Невостребованный островецкий картофель

2

2012-ы год можна ахарактарызаваць самымі рознымі эпітэтамі: высакосны, яблычны… А яшчэ – бульбяны!!! Такога, як сёлета, ураджаю “другога хлеба” наша зямля не нараджала  ніколі. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне склала ажно 368 цэнтнераў з гектара – трэцяе месца ў вобласці. А ў СВК “Гервяты” і “Варняны” гэты паказчык падняўся за адзнаку 400: на гервяцкім бульбянішчы сабрана па 441 цэнтнеру з гектара, на варнянскім – па 430 цэнтнераў – лічбы, уласцівыя хутчэй буракам, чым бульбе.


–Сёлетняе надвор’е паспрыяла росту бульбы, – гаворыць загадчык аддзела раслінаводства райсельгасхарчу Алеся Іванаўна Вялічка. – Але ўраджайнасць не атрымалася б рэкорднай, калі б не была вытрымана  тэхналогія вырошчвання. Старанная перадпасадачная падрыхтоўка глебы з унясеннем аптымальнай колькасці мінеральных угнаенняў, унясенне гербіцыдаў і інсектыцыдаў ад каларадскага жука, своечасовая механічная апрацоўка бульбянішч – усе гэтыя складальнікі ўнеслі сваю лепту ў фарміраванне ўраджаю. Але канчаткова вызначыла яго барацьба з фітафтарозам. Мокры і халодны – гэта таксама эпітэты сёлетняга года. І, як наступства падобнага надвор’я, эпіфітацыйны для развіцця фітафторы – на прысядзібных участках таматы і бульбоўнік счарнелі яшчэ ў ліпені. Між тым, на калгасных палях бульба працягвала вегетацыю – а значыць, і фарміраванне клубняў – нават у верасні. Сакрэт падобнай устойлівасці бульбянішч у своечасовасці і кратнасці апрацовак ад фітафтарозу. Абсалютны чэмпіён раёна ў вырошчванні бульбы СВК “Гервяты”, да прыкладу, фунгіцыдныя апырскванні праводзіў пяць разоў.
Раённы валавы збор “другога хлеба” склаў сёлета 8484 тоны. Вось толькі з яго рэалізацыяй узніклі пэўныя праблемы, ды і закупачныя цэны ўпалі вельмі адчувальна. У выніку на захоўванне закладзена 1825 тон. 1107 тон бульбы пайшло на прамысловую перапрацоўку (Гальшанскі крухмальны  завод), 663 тоны было прададзена аптовым пакупнікам, іншая рэалізацыя склала 788 тон. Яшчэ 348 тон скормлена грамадскай жывёле. Астатні ўраджай чакае свайго пакупніка.


--------------
Ганна ЧАКУР.