Не мяці, снегапад!

На думку многіх, Новы год сёлета быў проста чароўны, лепшага надвор’я і пажадаць нельга: лёгкі марозчык і пухнаты снег, які шчодра сыпаў з неба і нават старэнькую бабульку ператвараў у чараўніцу-Снягурку,  а кожнага мужчыну – у Дзеда Мароза.


Але дарожнікі, камунальнікі, дворнікі такой эйфарыі зусім не падзялялі: для іх навагоднія снегапады азначалі толькі тое, што ім святкаваць не давялося: увесь Новы год і першыя дні студзеня яны змагаліся са снегападамі, што “пазамяталі сцежкі-дарожкі”. І тым не менш не спраўляліся: у першыя дні новага года не ўсюды змаглі дайсці аўталаўка, машына па замене газавых балонаў  і іншыя службы першай неабходнасці.
У панядзелак на экстранае пасяджэнне сабралася камісія па надзвычайных сітуацыях райвыканкама, якая разглядала пытанне жыццядзейнасці раёна пасля моцных снегападаў. На шчасце, у нас не адбылося абрываў ліній электраперадач, як  у іншых рэгіёнах. Але са снегам давялося змагацца ўсур’ёз. Найперш тэхніка для яго расчысткі выйшла на цэнтральныя дарогі і вуліцы. Затым чарга дайшла да другарадных. З усім аб’ёмам работ адразу справіцца цяжка. Таму і начальнік РУП ЖКГ А.Б. Стурліс, і начальнік ДРБУ-159 Д.П. Куліна звярнуліся з просьбай да іншых арганізацый і сельгаскааператываў дапамагчы спецыяльнай тэхнікай.
Акрамя таго, начальнік РУП ЖКГ прасіў арганізацыі ачысціць ад снегу свае замацаваныя тэрыторыі і стаянкі, уздымаў праблему пакінутых на вуліцах і ў дварах машын, якія  не дазваляюць  правесці расчыстку праезджай часткі – асабліва гэта тычыцца мікрараёна Валадарскага. Ён папярэдзіў, што такія машыны з дапамогай службы ДАІ будуць эвакуіравацца на платную стаянку аўтапарка і калі гаспадары не хочуць мець лішніх клопатаў і расходаў, то павінны своечасова прыбраць сваю тэхніку.
Снегапады зараз спыніліся – невядома, ці надоўга. Таму самы час усім службам  расчысціць дарогі да тых населеных пунктаў, куды пакуль не дабраліся, не падзяляючы дарогі на свае і чужыя — там таксама жывуць нашы людзі.