Не место красит человека, а человек место
“Не месца ўпрыгожвае чалавека,а чалавек месца”, – менавіта гэтая прымаўка згадалася мне, калі я ўпершыню пераступіў парог Варонскай сельскай бібліятэкі. Менавіта,тут я сустрэўся і пазнаёміўся з цудоўнай,ветлівай гаспадыняй – Марыяй Станіславаўнай Вішнеўскай.Яе прыемная ўсмешка, прывабныя вочы, у якіх нельга не заўважыць тую асаблівую іскрынку, якая выклікае прыхільнасць і зацікаўленасць да цябе, той умелы падыход да чытача, без сумнення, пакінуць у душы наведвальніка бібліятэкі жаданне абавязкова ўзяць што-небудзь пачытаць. Марыя Станіславаўна заўсёды прапануе цікавых аўтараў, творы якія яна сама ўжо прачытала, ці хто з чытачоў пакінуў добры водгук. Потым з удзячнасцю вяртаеш кнігу – і спадзяешся, што Марыя Станіславаўна зноў прапануе нешта, не менш цікавае.
Варта адзначыць, што ў такой гаспадыні, як Марыя Станіславаўна, тое царства кніг знаходзіцца ў бездакорнай дагледжанасці. Утульны інтэр’ер аздабляюць кветкі, якіх тут мноства і цвітуць яны амаль круглы год, сваёй дзіўнай прыгажосцю радуюць вока наведвальнікаў. Нездарма кажуць, што кветкі любяць добрых і зычлівых людзей. Гэта і сапраўды так. Дзеля сваёй непараўнальнай квітнеючай ўдзячнасці яны не шкадуюць той прыгажосці, якой іх надзяліла прырода і руплівыя рукі Марыі Станіславаўны.
Хочацца выказаць самыя лепшыя словы ўдзячнасці ад усіх чытачоў і наведвальнікаў бібліятэкі Марыі Станіславаўне, за тое, што яна зрабіла сваё месца працы не толькі прыгожым, але і прыцягальным для чытачоў.
Марыя Станіславаўна ў бібліятэцы ўсё жыццё. Адразу пасля заканчэння Варнянскай сярэдняй школы ў 1979 годзе яе ўзялі на працу ў Гозскую бібліятэку. Такім чынам яе дзіцячыя мары, любоў да кнігі і вызначылі лёс – яна завочна закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, потым Мінскі інстытут культуры. З 1987 года Марыя Станіславаўна працуе ў Варонскай сельскай бібліятэцы, дзе мы і маем задавальненне бачыць яе да гэтага часу – такую старанную, ветлівую і руплівую гаспадыню сваёй установы.
------------------------------------------------------------
Станіслаў Курыла , жыхар вёскі Варняны.
Фота з сайта anapa-dub.ucoz.ru.