Наталля Ярмак – настаўніца і лідар пярвічкі “Белай Русі”

У жыцці настаўніцы Міхалішкаўскай СШ Наталлі Ярмак нядаўна адбылася адметная падзея: яна названа лепшай на раённым этапе конкурсу «Настаўнік года», цяпер рыхтуецца да абласнога. 


Наталля Валянцінаўна ўжо вырашыла, на што зрасходуе салідную суму, выдзеленую ёй як пераможцы, для абсталявання кабінета беларускай мовы і літаратуры: хоча набыць інтэрактыўную панэль, новы камп’ютар, абнавіць стэнды... Смяецца: яшчэ і не хо­піць на ўсе «хацелкі». 

Такія абновы – не самамэта, не паказчык статуснасці і прэстыж­насці, а сучасныя, больш шырокія магчымасці для выха­вання патрыётаў. У тым бачыць сваю асноўную задачу Наталля Ярмак як выкладчык роднай мовы і як лідар пярвічнай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». І раздзяліць гэтыя складнікі яе прафесійнай і грамадскай дзейнасці немагчыма.

Для яе самой паняцці «Радзіма», «Айчына», «матчына мова», «родны край» ніколі не былі пустым гукам. Гэта ўсё – ад матулі, Яніны Іванаўны Сямашкі. Тая прыехала ў Міхалішкі дзіцям разам з маці, удавой франтавіка, са зруйнаванай фашыстамі, галадаючай Гомельшчыны ў пошуках лепшага жыцця. І засталася на ўсё жыццё: закончыла мясцовую школу, выйшла замуж, нарадзіла дваіх сыноў і чацвёра дачок. Усе дзяўчынкі – Галіна, Валянціна, Таццяна – сталі настаўніцамі. Наталля – самая малодшая і прафесію, прызнаецца, выбірала пад уплывам старэйшых сясцёр. Галіна Тумаш і Валянціна Шафарэвіч настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, Таццяна – пачатковых класаў.

– А я сумясціла абодва гэтыя напрамкі, – смяецца Наталля Валянцінаўна. – Спачатку 4 га­ды вучыла пачаткоўцаў, калі вый­шла замуж, два гады хадзіла ў Чэхі з Гервят за 7 кіламетраў пешшу. Потым наша сям'я пераехала ў Міхалішкі і тагачасны дырэктар школы Эдуард Іванавіч Свірыд даверыў мне, хоць я вучылася толькі на трэцім курсе ўніверсітэта, выкладанне роднай мовы і літаратуры. Сёлета спаўняецца 30 гадоў, як я ў прафесіі.

Эдуард Іванавіч даверыў маладой настаўніцы і грамадскую нагрузку: менавіта па яго рэкамендацыі Наталлю Валянцінаўну ў 2007 годзе, калі стваралася пярвічка «Белай Русі» ў Міхалішкаўскай школе, абралі яе старшынёй. З таго дня і да сённяшняга Наталля Ярмак – «беларусістка» ў дзвюх іпастасях. Нават два перапынкі на адпачынак па доглядзе за нованароджанымі дзецьмі не пазбавілі яе гэтага грамадскага абавязку. Святлана Саўко замяняла калегу на гэты час, а з выхадам на работу не без радасці перадавала справы: кіруй! 

Зрэшты, не ў дзвюх іпастасях, а ў трох: першая і галоўная – тая, што ў душы. 

– У нашым доме заўсёды гаварылі на роднай мове, – гаворыць настаўніца. – Калі я ў юнацтве спрабавала «русіць» у тэлефонных размовах з кавалерамі, мама абрывала: «Не ламай свой язык! Гавары нармальна!» «Нармальна» ў нас азначала – па-беларуску.

У «Белай Русі» ёсць статут, дзе прапісаны мэты і задачы гэтай грамадскай арганізацыі. І ўсё ж кожны яе сябар, а тым больш лідар, вызначае іх для сябе сам. Наталля Валянцінаўна пераканана:

«Мы, кожны з нас і ўсе разам, павінны паказаць, што Беларусь – самадастатковая мірная краіна, якая займае годнае месца сярод іншых. І ад кожнага залежыць, наколькі яна будзе спрыяльнай для жыцця, як будзе развівацца». 

Для гэтага вучні і настаўнікі Міхалішкаўскай школы, у тым ліку і пярвічнай арганізацыі «Белая Русь» – немагчыма аддзяліць працу адных ад другіх, вылучыць некага – вельмі шмат робяць.

Асабліва каштоўнай, на мой погляд, з’яўляецца іх паўся­дзён­ная работа па захаванні памяці і пера­емнасці пака­ленняў. Адна з акцый «Белай Русі» – «Чырвоная зорка героя», калі на магілах памерлых у мірны час герояў вайны актывісты грамадскай арга­нізацыі наводзяць парадак і потым прымацоўваюць рубі­навую зорку. Дзякуючы «бела­­русістам» Міхалішкаўскай школы такая нядаўна з’явілася на магіле былога настаўніка, ветэрана вайны Аляксандра Кораня.


– Лічу, што зоркі героя заслугоўвае пахаванне яшчэ аднаго нашага настаўніка-ветэрана, стваральніка школьнага музея, аднаго з суаўтараў раённай кнігі «Памяць» Міхаіла Андрэевіча Кляцоўскага. Жонка яго, таксама былая настаўніца Альфрэда Станіславаўна, ужо ў вельмі сталым узросце, дзеці жывуць у Літве і прыязджаюць рэдка. Школьнікі даглядаюць яго магілу, але зорка героя была б годнай ацэнкай заслуг Міхаіла Андрэевіча. Мяркую, што гэта абавязкова адбудзецца, – гаворыць Наталля Валянцінаўна.

Даглядаюць вучні і настаўнікі Міхалішкаўскай школы і іншыя пахаванні былых настаўнікаў, да якіх па розных прычынах не даязджаюць дзеці і ўнукі – да прыкладу Яўгенія Міхайлавіча Порхача. Праведваюць, віншуюць са святамі настаўнікаў-ветэранаў, які знаходзяцца на заслужаным адпачынку.

– Увогуле, догляд за ўсімі помнікамі, што ёсць на тэрыторыі Міхалішкаўскага сельсавета, даўно стаў справай і абавязкам школьнікаў і настаўнікаў, – гаворыць Наталля Ярмак. – Я заўважыла: пасля таго, як дзеці прымуць удзел у падобнай акцыі, яны інакш успрымаюць расповеды пра вайну, з іншымі вачыма заходзяць у школьны музей.

Члены міхалішкаўскай школьнай пярвічкі «Белай Русі» прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх акцыях, якія праводзіць гэтая грамадская арганізацыя: збіраюць дзяцей у школу, дапамагаюць мнагадзетным і маламаёмным, у мінулым годзе ў супольнасці з іншымі ўстановамі, арганізацыямі і грамадскімі арганізацыямі Міхалішак садзілі сямейную алею памяці.

Так, робяць яны шмат. Але маюць звычку, не магу вырашыць, добрую ці дрэнную: не ўмеюць паказаць сваю справу. 

Нехта лічыць, што так рабіць нельга, што трэба ўмець піярыцца. Мне ж падобная пазіцыя імпануе: значыць, робяць не на паказ, не для справаздачнасці, а для справы.

І гэта – самае каштоўнае.

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик, Марина Гавдурович