Пацучынае нашэсце на рэдакцыйную ёлку

17:00 / 02.01.2020
Вельмі няпроста было вызначыць пераможцаў рэдакцыйнага конкурсу ёлачных упрыгожанняў – бо на яго прынеслі ажно 70 работ! Ды якіх! 

1.jpg

Ад такога нашэсця пацукоў аж дух займала. Па-першае, іх прынеслі так шмат, што гаспадары надыходзячага па ўсходнім календары года, «рассяліліся» ажно ў трох кабінетах, а, па-другое, прымаючы гэтых прыгажуноў, – мы яшчэ раз упэўніліся, што таленту і фантазіі нашых землякоў няма межаў.  Каляровая папера, тканіна, вата, ніткі, фанера, саломка, пап’е-машэ, прышчэпкі, коркі, шышкі, цукеркі, печыва… і нават жалеза – з чаго толькі ні рабілі ўпрыгожанні ўдзельнікі конкурсу! І ўсё прыгожае, і ўсё з душой. Уяўляеце, як было складана працаваць рэдакцыйнаму журы? Але ж, правіраваўшы амаль паўдня ля выстаў з аркушыкамі для галасавання, мы, урэшце рэшт, вызначылі 10, на наш погляд, самых цікавых ідэй.

ЁЛАЧНЫЯ ЦАЦКІ
У гэтай намінацыі за перамогу змагалася 39 удзельнікаў. 
Перавагу аддавалі тым цацкам, якія змогуць вытрымаць лапкі ёлкі – заўважу, што некаторыя пацукі былі занадта цяжкімі для навагодняй прыгажуні. 
Найбольшую колькасць балаў набралі падольскія пацучкі-прышчэпкі Вікторыі Шылько – ёй аддалі першае месца. Астраўчанін Глеб Баер з пацучыным Санта Клаусам заняў другое месца. А трэцяе падзялілі Арсень Кунігель з Міхалішак – ён зрабіў цацку ў выглядзе кавалка сыру,  з якога выглядае сімвал 2020 году, і Паліна Каспяровіч з Гудагая з мышаням, зробленым з бліскучага фаамірану.
Адзначыла журы таксама цацкі сям’і Пясляк, Кацярыны Рыбак, Арцёма Рабёнка, Кацярыны Якубцэвіч, Марка Сташко, Аліны Каралькевіч, сям’і Лапата, Арсеня Лабажэвіча і Аляксандра Белага.

Пацук Арсеня Кунігеля.jpg

Пацучкі-прышчэпкі Вікторыя Шылько.jpg

Санта Клаус Глеба Баера.jpg

Сімвал года Паліны Каспяровіч.jpg


ГІРЛЯНДЫ
Гірлянды на конкурс прынеслі ўсяго тры – і ўсе яны былі непадобнымі адна да адной ні ў стылі, ні ў тэхніцы выканання, ні ў ідэі афармлення. Таму адзначыць нейкую адну не ўяўлялася магчымым. 
Першае месца заняла самая, я б сказала, бюджэтная, але дастаткова карпатлівая работа – з ватных палачак, коркаў і каляровай паперы. Яе аўтар астраўчанін Глеб Баер. А другое месца з роўнай колькасцю галасоў занялі Маргарыта Кавалеўская з вёскі Вялікая Страча, якая зрабіла гірлянду з бліскучага фаамірану, і Уладзіслаў Саткевіч з Марыяй Волкавай з Астраўца – яны ўвасобілі сваю ідэю з дапамогай фанеры і фарбаў.

Гірлянда Глеба Баера.jpg

Гірлянда Маргарыты Кавалеўскай.jpg

Гірлянда Уладзіслава Саткевіча і Марыі Волкавай.jpg


ПАДЗЕЛКІ
Намінацыі «Падзелкі» ў конкурсе рэдакцыя не аб’яўляла. Тым не менш, мяркую, наша ідэя зрабіць сімвал наступаючага года сваімі рукамі знайшла падтрымку ў тых, хто не разумеў, навошта драбязнічаць – трэба павялічыць маштаб. 
Такім чынам у рэдакцыі з’явіліся падвескі, вяночкі, мяккія цацкі, кампазіцыі. Не маглі мы гэтым аматарам адмовіць у прыёме іх шэдэўраў – падзелкі сапраўды прынеслі прыгожыя. Месцаў журы не вызначала – умовы ёсць умовы, але прыз глядацкіх сімпатый для некаторых будзе.
Самымі сімпатычнымі па выніках галасавання прызнаны пацукі Анастасіі Ненартовіч з Клюшчан, Паліны Масойць з Рытані і Віталя  Філіпчыка з Гудагая.  

Пацучаня Паліны Масойць.jpg

Пацук Анастасіі Ненартовіч.jpg

Жалезны пацук Віталя Філіпчыка.jpg



Текст:
Фото: Рита Дремо