Пра што расказваюць у музеі Альхоўскай школы

12:24 / 25.02.2020
706
Экспазіцыі музея сёння месцяцца ў двух пакоях будынка  былой базавай школы, якая потым стала інтэрнатам. Але ў планах кіраўніцтва ўстановы пашырэнне яго плошчаў.

IMG_6246.jpg

 Музей Альхоўскай сярэдняй школы быў заснаваны ў 2011 годзе, аднак работа па зборы экспанатаў і ўспамінаў мясцовых старажылаў пачалася тут значна раней.

Ад прадзедаў спакон вякоў…
– Першапачаткова ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры быў створаны этнаграфічны куток, папаўненнем экспазіцыі якога займалася Ганна Віктараўна Шыманец, – расказвае настаўнік гісторыі Альхоўскай сярэдняй школы Людміла Уладзіміраўна Саўко. – Сярод экспанатаў былі вырабы мясцовых майстрых, прылады працы, фотаздымкі. 
Калі матэрыялаў стала больш, быў створаны музейны пакой. Ганна Віктараўна актыўна збірала прадметы быту вяскоўцаў, пачала запісваць успаміны жыхароў вёскі. Ужо тады вызначыліся асноўныя накірункі сённяшняга школьнага краязнаўчага  музея «Спадчына» – яго экспазіцыі прысвечаны Альхоўцы, гісторыі школы і мясцовай кардоннай фабрыкі.
 – Вялікі ўнёсак у папаўненне калекцыі экспанатаў  і развіццё музея ўнесла былы педагог-арганізатар нашай школы Ганна Уладзіміраўна Уласік, – працягвае Людміла Уладзіміраўна Саўко. – У 2011 годзе, калі загадам па школе  быў зарэгістраваны краязнаўчы музей «Спадчына»,  яго кіраўніком стала Раіса Чаславаўна Мароз.    Разам з Ганнай Уладзіміраўнай яна займалася афармленнем стэндаў і экспазіцый і да нядаўняга часу была яго кіраўніком. 

IMG_6238.jpg

Альхой парасло…
Адна з  экспазіцый музея расказвае пра гісторыю Альхоўкі і кардонную фабрыку, без якой вёскі, магчыма б, сёння  і не было.
– Наша вёска  ўзнікла ў 19 ста­годдзі на беразе ракі Страча. Вакол расло шмат вольхі – менавіта ад гэтай расліны   і пайшла  назва нашага населенага пункта. Першыя звесткі пра вёску  адносяцца да 30-х гадоў мінулага стагоддзя, калі пачалося ўзвядзенне  кардоннай фабрыкі польскім панам, – праводзіць экскурсію па музеі настаўнік гісторыі. – Гэтаму спрыяла ўдалае  размяшчэнне Альхоўкі: сасновы лес і хуткаплынная рака, па якой добра было сплаўляць бярвенні.
– Будаўніцтва фабрыкі пачалося ў 1934 годзе, – працягвае наш экскурсавод. –  Уладальнікам яе стаў пан Барбарыскі, у якога было некалькі такіх прадпрыемстваў на тэрыторыі Літвы. Першую прадукцыю тут атрымалі ўжо праз два гады.
У Альхоўцы  займаліся вырабам кардону таўшчынёй ад 1 да 3 міліметраў. Тонкі вы­ка­рыстоўваўся для пераплёту  кніг, тоўсты – у абутковай пра­мы­с­ловасці. Прадукцыю з аль­хоў­скай фабрыкі дастаўлялі конь­­мі на чыгуначныя станцыі Гуда­гай і Лынтупы, а адтуль  ад­праў­лялі ў Польшчу, Бельгію, Ні­дэр­ланды, Югаславію.
– У гады Вялікай Айчыннай вайны фабрыка была знішчана, – успамінае гісторыю буйнейшага прадпрыемства былога Савецкага Саюза Людміла Уладзіміраўна. – Пасля вайны яе  зноў сталі аднаўляць. Працавалі людзі з мясцовых вёсак – Радзюшы, Баравыя, Недрашля, Супраненты, Міхалішкі.  І ў 1947 годзе фабрыка ўжо працавала.
З асаблівай пяшчотай мясцовыя жыхары ўспамінаюць час, калі  яе дырэктарам быў  Віктар Дзям’я­навіч Ожэг – багатыя звест­кі  пра гэтага чалавека і  яго рэчы таксама захоўваюцца ў музейных архівах.
–  У гэты час было многае зроб­лена для Альхоўкі і яе жыхароў: пабудавана школа, садок, Дом культуры, праведзена ацяпленне, каналізацыя і водаправод, – гаворыць настаўніца гісторыі.

IMG_6226.jpg

Калыска ведаў
Гісторыі школы, якая вядзе свой адлік з 1946 года,  пры­свечана асобная  музейная экспазіцыя.
Цікава, што за гэтыя  74 гады ў  школе было ўсяго толькі пяць дырэктараў. Сама ж навучальная ўстанова  з пачатковай малакамплектнай дарасла да сярэдняй.
– Будынак першай школы перавезлі ў Альхоўку з Мінараў.  Гэта быў звычайны драўляны дамок, сімвалічны зруб якога ра­зам з помнікам – разгорнутай кнігай – быў устаноўлены да аднаго з юбілеяў школы. Першая альхоўская навучальная ўстанова была малакамплектнай, у ёй было ўсяго чатыры класы і працаваў адзін настаўнік, які адначасова быў і дырэктарам. Гэта   Іна Антонаўна Ска­руцкая, – расказвае  Людмі­ла Уладзіміраўна Саўко. 
У 1952 го­дзе  школа стала сямігодкай. Праз год яе ды­рэ­ктарам была пры­значана Ва­лян­ціна Аляк­се­еў­на Мар­коў­ская.
–  Валянціна Аляк­сееўна многае зрабіла для таго, каб у Альхоўцы з’явілася сярэдняя школа, – успамінае былы дырэктар Яўген Уладзіміравіч Чабатароў. – На той час я працаваў дырэктарам Завідзіненцкай базавай школы і помню, як яна збірала подпісы дзяцей і іх бацькоў, каб заахвоціць вучыцца  ў Альхоўцы. Потым разам з дырэктарам  фабрыкі яны ездзілі ў Гродна ў аблвыканкам. Школу адкрыць дазволілі, будавала яе кардонная фабрыка. 
– Спачатку школа працавала з прадоўжаным днём –  на той час у раёне была толькі адна такая навучальная ўстанова. 80% дзяцей пасля вучэбных заняткаў заставаліся  і разам  з настаўнікамі  паўтаралі пройдзены матэрыял і рабілі хатняе заданне. Школа працавала з васьмі гадзін раніцы да сямі гадзін  вечара, – успамінае былы дырэктар. 
Дарэчы, Яўген Уладзіміравіч кіраваў Альхоўскай школай 27 гадоў. Толькі ў 2008 го­дзе яму на змену  прыйшоў Ігар Генадзьевіч Уласік. А з 2011 года  дырэктарам установы з’яўляецца  Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч.
Заслужаныя
Ганаровае месца ў края­знаў­чым музеі   прысвечана тым, хто працаваў у Альхоўскай школе і вучыў дзяцей добраму, светламу, вечнаму – зразумела, настаўнікам.
Дзвюм з іх – настаўнікам пачатковых класаў Таццяне Цімафееўне Гурскай і Іне Антонаўне Скаруцкай – прысвоена  ганаровае  званне Заслужаны настаўнік БССР.
– Мне давялося працаваць з імі. Калі я прыехаў у школу, яны ўжо былі заслужанымі. Таццяна Цімафееўна атрымала званне  ў 1968 годзе, а Іна Антонаўна – у  1975, – успамінае Яўген Ула­дзіміравіч. – Цікавыя жанчыны і добрыя настаўніцы. Яны былі сапраўднымі зорачкамі, якія праславілі нашу школу. І доўга яшчэ працавалі на пенсіі, вучылі дзяцей і дзяліліся  вопытам з маладымі педагогамі. На жаль, сёння чамусьці такіх ганаровых званняў нікому не прысуджваюць, а шкада!
– Наш калектыў, можна сказаць, склаўся, – дадае сённяшні дырэктар установы Сяргей Анатольевіч Гаўрыловіч. – Большасць настаўнікаў  мае па адным запісе ў працоўнай кніжцы.

IMG_6204.jpg

IMG_6201.jpg

Этнаграфічная спадчына
Цэлы пакой краязнаўчага музея адведзены пад старыя  рэчы, якія дзеці і настаўнікі збіралі на працягу многіх гадоў. 
Большасць экспанатаў этнаграфічнай экспазіцыі  было сабрана ў Альхоўцы, але ёсць тут і прадметы, прывезеныя з  Баравых, Радзюшоў, Лукавых.
Стары ложак  і дзіцячая калыс­ка, кросны, калаўрот, ступы, збаны –  тут ёсць усё,  што стаяла ў звычайнай сялянскай хаце і чым карысталіся вяскоўцы ў паўсядзённым жыцці. 
– У кожным доме ў тыя часы быў куфар – у нашай мясцовасці яго называлі  скрыня, – расказвае Людміла Уладзіміраўна. – Скрыня лічылася прадметам дабрабыту сям’і. А калі яна была напоўнена тканінай, посцілкамі і бялізнай, то сям’я была амаль што заможнай.
Магчыма, з адной з такіх сем’яў і прывезлі ў школьны музей скураны жаночы карсет, які прыцягвае ўвагу – асабліва жанчын.
Сярод экспанатаў выдзяляецца і партрэт, напісаны вугалем  у 1940 годзе. На ім – бабуля і дзядуля сённяшняга настаўніка  школы Алены Валер’еўны Клімашэўскіс.

IMG_6202.jpg

IMG_6223.jpg

Звязаныя лёсам 
–  Плённа працуе савет школьнага музея, – гаворыць Людміла Уладзіміраўна. – Маладое пакаленне працягвае справу пачынальнікаў музейнай справы. Сёння мы стараемся сабраць успаміны тых людзей, якія  звязаны з Альхоўкай лёсам.
У школьным музеі захоў­ваюц­ца ўспаміны працаўнікоў фабрыкі Генадзя Іосіфавіча Бужымскага  і Валянціны Іванаўны Дзянісавай, былога дырэктара прадпрыемства Віктара Дзям’я­на­віча Ожэга, дырэктараў шко­лы Яўгена Ула­дзіміравіча Ча­­­­­ба­тарова і Іны Антонаўны Ска­­руц­­кай,  настаўніка беларус­­­кай мо­вы і літаратуры Аляксанд­ры Уладзіміраўны Бабіч, выхава­це­ля дзіцячага садка Вольгі Ула­дзі­­міраўны Янушэўскай і Яні­ны Бра­­ніславаўны Ла­зарэ­віч, якая ўнесла ўклад у тое, каб у Аль­­хоў­цы пабудавалі сярэднюю школу – жан­чына была ў складзе дэле­га­цыі, якая атрымала дазвол на ўзвядзенне ўстановы.

IMG_6251.jpg




Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup


Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений