Не ў джогерах справа

cbbd85c63477db280623b1f2c7fab126.jpg

«Моладзь цяпер не тая… Нічым не цікавіцца, акрамя камп’ютарных гульняў… Працаваць не ўмеюць, а грошай хочуць вялікіх з першага дня… А паглядзіце, у чым яны ходзяць: на ўласнае вяселле – у кедах, у рэстаран – у рваных джынсах… Куды коціцца свет! Вось мы ў іх час…»

Скажыце, вам часта даводзілася чуць падобныя нараканні? Упэўнена, што нярэдка… І, напэўна ж, упершыню яшчэ ў той час, калі самі былі маладымі. Вы таксама, на думку бацькоў, бабуль-дзядуль, а найперш – іх суседак насілі занадта шырокія «клёшы» і бессаромна кароткія – вышэй калена! – спадніцы; слухалі не тую музыку, не так танцавалі, не з тымі хлопцамі сустракаліся і не тых дзяўчат праводзілі дахаты. Нічога не разумелі, не ўмелі, не слухаліся бацькоў – а яны ж вам дабра жадалі… І тады, як і цяпер, прадракалі канец свету, калі гэтая бездухоўная, неадукаваная, бесталковая моладзь зменіць вопытнае, стараннае, працавітае, маральна ўстойлівае старэйшае пакаленне… Дарэчы, тое самае старэйшае пакаленне, якое некалі бэсціла нас, гэтаксама выслухоўвала падобныя словы ад сваіх бацькоў. «Знаёма, як старадаўняе казанне…»

Кажуць, гісторыя вучыць толькі таму, што нічому не вучыць… І сённяшнія бацькі, забыўшыся свае сапсаваныя нервы ад неразумення дарослых, гэтаксама псуюць іх сваім дзецям, раз-пораз ускідваючы рукі ў неба: ну як так можна! Мы ў вашы гады…

…А мы ў іх гады, калі ўжо быць да канца шчырымі, былі намнога горшымі, чым яны цяпер. І дазвалялі сабе нашмат больш. На Каляды «закручвалі» дзверы ў хатах аднавяскоўцаў і здымалі вароты – і нас не ставілі за гэта на ўлік у камісіі па справах непаўналетніх. У 16 гадоў ездзілі на танцы ў кузаве машын з адкрытым верхам ці на матыцыкле – вядома ж, без шлема! – і бацькоў не бэсцілі за наша дрэннае выхаванне. Вярталіся пад раніцу, цалаваліся да світання ля веснічак – і нас не лічылі распуснымі. А праз гадзіну падымаліся, каб гнаць кароў на пашу, ісці касіць з бацькам, палоць бульбу ці працаваць на збожжаток – і ад бацькоў не патрабавалі пісьмовага дазволу, бо лічылася, што ў 14 гадоў дзеці ўжо дарослыя.

Мне падабаецца сённяшняя моладзь! Юнак, які, закончыўшы каледж, працуе, завочна вучыцца ва ўніверсітэце, адкладвае паціху грошы на машыну, бо маці, якая адна яго гадавала, такі падарунак сыну не зробіць…  Дзяўчына, якая з дзявятага класа ведае, кім хоча стаць, і мэтанакіравана ідзе абраным шляхам… Маладая сям’я, якая, не разлічваючы на дапамогу бацькоў, будуе дом… Жаніх і нявеста, якія самі ладзяць вяселле і запрашаюць на яго бацькоў у якасці гасцей… 

Кажаце, не ўсе такія? Можаце прывесці іншыя прыклады?

Так, і я магу іх папоўніць сваім досведам пра тых, хто «завісае» ў кабаках да раніцы, а потым спіць да абеду; не паступіўшы ва ўніверсітэт ці нават закончыўшы яго, сядзіць на шыі ў бацькоў, бо адна работа не падабаецца, на другой мала плацяць, а ў трэцім месцы занадта цяжка… 
А ў наш час ці ў часы нашых бацькоў такіх не было? І што, падобныя прыклады можна сустрэць толькі сярод маладых?

Моладзь, як і дарослыя, і пажылыя людзі, – розная. 

І ўсё ж, па маім глыбокім перакананні, у большасці сваёй – добрая. Лепшая, чым былі мы. Разумнейшая. Больш мэтанакіраваная. Упэўненая ў сабе. Крэатыўная. Свабодная. Разняволеная. Гэта нармальна: дзеці павінны пераўзыходзіць у развіцці сваіх бацькоў – гэта закон жыцця.

…«Купіце мне джогеры», – папрасіў сын-падлетак у бацькоў у адказ на пытанне, які падарунак ён бы хацеў атрымаць за выдатна закончаны вучэбны год. На што бацька прачытаў яму лекцыю на тэму, што ёсць нармальнае адзенне і няма чаго гнацца за дурной модай – і гэтак далей, і да таго падобнае. А калі сын паказаў, што ўяўляюць сабой тыя джогеры, усклікнуў: «Дык гэта ж цудоўныя штаны! Я таксама такія хачу».

Калі вам раптам падасца, што сын ці дачка хочуць немаведама чаго, не ўключайце з паўабароту рэжым «А мы ў твае гады….». Пагаварыце з імі – магчыма, вы на адной хвалі, толькі адны і тыя ж рэчы і паняцці называеце рознымі словамі…

Текст: Нина Рыбик