Знакомьтесь: гордость района – Мария Максимова
07:30 / 29.01.2019
Аб выбары прафесіі
– Я самы звычайны чалавек. Нарадзілася і вырасла ў вёсцы Слабодка, што ў былым Трокеніцкім сельскім савеце, тут жа скончыла базавую школу. Пасля 9 класаў хацела паступаць у Лідскае педагагічнае вучылішча – адкуль узнікла такое жаданне, цяпер ужо і не ўспомню. Напэўна, тады большасць дзяўчынак бачылі сябе настаўніцамі пачатковых класаў. Але мама не хацела адпускаць мяне так далёка – і ўгаварыла паступаць у Ашмяны на бухгалтара. Пазней я зразумела, што гэта быў вельмі мудры кампраміс. Так, бухгалтарскі ўлік поўнасцю супрацьлеглы настаўніцкай дзейнасці, але чым больш я паглыблялася ў лічбы і справаздачы, тым больш упэўнівалася, што выбар быў правільны. Зараз не ўяўляю сябе ў ролі педагога.
Пасля тэхнікума мяне накіравалі на працу ў Страчу ў калгасную кантору. Тут я пазнаёмілася з Марыяй Вікенцьеўнай Памецькай – сапраўдным прафесіяналам, якая дапамагла не проста засвоіць бухгалтарскі ўлік на «выдатна», а навучыла адказнасці і дысцыплінаванасці. Я ніколі не баялася ездзіць здаваць справаздачы, бо ведала: пасля праверкі Марыі Вікенцьеўны памылак дакладна не будзе.
Праца ў Страчы стала лёсавызначальнай не толькі ў прафесіянальным, але і ў асабістым жыцці. Тут я пазнаёмілася з будучым мужам Ігарам, з якім мы пасля пераехалі ў Астравец. У райцэнтры я пазнаёмілася з Віктарам Іосіфавічам Ждановічам, і аднойчы ён прапанаваў мне месца ў аддзеле кадраў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У лютым 2009 года я прыйшла сюды на работу.
Аб працы ў сацыяльнай службе
– Да тэрытарыяльнага цэнтра я працавала ў вытворчай фірме і крыху была знаёма з работай аддзела кадраў. Але калі прыступіла да абавязкаў, зразумела, што вытворчасць і сацыяльная служба – абсалютна розныя сферы, нават у афармленні дакументаў, не кажучы ўжо пра іншае. Працуючы ў аддзеле кадраў, я толькі павярхова ведала спецыфіку работы нашых спецыялістаў. Усё змянілася, калі мяне прызначылі намеснікам дырэктара – хутка ўвайшла ў курс усіх спраў. (Усміхаецца). Тым больш што ў нас не проста калектыў, а сапраўдная каманда – падкажуць і дапамогуць. З новымі абавязкамі ў мяне з’явілася яшчэ большая цікаўнасць да работы. Сацыяльная служба ахоплівае ўсе пласты насельніцтва: пра адных мы клапоцімся, з іншымі – супрацоўнічаем.
Спачатку было цяжка псіхалагічна: кожны выезд на раён я прапускала праз сябе, як праз фільтр. Прыязджала дадому, а ў вачах стаялі адзінокія бабулі і дзядулі, якім я не ведала, чым дапамагчы. Мы можам забяспечыць ежай, адзеннем, дровамі, але не здольныя запоўніць іх душэўную пустату, пазбавіць пачуцця пакінутасці ці прымусіць іх дзяцей адумацца. Напэўна, перажыванне і пачуццё ўласнага бяссілля перад жыццёвымі абставінамі – гэта «хвароба» ўсіх нашых работнікаў.
Мне падабаюцца стасункі са старэйшымі людзьмі, з некаторымі з іх можна размаўляць гадзінамі, вучыцца ў іх мудрасці і цярпенню. А таксама – энергіі і жыццярадаснасці. У нашым цэнтры ёсць аддзяленне для пажылых людзей. Назіраючы, з якім энтузіязмам яго наведвальнікі прыходзяць на рэпетыцыі, развучваюць песні і танцы, ствараюць прыгожыя рэчы, толькі дзіву даешся і па-добраму зайздросціш іх пазітыву і актыўнасці.
Пра сям’ю
– Сям’я – гэта мой скарб, надзейны тыл, кабінет псіхатэрапеўта і месца духоўнага аднаўлення. У мяне дзве цудоўныя дачкі. З дзяцінства мы выхоўвалі іх, каб яны паважалі старэйшых. З мужам у нас узаемапаразуменне і падтрымка адзін аднаго ва ўсіх пытаннях. Праблемы стараемся вырашаць разам. Але тое, што тычыцца работы, часцей за ўсё спыняецца на стадыі «выгаварыцца». За мяжой людзі ходзяць да псіхолага, а я здымаю стрэс дома, у акружэнні родных. А яшчэ – у кветках, якія штогод саджу на клумбах ля мамінага дома і якія радуюць нас яркімі фарбамі да позняй восені. Я шчаслівая – мае дарагія людзі побач. І разам мы справімся з любымі цяжкасцямі.