Наталля Тамашэўская: «Астравец стаў родным домам»
– Мы з Наваполацка, у Астравец пераехалі ў студзені 2022 года. Вядома, першая асацыяцыя з гэтым горадам была звязана з Беларускай атамнай электрастанцыяй – пра галоўны стратэгічны аб’ект нашай краіны, напэўна, мала хто не чуў. Спачатку муж уладкаваўся на работу на АЭС, а калі атрымаў кватэру, мы з дзецьмі перабраліся сюды.
Пасля з’яўлення думкі пра пераезд сталі цікавіцца Астраўцом, распытвалі знаёмых, якія жылі і працавалі тут. Нам расказвалі, што горад малады, актыўна будуецца і развіваецца. Адзначалі, што ў ім прыгожыя дамы – не панэльныя, а больш сучасныя, з асаблівай атмасферай і зручнай планіроўкай.
Спачатку было нязвыкла. Пасля Наваполацка, 100-тысячніка па колькасці жыхароў, дзе, вядома, у любы час сустрэнеш шмат людзей, вуліцы Астраўца былі пустымі. Адразу кідалася ў вочы тое, што тут у разы менш аўтамабіляў. Здзівіла і адсутнасць прафесійных вучэбных устаноў – з-за гэтага гораду не хапае моладзі. Прывыкла, што ў Наваполацку, дзе ёсць універсітэт, у якім я працавала, шмат студэнтаў, у тым ліку замежных. А ў Астраўцы – дзеці – і потым адразу працоўная моладзь.
Цяжка першапачаткова было зразумець, чаму на вуліцах столькі прыпынкаў, але рэдка ходзяць аўтобусы. Аднак недахопам гэта не стала: з улікам таго, што горад невялікі, мы паспяхова дабіраемся да неабходнай кропкі на веласіпедах.
За два з паловай гады Астравец стаў для мяне домам. Не адразу, але зразумела плюсы горада: ціхі, бяспечны. Тут не страшна адпусціць дзяцей гуляць; пакінутыя ў дварах веласіпеды ці цацкі ніхто не ўкрадзе. Таксама мне падабаецца, што мясцовыя людзі вельмі ветлівыя. А яшчэ радуе наяўнасць веладарожак – як аматар веласіпедных шпацыроў не магу не ацаніць гэта.
Наша сям’я жыве ў новым мікрараёне, дзе чыста і прыгожа, дзе абуладкаваныя дворыкі. У горадзе ёсць усё для развіцця дзяцей: садкі і школы, спартыўныя секцыі, гурткі па інтарэсах. Пры нас будавалася лядовая пляцоўка – адно з месцаў для прыемнага адпачынку.
Сям’ёй любім па вечарах гуляць па вуліцах Астраўца, калі-нікалі выязджаць на веласіпедах за трэці мікрараён – туды, дзе растуць магутныя дубы. Там, на полі, можам арганізаваць міні-пікнік – так адпачываем і зараджаемся энергіяй.
