Назначены новые руководители

…на пошце

Пасля абрання ранейшага начальніка раённага вузла паштовай сувязі Ірыны Эдуардаўны Тальчук старшынёй раённага Савета дэпутатаў “капітанскі мосцік” раённай пошты пэўны час заставаўся без кіраўніка. З 1 чэрвеня на яго ўзышла Тарэса Станіславаўна Ігнатовіч .

Тарэса Станіславаўна нарадзілася 15 ліпеня 1973 года ў вёсцы Ізоры Астравецкага раёна. У 2009 годзе закончыла Вышэйшы дзяржаўны каледж сувязі па спецыяльнасці “паштовая сувязь”.
Працоўная дзейнасць Тарэсы Станіславаўны Ігнатовіч пачалася ў 1990 годзе: яна была прынята рабочай у Астравецкую АДБПМК – сёння ўжо мала хто памятае такое, некалі вельмі паспяховае, прадпрыемства.
З 1999 года Тарэса Станіславаўна працуе ў паштовай сувязі: аператарам, начальнікам аддзялення, спецыялістам па продажах. Такім чынам, усе нюансы паштовай работы яна ведае і ў тэорыі, і на практыцы. Трэба меркаваць, што гэта дапаможа новаму кіраўніку паспяхова справіцца са сваімі шматлікімі абавязкамі – гэтага ёй і жадаем.



…у камбінаце бытавога абслугоўвання

Валянціна Міхайлаўна Ляцкая, ранейшы дырэктар унітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва, пакінула пасаду ў сувязі з выхадам на заслужаны адпачынак. Новым кіраўніком КБА прызначана Святлана Юр’еўна Фалевіч .

Святалана Юр’еўна нарадзілася 3 верасня 1989 года ў горадзе Хойнікі Гомельскай вобласці. Дзяцінства і юнацтва яе прайшло ў Астраўцы, куды сям’я Еўдаковых пераехала пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тут дзяўчына закончыла сярэднюю школу. Затым быў Белдзяржуніверсітэт па спецыяльнасці “Правазнаўства”. Працавала юрысконсультам у прыватнай фірме “ДзяткоБуд”.
Прафесійнага і жыццёвага вопыту ў Святланы Юр’еўны пакуль няшмат – але гэта справа нажыўная. Затое ў яе ёсць неаспрэчныя перавагі: юначы максімалізм і невычэрпная энергія, адказнасць і працавітасць. Спадзяемся, гэта дапаможа ёй справіцца з тымі няпростымі задачамі, якія леглі на плечы маладога кіраўніка.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.