзе ён і што з ім, бацькі не атрымалі…
– Мой дзед быў адукаваным чалавекам, з’яўляўся дэпутатам абласнога Савета. У пошуках сына ён адправіў дзясяткі запытаў у розныя інстанцыі. Пісаў нават у Генеральны штаб СССР, – са слязьмі на вачах гаворыць Іван Іванавіч. – Каб штосьці даведацца, яму спатрэбілася 15 гадоў. Толькі ў 1960 годзе дзед атрымаў паведамленне, што яго «сын, стралок 4 дывізіі 10 палка, радавы Міхаіл Ігнацьевіч Сухарэўскі ў баях за Радзіму, верны воінскай прысязе, праявіў мужнасць і геройства, быў паранены і памёр ад ран 10 красавіка 1945 года».
У гэтым жа пісьме паведамлялася і месца пахавання – воінскія могілкі на тэрыторыі Польшчы.
– Тады ж, у 1960 годзе, дзядулю пачалі выплачваць пенсію па страце карміцеля, – расказвае Іван Рогач. – Памятаю, аднойчы ў чарговы юбілей Вялікай Перамогі падарылі прыгожы наручны гадзіннік – дзед, калі я ішоў у армію, уручыў яго мне. На жаль, я не змог зберагчы памяць пра дзядзьку – гадзіннік укралі, але вярнуўшыя з войска, я набыў такі ж самы – і сёння ён захоўваецца ў нас.
Ігнат Мікалаевіч Сухарэўскі марыў, што некалі ён зможа трапіць на магілу свайго сына, запаліць свечку і падзякаваць за Перамогу... Толькі ў той час паехаць у Польшчу было складана.
Атрымалася гэта ў яго ўнука, Івана Рогача, толькі ў 80-я гады.
– Дзесьці ў 1986-м я быў у Польшчы. Са слоў маці ведаў, што дзядзька пахаваны на воінскіх могілках у мястэчку Вальч. У гады вайны гэта была нямецкая тэрыторыя, пазней яна стала належаць Польшчы, – расказвае Іван Рогач. – Я з сям’ёй быў у гасцях у родзічаў, якія жылі ў Піле. Едзем мы на аўтамабілі і раптам бачым указальнік – Вальч. Пацікавіўся ў родзіча, ці ёсць тут воінскія пахаванні, і калі пачуў станоўчы адказ, папрасіў спыніцца.
У той дзень магілу дзядзькі Іван Рогач не знайшоў. І на наступны зноў адправіўся ў Вальч. Заехаў спачатку ва ўправу, дзе і даведаўся месца пахавання свайго дзядзькі.
– Сотні брацкіх магіл, дзясяткі радоў. На кожнай пліце – па некалькі прозвішчаў. Даведаўшыся, на якім месцы спачывае мой дзядзька, зрабіць гэта было лягчэй, – расказвае Іван Рогач.
– Вы не ўяўляеце, якія гэта былі эмоцыі… Радасць і горыч адначасова ад усведамлення таго, што нарэшце мы ведаем, дзе закончыў свой жыццёвы шлях блізкі нам чалавек. Усё ўбачанае мы знялі на відэакамеру, я прывёз відэазапіс дамоў. На той час дзеда, на жаль, ужо не было, але яшчэ жылі дзве сястры Міхаіла – яны радаваліся і плакалі, што, нарэшце, даведаліся, дзе пахаваны іх брат.
Цяпер ужо гістарычныя здымкі Іван Іванавіч дэманструе сваім дзецям і ўнукам.
– Трэба, каб сённяшняе пакаленне ведала, што такое вайна і якія беды і гора яна нясе чалавецтву, – разважае Іван Рогач. – Тады ж, у 80-я, калі я даведаўся, дзе знаходзіцца магіла майго дзядзькі, мне паведамілі, што ў цэнтральным архіве ў Варшаве ў спецыяльнай ячэйцы захоўваюцца і яго рэчы – цяпер займаемся гэтым пытаннем.
Але ёсць у Івана Іванавіча і яшчэ адна мара: ён лічыць, што прозвішча дзядзькі павінна быць нанесена на мемарыяльную пліту, што ўстаноўлена ля помніка загінулым землякам у Астраўцы.
– Для нашай сям’і гэта вельмі важна – гэта памяць аб родным чалавеку, які аддаў жыццё дзеля мірнага неба для сваіх нашчадкаў, – гаворыць Іван Рогач.
75 гадоў мы жывём у вольнай краіне… Не гінуць ад узрываў снарадаў і мін людзі… Здаецца, што пра тыя часы мы ведаем ужо ўсё. Але кожны дзень прыносіць новыя звесткі пра герояў вайны. Памяць пра тых, хто падарыў нам мір, свабоду і шчасце, жыве ў сэрцах нашчадкаў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.