Навукова-практычная канферэнцыя “Астравецкія чытанні-2023”: асобы, тэмы, здабыткі



Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Астравецкія чытанні-2023”, прысвечаная Году міру і стваральнай працы, прайшла 21 верасня ў шматфункцыянальным культурным комплексе. Арганізатарам яе сталі Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, Цэнтр даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі Навук і Астравецкі раённы выканаўчы камітэт. Удзел у канферэнцыі прынялі як вядомыя навукоўцы з Мінска, якія зрабілі цікавыя даклады па розных тэмах, якія тым ці іншым чынам датычацца Астравеччыны, так і мясцовыя краязнаўцы.

Гасцей прывіталі начальнік сектара культуры Астравецкага райвыканкама Вольга Баяровіч і дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ігар Капылоў.

Пачалася канферэнцыя з прыемнай ноты: Ігар Лявонавіч уручыў Граматы і каштоўны фаліянты па гісторыі беларускага іканапісу і ткацтва некаторым з астравецкіх краязнаўцаў. Такім чынам аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі адзначыла актыўны ўдзел у гуманітарна-асветніцкае выхаванне насельніцтва, значны ўклад у захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Астравецкага раёна дырэктара Астравецкай раённай бібліятэкі Наталлі Ачарэтавай, карэспандэнта газеты “Астравецкая праўда” Ніны Рыбік, настаўніка гісторыі Варнянскай СШ Людмілы Гродзь, ветэрана педагагічнай працы, стваральніка музея “Гісторыя зямлі гудагайскай” Марыі Васілёнак.




Цікавымі і пазнавальнымі былі даклады.

Загадчык аддзела гісторыі Беларусі ІХ-ХVІІІ стагоддзяў і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Аляксандр Доўнар у сваім выступленні “Населеныя пункты Астравецкага раёна ў часы Вялікага княства Літоўскага” ўзгадаў раздзел, падрыхтаваны для кнігі “Памяць. Астравецкі раён” Германам Брэгерам, дапоўніўшы яго новымі звесткамі і спасылкамі на першакрыніцы.

Дактарант Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ірэна Багдановіч у дакладзе “Нацыянальныя і духоўныя ідэалы ў літаратурнай творчасці ўраджэнца Астравеччыны паэта і святара Казіміра Сваяка (Канстанціна Стэповіча)” ў чарговы раз звярнулася да асобы свайго, па яе словах, любімага аўтара, веліч постаці якога пакуль не ацэнена нашчадкамі па-сапраўднаму. Ірэна Эрнэстаўна да таго ж прэзентавала кнігу “Валянціна Коўтун. Выбраныя творы”, укладальнікам якой яна з’яўлялася. Як вядома, пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ першым месцам яе працы была Варнянская школа, дзе яна выкладала беларускую мову і літаратуру, – гэта пакінула незабыўны след у творчым і чалавечым лёсе знакамітай беларускай пісьменніцы і паэткі. І – дадам ад сябе – такі ж след яна пакінула ў школе, у яе вучнях і настаўніках.

Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Анастасія Скеп’ян зрабіла цікавае паведамленне пра Паўла Астравецкага і яго двор – “Астравецкая праўда” плануе змясціць яго на старонках газеты.



Загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Вераніка Курцова захапляльна прааналізавала назвы некаторых ягад у гаворках Астравеччыны – і слухачы змаглі даведацца, чым адрозніваюцца нашы п’яніцы ад агульнапрынятых буякоў і дурніц і чаму назва “чорная парэчка” выкарыстоўваецца толькі на Астравеччыне.

Наш зямляк, загадчык сектара захавання фальклорнай спадчыны Інстытута мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Юрый Внуковіч у дакладзе “Лакальна-рэгіянальныя асаблівасці фальклору Астравеччыны ў ХХ-пачатку ХХІ стагоддзя” ўзггадаў нямала цікавых народных вершаў, казак, песень, запісаных у шматлікіх экспедыцыях на Астравеччыне. Яны захоўваюцца ў архівах Інстытута і было б добра – Юрый Іосіфавіч пагадзіўся з гэтай прапановай і паабяцаў дапамагчы ў яе рэалізацыі – расказаць пра гэтыя фальклорныя скарбы шырокаму колу чытачоў.

Гэта варта зрабіць, бо напісанае – застаецца і таксама становіцца гісторыяй. Газета жыве нашмат даўжэй, чым адзін дзень, – гэта пацвердзіла карэспандэнт “Астравецкай праўды” Ніна Рыбік, прывёўшы ў сваім дакладзе “Гісторыя раёна на старонках газеты” цікавыя факты.

Настаўнік гісторыі СШ №2 Астраўца Павел Маркун расказваў, як вялася калектывізацыя на Астравеччыне. А яго калега з Варнянскай СШ Людміла Гродзь і яе вучаніца Лада Тарашкевіч зрабілі сумеснае паведамленне па тэме “Узорнае мястэчка старажытнай Астравеччыны” на прыкладзе сваіх родных Варнян.

Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко падзякаваў гасцям за цікавыя выступленні і выказаў надзею, што падобныя канферэнцыі стануць традыцыйнымі і з дапамогай вучоных мы зможам ліквідаваць тыя белыя плямы, якія яшчэ засталіся ў гісторыі раёна.




А закончылася канферэнцыя на такой жа прыемнай ноце, з якой і пачалася. Генадзь Бычко ўручыў Падзячны ліст раённага выканаўчага камітэта дырэктару Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі Навук Ігару Капылову.



А загадчык сектара культуры райвыканкама Вольга Баяровіч узнагародзіла пераможцаў літаратурнага ан-лайн конкурсу, прысвечанага 555-годдзю Астраўца. Дыпломы і падарункі атрымалі Аляксандр Марозаў, Ксенія Мацкойць, Людміла Кухарэвіч, творы якіх журы прызнала лепшымі ў адпаведных намінацыях.

З першых вуснаў

Ігар Капылоў:

 –Асноўная задача, якая стаіць перад намі ў Год міру і стваральнай працы, – выхаванне патрыятызму. А гэта немагчыма без ведання сваёй гісторыі, мовы, традыцый.

Астравеччына – самабытны край, старажытная зямля, якая была заселена яшчэ ў V-IX стагоддзях нашай эры, ў эпоху мезаліту. Пра гэта сведчаць праведзеныя тут раскопкі. На тэрыторыі раёна размешчаны старажытныя населеныя пункты, першы ўспамін пра якія адносіцца да канца ХІV стагоддзя: Быстрыца, Варняны, Дубнікі, Астравец, Гервяты, Гальчуны. Гэты край заўсёды знаходзіўся ў эпіцэнтры гістарычных падзей, якія ўнеслі важкі ўклад у гісторыю. Астравецкая зямля багатая на знакамітых людзей, імёны якіх вядомы далёка за межамі нашай краіны. Тут унікальныя архітэктура і культавыя пабудовы, роўных якім няма ў Беларусі.

Край ваш унікальны яшчэ і тым, што гэта памежная тэрыторыя, месца кантактаў розных этнасаў, культур, моў. Таму ён надзвычай цікавы для вывучэння мясцовых гаворак, тапанімікі, фальклору, этнаграфічных асаблівасцей.

Спадзяюся, што навукова-практычныя канферэнцыі ў вашым раёне стануць традыцыяй і будуць праходзіць раз у два гады. Па выніках гэтай і наступных канферэнцый будуць выдадзены зборнікі, якія будуць падораны раёну і стануць добрым падспор’ем для вывучэння асаблівасцей астравецкага краю.

Анастасія Скеп’ян:

–Мы ганарымся людзьмі, якія праславілі гэтыя мясціны, пакінулі тут адметны след. Адным з такіх быў Павел Каспаравіч Астравецкі – адзін з рэдактараў другога Статута Вялікага княства Літоўскага, які выпраўляў хібы, знойдзеныя ў першым Статуце.

Ірэна Багдановіч:

–Я рада зноў пабываць, на Астравеччыне, каб у чарговы раз расказаць вам пра майго любімага паэта і святара, незвычайнага чалавека Казіміра Сваяка. Артыкулаў пра яго шмат, у тым ліку і маіх.. Цяпер я працую над манаграфіяй, прысвечанай жыццю і творчасці Казіміра Сваяка.

Узрошчаны праблемамі зямнымі, якія ён у тыя нялёгкія часы падзяляў са сваім народам, ён тачыў нябёсы, адкуль атрымліваў натхненне. Бог і Айчына – галоўныя дамінанты яго паэтычнай творчасці і яго жыцця.

Юрый Унуковіч:

Літоўская, беларуская, польская, руская мовы на Астравеччыне судакраналіся, перапляталіся, узбагачалі адна адну.

Таму фальклорная спадчына тут таксама вельмі багатая. У нашым архіве захоўваюцца дзясяткі тысяч фальклорных запісаў, і па самых сціплых падліках, больш за 5 тысяч фальклорных адзінак – песні, паданні, казкі, замовы, галашэнні, фразеалагізмы – запісаны на Астравеччыне. Да прыкладу, самы першы запіс песні “Дробна драбніца” датуецца 1947 годам і зроблены ён у гэтым краі.

Генадзь Бычко:

Паслухаўшы навукоўцаў, не магу пазбавіцца жадання ўсіх іх пакінуць і яшчэ пагутарыць, абмеркаваць нейкія пытанні. Да прыкладу, песню “Дробна драбніца” чуў у розных інтэрпрэтацыях, яна адна з маіх любімых.

Цікава было паслухаць мясцовых выступоўцаў: Людмілу Аяксандраўну, Ніну Аляксееўну, Паўла Яўгенавіча.

Вельмі хацеў паслухаць даклад па прозвішчах, спадзяюся, яшчэ будзе такая магчымасць.

Сапраўды, Астравецкі рэгіён асаблівы, і гэтыя асаблівасці трэба ведаць. Бо ўсё гэта – наша, роднае!


Текст: Нина Рыбик