Военный комиссар Островецкого района рассказал о ситуации в районе
08:30 / 23.02.2017

З нагоды надыходзяча свята мы сустрэліся з ваенным камісарам Астравецкага раёна Раманам Аляксандравічам Курловым і пагаварылі пра выбар прафесіі, асаблівасці прызыву ва Ўзброеныя Cілы і ўвогуле Дзень абаронцаў Айчыны.
– Раскажыце крыху пра сябе. Як і калі вырашылі звязаць сваё жыццё з ваенай службай?
- Выбар прафесіі рабіў свядома пад уплывам старэйшага брата, які закончыў Маскоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. Ды і з урокаў дапрызыўнай падрыхтоўкі ведаў пра спецыфіку ваеннай службы. У выбары прафесіі сумненняў не было – таму пасля заканчэння школы паступіў у Ваенную акадэмію.
Па размеркаванні трапіў у 206 штурмавую базу ў Лідзе. Прызначылі камандзірам узвода – і пачалося новае жыццё, калі атрыманыя тэарэтычныя веды давялося сумяшчаць з практыкай. Мне крыху за 20, а ў падпарадкаванні мужчыны, якім па 26. У іх таксама ўжо была вышэйшая адукацыя, а ў некаторых – нават сем’і і дзеці. Але агульную мову знайшлі хутка – за пяць гадоў службы не было ніводнага непаразумення.
А потым я вярнуўся на радзіму – у Смаргонь. Працаваў начальнікам групы тэрытарыяльнай абароны, праз нейкі час стаў намеснікам ваеннага камісара. А ў 2012 годзе ўзначаліў Астравецкі раённы ваенны камісарыят.
- Калі лягчэй было стаць курсантам Ваеннай акадэміі – у гады вашага юнацтва ці цяпер?
- Напэўна, цяпер. На той час мы здавалі вусныя ўступныя экзамены па матэматыцы, фізіцы, пісалі пераказ па рускай мове і, зразумела, дэманстравалі навыкі фізічнай падрыхтоўкі. Менавіта мне здача экзаменаў далася лёгка – я вучыўся ў фізіка-матэматычным класе і праблем з гэтымі прадметамі не ўзнікла. Пераказ таксама напісаў добра. Ды і фізічную падрыхтоўку здаў без асаблівых цяжкасцей.
Сёння працэс паступленнязначна аблегчаны – здавай цэнтралізаванае тэсціраванне, нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы, якія таксама сталі лягчэйшымі, – і ты ў адным кроку ад пагонаў курсанта.
- Ці шмат юнакоў жадае звязаць сваё жыццё са службай у арміі?
- На сённяшні дзень сем чалавек ужо напісалі заяву на паступленне на ваенныя спецыяльнасці. Прычым адна з іх – дзяўчына, якая марыць паступіць у Інстытут пагранічнай службы.
- Пра тое, што быць абаронцам Радзімы задача не з лёгкіх, ведаюць многія. А якія асаблівасці ў прафесійнай дзейнасці ваеннага камісара?
- Многія думаюць, што ваенны камісарыят займаецца толькі прызывам на ваенную службу. На самой справе задачы ў нас нашмат шырэйшыя. Гэта мясцовы орган ваеннага кіравання, асноўныя задачы якога звязаны з ваенна-мабілізацыйнай і ўлікова-прызыўной работай, мы вырашаем пытанні тэрытарыяльнай абароны, паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы, пенсійнага забеспячэння ваеннаслужачых і шэраг іншых.
- Сёння прызыўнікі могуць выбіраць, як аддаць абавязак Радзіме:служба ў рэзерве, па кантракту і нават магчымасць прызвацца на альтэрнатыўную службу. Ці прыжыліся гэтыя новаўвядзенні ў нашым раёне?
- Сапраўды юнакі прызыўнога ўзросту маюць магчымасць прызвацца не толькі на тэрміновую службу і аддаваць так званы абавязак Радзіме на працягу 1, 5 года, а для тых, хто мае вышэйшую адукацыю, – 1 год, але і служыць па кантракту. Такім відам прызыву можа скарыстацца той, хто хоча быць ваенным, але не мае спецыяльнай адукацыі. Дарэчы, такая служба практыкуецца ва ўсіх сілавых структурах.
Што датычыцца службы ў рэзерве, то юнакі атрымліваюць ваенную спецыяльнасць шляхам праходжання збораў на базе ваенных часцей. Па кожнай спецыяльнасці распрацавана канкрэтная праграма і вызначана колькасць гадзін. Служба праходзіць без спынення працоўнай дзейнасці з прызывам некалькі разоў на год. На такую службу ў год мы прызываем 10-15 юнакоў.
А вось альтэрнатыўная служба, калі па рэлігійных меркаваннях юнакі не могуць выконваць грамадзянскі абавязак, у нашым раёне яшчэ не прыжылася.
А пытанні, дзе, як і калі служыць вырашае прызыўная камісія.
- А што можна сказаць пра колькасны і якасны паказчыкі нашых прызыўнікоў? У якія віды войскаў іх часцей за ўсё прызываюць?
- Колькасць прызыўнікоў у параўнанні з мінулымі гадамі ў нас зменшылася. Уплыў на гэта аказала дэмаграфічная сітуацыя 90-х гадоў, калі ўпаў узровень нараджальнасці.
Затое ў лепшы бок змянілася такое паняцце як “годнасць” – гэта юнакі, якія па стане здароўя годныя да службы ў розных відах войск. Калі раней у многіх хлопцаў былі хранічныя захворванні і яны не маглі служыць, то па выніках прыпіскі юнакоў 2001 года нараджэння годнасць склала 85 працэнтаў.
Што датычыцца відаў войск, то астравецкія прызыўнікі служаць у органах пагранічнай службы, ва ўнутраных войсках, сілах спецыяльных аперацый, сухапутных войсках. Калі браць месца размеркавання, то часцей за ўсё астраўчане трапляюць у Брэст, Гродна, Мінск, Слонім, Смаргонь, Барысаў.
- Што значыць для вас, як для ваеннага камісара, мужчыны і бацькі сямейства, Дзень абаронцаў Айчыны?
- Як для ваеннага чалавека, канешне, свята. А ўвогуле гэта звычайны працоўны дзень, у які, магчыма, больш востра адчуваецца гонар, што ў мірны час мы абараняем нашу Радзіму.
Сёння гэта свята не толькі тых мужчын, якія аддавалі грамадзянскі абавязак Радзіме, але і ўсіх, хто стаіць на абароне сям’і і сваёй краіны. А таксама жанчын, якіх з кожным годам ва Узброенных Сілах становіцца больш.Таму калегам-ваеннаслужачым, а таксама ўсім, хто лічыць гэты дзень сваім святам, я жадаю мірнага неба, поспехаў, здароўя і афіцэрскага шчасця.
Гутарыла Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара