Нашы зямлячкі атрымалі ўзнагароды

Ужо стала традыцыяй у абласным савеце жанчын напярэдадні 8-га Сакавіка адзначаць лепшых жанчын вобласці, які дасягнулі асаблівых поспехаў у той ці іншай галіне. Прыемна, што сёлета сярод узнагароджаных – дзве нашы зямлячкі: Ірына Ігараўна Стэх, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, і Іаланта Францаўна Валуевіч, бібліятэкар Спондаўскай бібліятэкі.
Ірына Ігараўна дыпломам абласнога савета жанчын, а таксама статуэткай Еўфрасінні Полацкай і падарункам была адзначана ў намінацыі “За дабрачыннасць і міласэрнасць”. Сапраўды, апошні год валанцёрскі атрад “Прамень”, які створаны пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і якім кіруе Ірына Ігараўна, запісаў на свой рахунак шмат добрых спраў. Сярод іх – падтрымка інвалідаў і адзінокіх, акцыя “Нашы дзеці”, падчас якой была аказана дапамога бацькам анкалагічна хворых дзяцей.


Іаланта Францаўна Валуевіч атрымала ўзнагароды, якія, дарэчы, уручыла старшыня абласнога савета жанчын, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марыя Міхайлаўна Бірукова, у намінацыі “За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне”. Гэтая ўзнагарода вянчае тую вялікую работу, якую праводзіць Іаланта Францаўна, нястомная краязнаўца і руплівіца на ніве культуры, па адраджэнню духоўнай спадчыны Спондаўскага краю. Нагадаем: яна стварыла некалькі цікавых кніжак – “Як называць цябе, родны мой куточак”, «Матуліна мова жыве ў родным краі». Апошняя ў іх ліку – “Усе яго дарогі вялі да алтара”, прысвечаная памяці слыннага земляка Казіміра Сваяка.
Віншуем нашых зямлячак з дастойнай і заслужанай узнагародай і жадаем далейшага плёну ў іх такой патрэбнай працы.


Ніна АЛЯКСЕЕВА