З Забелішак у Амерыку: лёс ксяндза Яна Міцкуна
09:12 / 02.02.2019
Новы праект «АП» «Святыні Астравеччыны» дэбютаваў на старонках газеты расповедам пра дайлідскі касцёл. У падрыхтоўцы матэрыяла мне тады дапамог старшыня касцёльнага камітэта Казімір Варановіч. За што брацца далей, з чаго пачынаць пошукі – звестак пра іншыя святыні я не ведала.
Але ж нездарма кажуць, што той, хто шукае, – абавязкова знойдзе. Мне стала шанцаваць: выпадкова ў рукі траплялі архіўныя здымкі, знаходзіліся патрэбныя людзі, не абышлося без дапамогі і ўсёдыіснага інтэрнэту. Гартаючы шматлікія метрыкі, апісанне Ашмянскага павету і іншыя архіўныя дакументы, выкладзеныя ў адсканіраваным выглядзе на сайтах польскіх і літоўскіх універсітэтаў і бібліятэк, часта сустракала імёны і прозвішчы ксяндзоў, якія – хтосьці год, а нехта ледзь не ўсё жыццё – служылі ў мясцовых храмах альбо нарадзіліся на нашай зямлі.
Якімі былі гэтыя людзі? У якіх сем‘ях гадаваліся? Чым жылі, пра што марылі? А галоўнае пытанне, якое, мне здаецца, у многім пралівае свет на асобу святара, – калі і пры якіх абставінах або пад чыім уплывам яны адчулі пакліканне і як далей складваўся іх святарскі шлях?
На жаль, на тое яны і архіўныя дакументы – даты перамяжоўваюцца з фактамі, а пра асобу святара, яго звычкі і характар, як таго і трэба чакаць, ні слова…
Дзякуючы сціплым апісанням у дакументах, сцісла пададзеным фактам біяграфіі, усё ж можна паспрабаваць аднавіць «унутраныя партрэты» святароў – яны заслугоўваюць асобнага артыкула.
Сёння мы вас знаёмім з ураджэнцам міхалішкаўскай зямлі – ксяндзом Янам Міцкуном.
Ці быў ён шчаслівы, жывучы за тысячы кіламетраў ад Радзімы, адарваны ад родных і блізкіх? Гэта ўжо наўрад ці можна сказаць. Але, мяркуючы па тым, якую бурную дзейнасць па аднаўленні храмаў і добраўпарадкаванні могілак святар разгарнуў на чужбіне, колькі запаленых шчырымі прамовамі нашага земляка маладых людзей і дзяўчат абрала дарогу служэння Богу, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ксёндз Міцкун у юнацтве не памыліўся з выбарам, хоць і пайшоў цярністым, напоўненым выпрабаваннямі шляхам.
Забелішкі – Варняны – Ашмяны
Будучы каталіцкі святар нарадзіўся ў лістападзе 1885 года ў фальварку Забелішкі Міхалішскай парафіі ў сям’і Караля і Вікторыі з дому Данісевічаў. Бацька Яна доўгі час працаваў павятовым суддзёй, а маці, як і ўсе жанчыны ў той час, займалася гаспадаркай і даглядала дзяцей. У Міцкуноў, а дакладней – Нядзвецкіх, – нарадзілася ажно дзесяць дзяцей: чацвёра хлопчыкаў і шасцёра дзяўчынак.
Блытаніна з прозвішчам узнікла не на пустым месцы. Дзядуля Яна, як сцвярджаюць дакументы, быў засцянковым шляхцічам і ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года. Баючыся праследу з боку царскіх уладаў, ён быў вымушаны змяніць прозвішча – так Нядзвецкія сталі Міцкунамі.
Міцкуны хацелі – а галоўнае маглі! – даць адукацыю сваім дзецям. Пасля вучобы ў школе (на жаль, у дакументах не захавалася звестак, у якой) Ян працягваў спасцігаць навуку ў Варнянах, пазней – у Ашмянах.
Вільня – Масква – Вільня
Удзел дзядулі ў паўстанні, відаць, у сям’і быў забароненай тэмай: пра гэта не гаварылі ўслых і не згадвалі пры дзецях.
Пасля заканчэння вышэйшых школ у Варнянах і Ашмянах Ян паступіў у Віленскую гімназію. Ён збіраўся вучыцца далей: марыў стаць афіцэрам, але – на жаль ці да радасці? – палітычныя абставіны і сам час былі супраць яго. Ураджэнцу Паўночна-заходняга краю – не месца ў царскай арміі.
Нездарма кажуць, што ў бязвыхадных, як часам падаецца, сітуацыях чалавек можа кінуцца ў крайнасці. Так сталася і з Янам: ён адагнаў ад сябе думкі пра афіцэрскую службу і вырашыў заняцца вывучэннем рускай літаратуры, дзеля гэтага паехаў у Маскву і паступіў ва ўніверсітэт. Менавіта там Ян адчуў сваё пакліканне… Праз год юнак вярнуўся ў Вільню, дзе ў 1905 годзе падаў дакументы ў духоўную семінарыю.
Відаць, будучы ксёндз Ян меў тую неверагодную энергетыку і харызму, якая сярод людскога натоўпу вылучае лідара і з першых імгненняў захоплівае кожнага, хто знаходзіцца побач. Прыродныя лідарскія здольнасці, адкрытасць, добрая адукацыя – усё разам гэта, відаць, саслужыла Яну добрую службу. Прафесары семінарыі абралі яго настаяцелем семінарыйнага касцёла Святога Юрыя і прызначылі яго «пробашчам семінарыі».
Здавалася б, вось яно шчасце – але ў Бога, відаць, на ксяндза Яна былі свае планы. Як сведчаць дакументы, не толькі ў свецкіх школах, але і ў духоўных установах, дзякуючы царскай палітыцы, адчуваўся дух расколу: палякі былі падбухтораныя супраць літоўцаў і беларусаў, а беларусы і літоўцы – супраць палякаў. Знаходзіцца ў такой сітуацыі ксяндзу Яну не дазваляла сумленне – разам з некаторымі вучнямі і ксяндзамі ён пакінуў духоўную семінарыю.
Некаторы час святар быў прафесарам вышэйшай школы ў Вільні, дзе чытаў лекцыі па латыні і рускай мове. У 1909 годзе ён адмовіўся ад прафесарскай дзейнасці і эмігрыраваў у Злучаныя Штаты Амерыкі.
У Паўночнай Амерыцы некалькі месяцаў Ян вучыўся ў духоўнай семінарыі Святога Банавентуры ў горадзе Алегейні (штат Пенсільванія). У 1910 годзе атрымаў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Прэндэргаста ў касцёле Святога Малахія ў Філадэльфіі. Два гады быў там вікарыем, а потым служыў пробашчам парафій розных амерыканскіх гарадоў.
Як сцвярджаюць дакументы, у Фініксвіле ксёндз Ян быў нядоўга. У парафіі горада Кліфтан Хайтс святар праслужыў толькі тры гады, але гэтага часу хапіла, каб пабудаваць там дыхтоўную плябанію і разбіць побач з храмам прыгожы парк. Наступныя пяць гадоў жыцця ксяндза прайшлі ў парафіі Коўтсвіла. І там неўтаймавальная энергія ксяндза Яна знайшла выхад: ён пабудаваў школу, парафіяльны дом і пачаў будаваць касцёл. Аднак скончыць будаўніцтва не паспеў: касцёльныя ўлады перавялі святара ў парафію Святога Казіміра ў Шэнандоа, якой ён аддаў васямнаццаць гадоў свайго жыцця.
У Шэнандоа ксёндз Ян энергічна ўзяўся за аднаўленне парафіі: купіў два дамы, якія перабудаваў пад парафіяльныя школы для заняткаў па рэлігіі (старая школа не змяшчала ўсіх дзяцей); дабудаваў трэці паверх у плябаніі і сястрынскім доме; аднавіў унутранае ўбранне касцёла; набыў 10 акраў зямлі пад новы могільнік… Гэта адбірала шмат часу і сіл, але яго жыццядайнай энергіі хапала на ўсіх. Асабліва ксяндза Яна любілі дзеці і моладзь. Пра гэта яскрава сведчыць той факт, што за васямнаццаць гадоў душпастырства гэтага чалавека ў касцёле Святога Казіміра дванаццаць юнакоў з гэтай парафіі сталі ксяндзамі, больш за 100 дзяўчат уступілі ў кляштар сясцёр-бернардзінак у Мілманце.
За васямнаццаць гадоў ксёндз Ян, напэўна, паспеў стаць сваім у Шэнандоа, зрасціся душой з мясцовымі людзьмі. Як ён успрыняў свой перавод з улюбёнага Шэнандоа ў Рэдзінг? Са смуткам, болем ці з пакорай? Кажуць, святар вельмі бедаваў, што апошнія пяцьдзясят гадоў ніводзін юнак з гэтай парафіі не стаў ксяндзом.
Ксёндз Ян набыў зямлю і пашырыў могілкі, на тэрыторыі якіх у 1946 годзе быў усталяваны помнік ветэранам, працягваў апекавацца моладдзю і дзецьмі, аднаўляць храм.
На працягу 23 гадоў святар верай і праўдай служыў Богу і людзям у Рэдзінгу…
Памёр Ян Міцкун 20 снежня 1968 года. Пахаваны на могілках у горадзе Стокбрыдж (штат Масачусэтс).