Бетон вышэйшай маркі будуць выпускаць у МПМК-158

За апошнія гады мы прывыклі да ўрачыстага, з пераразаннем сімвалічнай чырвонай стужкі адкрыцця магазінаў, устаноў культуры, спорту – усяго таго, што лічыцца аб’ектамі сацыяльна-культурнага прызначэння.
І часам неяк забываемся, што для таго, каб усе яны з’явіліся на карце горада і ў нашым жыцці, патрэбны плённая і якасная праца будаўнікоў, якая без сучаснай тэхнікі і тэхналогій проста немагчыма.


За апошнія два гады аб’ём работ, што выконвае адзіная на сённяшні дзень будаўнічая арганізацыя ў нашым раёне – МПМК-158, павялічыўся практычна ўтрая: з колішніх 3-4 мільярдаў рублёў аб’ёмы будаўніча-мантажных работ выраслі да 12, а распрацаваны на перспектыву бізнес-план прадугледжвае ўсе 20 мільярдаў. Амаль утрая ўзрасла і колькасць рабочых гэтай арганізацыі: сёння яна складае 310 чалавек – а яшчэ нядаўна ледзь перавышала сотню.
Але і трыста чалавек, ці нават удвая болей, не пабудуюць сучасныя дамы, фермы і іншыя збудаванні без адпаведнай тэхнікі і абсталявання. Таму пытанням тэхнічнага пераўзбраення ў МПМК-158 надаецца асаблівае значэнне. Летась, напрыклад, аб’ём інвестыцый у асноўны капітал склаў больш за 2 мільярды рублёў. Арганізацыя набыла шмат тэхнікі: аўтаміксер для дастаўкі на аб’екты бетону на базе аўтамабіля МАЗ, франтальны пагрузчык “Амкадор”,  велікагрузны аўтамабіль-трал МАЗ і іншае. Часткова гэтыя “абноўкі” набываліся за ўласныя сродкі – на гэта пайшоў адзін мільярд 132 мільёны рублёў атрыманага прыбытку. У нечым “падставіла плячо” абласная арганізацыя “Аблсельгасбуд” – сума падтрымкі склала 450 мільёнаў. Давялося звяртацца і ў банк за крэдытамі… Але гэта якраз той выпадак, калі, як сцвярджае прыказка, назад кінеш – наперадзе знойдзеш.
І пры ўсім тым доўгі час самым вузкім месцам на прадпрыемстве заставаўся раствора-бетонны вузел, на якім пры ўсім жаданні і старанні немагчыма было выпусціць неабходную для сённяшніх аб’ёмаў вытворчасці колькасць бетону, ды і дабіцца патрэбнай якасці – таксама даволі праблематычна. Словам, ранейшы РБУ састарэў маральна і фізічна, і новы, больш прадукцыйны, які б забяспечваў неабходную колькасць прадукцыі і яе якасць, патрэбен быў як паветра. Таму і было прынята няпростае ва ўмовах разгарэўшагася летась сусветнага фінансавага крызісу рашэнне аб будаўніцтве.
Новы аб’ект пачалі ўзводзіць у ліпені мінулага года. У яго будаўніцтва ўкладзена больш за паўмільярда рублёў, 452 якіх – з абласнога інавацыйнага фонду, і больш за сто мільёнаў рублёў – уласныя сродкі арганізацыі. Колькі пайшло сіл, нерваў, часу – хто ж іх лічыць? Галоўнае, што так неабходны для паспяховай дзейнасці будаўнічай арганізацыі раствора-бетонны вузел быў ўведзены ў строй. І нядаўна адбылося яго ўрачыстае адкрыццё.
Права перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку было даверана намесніку старшыні райвыканкама Віктару Мікалаевічу Аксютчыку і гаспадару – начальніку МПМК-158 Аляксандру Міхайлавічу Ляху. І першы, і другі, ды і ўсе, хто прысутнічаў на адкрыцці, не хавалі сваёй радасці: праектная магутнасць новага раствора-бетоннага вузла – 30 кубаметраў бетону, і гэта дазволіць з ліхвой забяспечыць патрэбы арганізацыі і нават выпускаць некаторыя жалезабетонныя вырабы для рэалізацыі насельніцтву ці іншым арганізацыям – да прыкладу, тыя ж фундаментныя блокі, якія карыстаюцца павышаным попытам. Першая партыя іх ужо чакае сваіх пакупнікоў. А пра якасць паклапоціцца спецыяльная камп’ютэрызаваная сістэма, дазатары, якія ўсе кампаненты бетону запланаванай маркі падаюць у закладзенай праграмай колькасці і паслядоўнасці і пільна сочаць, каб увесь працэс быў выкананы з усімі патрабаваннямі тэхналогіі. Добавим, что сейчас можно купить стройматериалы, если вам предстоит строительство, стройка или ремонт.
Словам, будаўнікі самі сабе зрабілі цудоўны падарунак: новы раствора-бетонны вузел дазволіць ім яшчэ больш павялічваць аб’ёмы будаўнічых работ і забяспечыць іх якасць, якая ў святле новых патрабаванняў, у тым ліку і кіраўніка дзяржавы, набывае асаблівае значэнне. І разам з тым гэта падарунак усім жыхарам раёна, бо кожны, хто стаіць у чарзе на новую кватэру, няважна, у горадзе ці ў вёсцы, марыць, каб пабудавалі яе як мага хутчэй і якасней, каб на фермах ці іншых вытворчых аб’ектах працаваць было зручна і камфортна.


НА ЗДЫМКАХ: блокі з новага бетону ўжо чакаюць пакупнікоў;
сімвалічную чырвоную стужку пераразаюць В.М. Аксютчык і А.М. Лях;
гаспадар новага РБУ – Уладзімір Кандратовіч.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.