Ганна Ракоўская: “Кожны новы дзень чакаю з нецярпеннем”
– Была я ў рэстаране не раз: на юбілеі дачкі, зяця, калі ўнук жаніўся. Нічога там асаблівага. Сваё 90-годдзе хачу адзначыць у роднай хаце! Ды і ксяндзочкі абяцалі ў госці прыйсці… – з планаў святкавання дзявятай дзясяткі з дня нараджэння пачала са мной размову жыхарка вёскі Слабодка Ганна Станіславаўна Ракоўская.
Вучыцца нельга – працаваць
Маленькай бацькоўскай хацінкі, дзе ў 1929 годзе нарадзілася Ганна Станіславаўна, даўно няма. Аднак месца, дзе яна калісьці стаяла, відаць праз вокны сённяшняга дома жанчыны – таму, можна сказаць, памяць аб дзяцінстве заўсёды побач з ёю.
У Ганны было 9 братоў і сясцёр: яны са старэйшым братам былі яшчэ малымі, калі памёр бацька, і маці выйшла замуж другі раз, нарадзіўшы яшчэ васьмярых дзяцей.
– Пяцёра памерлі маленькімі, – успамінае жанчына. – У той час выжывалі мацнейшыя. Шкада, канешне, але гэта быў натуральны адбор – таму, мабыць, і людзі былі здаравейшыя. Я толькі адзін раз у бальніцы ляжала – калі хваробу Боткіна падчапіла недзе, а так ні разу не хварэла.
Скончыла Ганна тры класы польскай школы, якая тады стаяла ў пачатку Слабодкі. Потым школу перанеслі ў цэнтр вёскі, але туды дзяўчынка ўжо не хадзіла – трэба было бацькам па гаспадарцы дапамагаць.
– Подпіс у дакуменце паставіць я магу, – пералічвае, загінаючы пальцы, юбілярка. – Чытаю па-польску – праўда, памаленьку. А беларускую мову сама вывучыла. Спачатку літары, а затым і чытаць стала.
У бацькоў Ганны гаспадарка вялікая была: агарод, карова, свінні... А калі ў калгас увайшлі – яшчэ і дзялкі атрымалі.
– Вялікія былі тады дзялкі – без пачатку і краю! – гаворыць жанчына. – Цяпер толькі каля хаты невялічкая засталася…
На ганку хаты
Не палякі – беларусы
У дзеўках Ганна не засядзелася: замуж за Эдварда, хлопца з Едакланяў, пайшла ў 21 год.
– Не ведала я яго, не чакала, – успамінае яна з усмешкай. – Сасваталі нас. Сват спачатку да сястры прыязджаў, тады і мяне запрыкмеціў – і Эдварда знаёміцца прывёз. А ён, бедны, толькі з арміі вярнуўся, адзін жыў: маці і два яго браты выехалі ў Польшчу. І мы потым хацелі выехаць, паперы ўсе зрабілі, бульбу выбралі. Прыехалі за дазволам у Астравец, а мужу кажуць: «Ты не паляк. Хочаш – беларусам едзь». Так і засталіся ў Слабодцы.
Пажаніліся маладыя дзесьці праз год – усё часу выкраіць не маглі. Дый прыязджаў жаніх да нявесты рэдка – раз ці два на месяц. «Адзін ён быў – працаваць трэба было», – удакладняе жанчына, бачачы маё нямое здзіўленне…
– Ды і якія тады вяселлі былі, калі ўсе голыя і босыя... – горка ўсміхаецца Ганна Станіславаўна. – Скваркі парэзалі, бутэльку на стол паставілі, гародніны намылі – і ўсё. Гасцей на нашым вяселлі было чалавек дваццаць. Былі і п’янічкі, якія на чарку заходзілі, – традыцыя ў вёсцы была: усіх, хто прыходзіў, частаваць. Сукенка ў мяне была прыгожая, хоць і просценькая, – белая, са штапіка…
У Едакланях, дзе ў Эдварда ад маці засталася вялікая хата, Ракоўскія пражылі 15 гадоў. Там у іх нарадзілася чацвёра дзяцей: Вацлаў, Ядвіга, Раман і Тарэса.
Нічога яны не мелі, калі пажаніліся. Маці нявесты ў пасаг дала карову і авечку.
Будні калгасніцы
Дзеці і гаспадарка патрабавалі клопату, а вялікая хата – вялікага рамонту, зрабіць які сям’я Ракоўскіх не магла. Таму, калі маці прапанавала Ганне выкупіць яе хату ў Слабодцы, бо сама выязджала ў Вільню, жанчына з радасцю згадзілася.
– Хацінка гэта, канешне, маленькая – але дружна мы тут пражылі, усе памясціліся, – гаворыць Ганна Ракоўская.
З першага дня пераезду Ганна Станіславаўна пайшла працаваць на ферму, якая знаходзілася за вёскай, – работа цяжкая, але прывычная: не адзін год адпрацавала даяркай у Едакланях.
– Пятнаццаць-сямнаццаць кароў я рукамі даіла, – гаворыць ветэран працы Ганна Ракоўская. – Цёмна яшчэ было, калі ішла на ферму – кароў жа ў поле выганялі рана. Па тры гадзіны ў суткі спала. Кулак на стол пакладу – а на яго галаву. У ложак не ляжаш – бо праспіш. І так, з кулака, – бягом на кароўнік.
Двое старэйшых дзяцей ужо ў школу хадзілі: Вацлаў – у Астравец, Ядзя – у Дзягенева, а малодшых жанчына дома адных пакідала – муж таксама на працы з ранку да вечара прападаў, быкоў карміў. Малодшай Тарэсе тады ўсяго 1,5 гады было.
Дачка Тэрэса
Вядома, страшна было пакідаць малых без дагляду – а што рабіць? Жанчына ўспамінае, як Раман і Тарэса аднойчы, седзячы на ложку, на коўдры агонь расклалі…
– Касцёр яны паляць, грэюцца! – як і шмат гадоў назад, абураецца маці на ўжо даўно дарослых дзяцей. – Добра, што старэйшая дачка якраз дахаты прыйшла – а то б згарэлі. Дым ужо з коўдры вярнуў.
…Бывала, якая кароўка цяжка даілася, – Эдвард на дапамогу прыходзіў. І дзеці, калі падраслі, прыбягалі маці дапамагчы.
Потым, калі ферму знеслі, жанчына стала дапамагаць мужу ўпраўляцца з быкамі.
– Сякерамі сянаж секлі, – расказвае жанчына. – Кармушкі ўручную чысцілі. Тры разы на дзень быкоў карміць трэба было. Прыйдуць на ферму з праверкай, зараве які бык – адразу заўвага: галодная жывёла, не корміце. Цяжанька было. Мо, таму і памёр мой чалавек рана – ад непасільнай працы. Да таго ж яшчэ анкалогія прычапілася…
І ў поле прыйшлося Ракоўскай хадзіць: з брыгадай бульбу палола і капала, лён рвала і мяла, буракі садзіла – і ўсё рукамі…
Старэйшы сын
Дзень сённяшні
У свае дзевяноста Ганна Станіславаўна сама спраўляецца з «дзялкай», што з трох бакоў абступае невялічкую хаціну. Усё на агародзе жанчына засаджвае, аполвае і выбірае сама, хоць дзеці, якія амаль кожны дзень прыязджаюць праведаць маму, і стараюцца дапамагчы.
Аднойчы былы старшыня калгаса, праязджаючы міма двара Ганны Станіславаўны, аж затармазіў: Ракоўскай ужо 90 гадоў – а яна гачкай бульбу ў агародзе капае!
– Не ведаю, ці змагу сёлета справіцца, – сціпла гаворыць юбілярка. І дадае: – Але кожны новы дзень чакаю з нецярпеннем. Сонейка і цяпла вельмі чакаю, каб на двор выйсці. Цяпер холадна і слізка – дзеці не пускаюць. Ды і сама баюся: павалюся – што рабіць буду? Хутка насенне пачну замачваць – яно, сваімі рукамі вырашчанае, мацнейшае і пладаносіць лепш…
Жыццё ў абзацы
*Хлопчык суседскі, калі школьнікам быў, неяк прысеў побач і пытае: «Бабуля, а вы немцаў бачылі?» – «Бачыла», – адказваю. – «Але во глянь ты, і не забілі вас», – дзівіцца ён. – «Ну, не забілі, – кажу. – Калі тут з табой сяджу». (Смяецца)
*Немцаў я бачыла. Яны неяк ранкам у вёску за прадуктамі з-пад «жалезкі» прыйшлі, якую ад партызанаў ахоўвалі. Маці кажа: «Выйдзі, дай ім пару яек – яны і адчэпяцца». Зайшлі немцы – і за мной у кладоўку рынуліся. А там цэлы кошычак яек стаяў – сям’я ж у нас вялікая была. Яны за кошык – і на выхад. Прыйшлося маме на сняданак скварачку расскварыць – і ўсё.
* Хлеб сама пякла ў рускай печы. І булкі. Смачныя яны былі з малаком ад сваёй кароўкі. А пахлі як! Сваё ёсць сваё.
* Зімой тэлевізар гляджу і малюся – з Богам устаю і спаць кладуся. За каплічкай прыглядаю: памыць падлогу, стол накрыць, кветкі і свечкі паставіць. Малюся – вось Божанька мяне і трымае на гэтым свеце.
* Грошы мы з мужам адкладвалі – дзесяць тысяч на кніжцы мелі. Усе яны «згарэлі». Вось каб перавялі тады на долары!.. Але ж хто ведаў! І тады долары былі, і цяпер ёсць. Я бачыла: калі ўнучка выходзіла замуж, сястра ёй дарыла. Гляньце, думаю, што гэта яна дорыць – паперкі нейкія?! А гэта долары былі.
* Магазін у Слабодцы спачатку быў у хаце ў Шаблавінскіх, потым новы пабудавалі – у цэнтры. А цяпер яго закрылі. Аўталаўка стала прыходзіць – але і добра: усё там свежае, выбар ёсць. І хлеб смачны. Яшчэ лепш, чым у магазіне.
* З дзецьмі я заўсёды на сувязі – у мяне ёсць мабільны тэлефон!У цеснаце, але з душой
Чацвёра дзяцей, шасцёра унукаў і сямёра праўнукаў у Ганны Станіславаўны – і гэта яе самае вялікае багацце. З нецярпеннем яна чакае родных на сваё 90-годдзе, з гонарам расказвае пра дзяцей – і яе вочы свецяцца любоўю і пяшчотай.
– Старэйшы сын Вацлаў працаваў памочнікам машыніста на чыгунцы – цяпер ён на пенсіі, жыве ў Вільні. Ядзя закончыла Гродзенскі культасвет, але ўсё жыццё працавала на заводзе ў Вільні. Раман маладым памёр, толькі 25 яму было – няшчасны выпадак. А Тарэсачка мая людзей лечыць. Яе ўсе любяць… Медсястра яна ў бальніцы.
Дачка Ядвіга
Ганна Станіславаўна Ракоўская за месяцы пачала планаваць, як на яе дзевяносты дзень нараджэння родныя збяруцца разам за вялікім сталом у маленькай хаце і як да яе на свята завітаюць «дарагія ксяндзочкі». І не трэба ёй ніякіх рэстаранаў, бо яна ведае: лепшае свята – калі яно з душой і ў родных сценах.