Нашай зямлячцы Гелене Дрэме ордэн Пашаны ўручыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка

На ўрачыстай цырымоніі ў Палацы Незалежнасці лепшыя працаўнікі аграпрамысловага комплексу краіны напярэдадні прафесійнага свята дзяржаўныя ўзнагароды атрымалі ад Прэзідэнта Беларусі.


Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэн Пашаны жывёлаводу малочна-таварнага комплексу “Германішкі” КСУП “Гудагай” Гелене Дрэме. Зямлячка падзялілася ўражаннямі ад урачыстасці з удзелам лідара нашай краіны.


– Эмоцыі перапаўняюць і цяпер. Складана словамі перадаць хваляванне і радасць, якія адчуваю. Да афіцыйнай часткі ўзнагароджвання для нас правялі азнаямляльную экскурсію па Палацы Незалежнасці. Маштабы і інтэр’ер гэтага знакавага збудавання проста ўражваюць, – расказала гераіня. – Для мяне вялікі гонар прадстаўляць нашу гаспадарку і раён на такім свяце, дзе прысутнічаў сам Прэзідэнт. Аляксандр Рыгоравіч у сваім выступленні зазначыў, што нялёгкую вясковую працу лічыць самай важнай і святой на зямлі, а таксама падкрэсліў, што сённяшнія дзяржаўныя ўзнагароды намі цалкам заслужаныя. Прызнацца, было вельмі хвалююча атрымаць з рук Прэзідэнта краіны ордэн Пашаны. У гэты момант гордасць перапаўняла мяне і за нашых людзей, і за сельскую гаспадарку, і за ўсю Беларусь.

Віншуем Гелену Браніславаўну з заслужанай узнагародай!


Фота з архіва гераіні

Текст: Алёна Ганулич