"Наша доктарка": як працуецца медработнікам на сяле

Звычайна, як толькі чалавек адчуў недамаганне, ён звяртаецца ў бальніцу да ўрачоў. У сельскіх жыхароў не заўсёды ёсць магчымасць дабрацца да Астраўца – і тады яны звяртаюцца на ФАПы. І многія жыхары лічаць сваіх фельчараў самымі лепшымі дактарамі. У вёсцы іх так і называюць “наша доктарка”, бо найчасцей ФАПамі загадваюць жанчыны.
А як працуецца медыцынскім работнікам на сяле? Пра гэта напярэдадні Дня медработніка наша размова з загадчыцамі ФАПаў у Спондах – Ганнай Адольфаўнай Васілеўскай і ў Рытані – Станіславай Юзэфаўнай Хаткевіч.


– Для пачатку раскажыце пра сябе.



Ганна Адольфаўна:
Пасля заканчэння Полацкага медыцынскага вучылішча размеркавалася на Астравеччыну. А тут мне на выбар прапанавалі ФАПы ў Гудагаі, Вароне і Спондах. Доўга разважаць не прыйшлося – як толькі пачула назву «Спонды», адразу ж вырашыла ехаць туды – там жыла мама. Вось так з 1985 года і працую на Спондаўскім ФАПе.




Станіслава Юзэфаўна:
Што ж расказваць? На той час вясковыя дзяўчаты паступалі або ў “пед”, або ў “мед”. Вось і я ў медыцынскае вучылішча падалася – за кампанію. А перад размеркаваннем да нас у Слонім прыехаў Валянцін Аляксандравіч Ражко і запрасіў на Астравеччыну. Прыехалі мы сюды ўчатырох, а засталася я адна. Магчыма, таксама збегла б, але выйшла замуж за мясцовага хлопца – і цяпер не ўяўляю свайго жыцця без роднай Рытані.
– Цяжкасці ў першыя гады працы былі?
Ганна Адольфаўна:
Асаблівых не было. Мабыць, таму, што на Спондаўшчыне прайшло маё дзяцінства, тут я хадзіла ў школу, мяне ўсе ведалі, і я таксама ведала людзей.
Адзінае – нязручна было дабірацца да Астраўца. Аўтобус ішоў у Астравец раніцай, а назад – вечарам.
Станіслава Юзэфаўна: Ніякіх выгод, якія нам абяцалі, у Рытані не было. Праз некалькі дзён пасля майго прыезду быў забор крыві – прыехала я ў вёску ў туфліках на абцасах, а назад вярталася без абцасаў. Вось тады прыйшло ўсведамленне, куды трапіла.
Але я была гатова да таго, што жыць і працаваць мне давядзецца ў вёсцы. Таму вельмі хутка прывыкла і да новага месца, і да людзей. А людзі ў Рытані вельмі добрыя, і ніколі ніякіх цяжкасцей не ўзнікала.
– Ваш участак вялікі? Як паспяваеце ўсё зрабіць?
Ганна Адольфаўна:
Участак вялікі – наш ФАП абслугоўвае 780 чалавек. Ці цяжка? У кожнай рабоце ёсць свае плюсы і мінусы. Але калі адказна адносішся да справы, калі ведаеш кожную сям’ю, працаваць лягчэй. Ды і цяпер амаль у кожнага ёсць тэлефон, калі не хатні, то мабільны – сувязь наладзіць з людзьмі значна прасцей.
За 25 гадоў дзеці, якіх я патраніравала, ужо выраслі, паспелі стварыць сем’і і нарадзіць сваіх дзяцей. Так што ў нейкім сэнсе я – іх бабуля.
А як паспяваю? Гэта ўжо прывычка. Купіла скутэр – летам аб’язджаю сем’і на ім. Зімой – як давядзецца. Увагу трэба ўдзяліць кожнаму: і нованароджаным – іх у мяне 8, і цяжарным, якіх шэсць – і гэта вельмі радуе. А што гаварыць пра сацыяльна-небяспечныя сем’і? Да іх жа таксама трэба адносіцца з душой, з разуменнем, з дапамогай – тады і яны стараюцца выправіцца.
Станіслава Юзэфаўна: У першыя гады маёй працы на ўчастку было 900 чалавек, цяпер – 500. Шмат гэта ці не – мяркуйце самі. Да самай дальняй вёскі Літвяны дзесьці 6 кіламетраў – не так і далёка.
Як дабіраюся? Як прыйдзецца – калі пешшу, калі на веласіпедзе – карысна для здароўя. Бывае, што на спадарожнай машыне, а бывае, што і мужа прыходзіцца папрасіць.
Калі дзеці былі маленькімі, з імі дапамагала свякроў. Ды сям’я заўсёды разумела, што я – медработнік, і мне трэба дапамагаць людзям.
– Успомніце самую цяжкую сітуацыю, з якой за гады працы прыйшлося сутыкнуцца.
Ганна Адольфаўна:
Адбылося гэта 10 гадоў назад, якраз у нядзелю. Лета, спёка, усе адпачываюць... І тут чую голас суседкі: “Ратуй! Унучка памірае!”. А той дзяўчынцы толькі паўтара месяца – маладая мама прывезла да бабулі на лета адпачыць, і дзіця атруцілася малаком. Што рабіць? Дачку адправіла выклікаць “хуткую дапамогу”, а сама пабегла да суседкі. Бачу, што пакуль “хуткая” прыедзе, будзе позна – не выратуем дзіця. Кінулася да возера, там людзі адпачывалі з машынай, папрасіла падвезці ў бальніцу – адразу згадзіліся. Па дарозе мы сустрэліся з машынай “хуткай дапамогі”. Пераселі ў яе, дзіця завезлі ў Астравец, палажылі ў рэанімацыю. Дзяўчынка выжыла – ёй ужо дзесяць гадоў.
Станіслава Юзэфаўна: У першыя гады працы было ўсялякае: і цяжкія роды, і хранічныя хворыя, і сардэчныя прыступы. Усё здавалася складаным. Да таго ж да Астраўца тады было 60 кіламетраў – і пакуль “хуткая” даедзе, здарыцца магло ўсё. Цяпер прасцей. Па новай дарозе – 30 кіламетраў, ды і ў Кямелішках амбулаторыя ёсць.
– Вы любіце сваю работу?
Ганна Адольфаўна:
Як жа яе не любіць? Гэта маё жыццё. Мне было дзесяць гадоў, калі памёр тата. Тады я вырашыла, што абавязкова стану доктарам і буду дапамагаць людзям. Стаць урачом не атрымалася, а вось дапамагчы людзям стараюся заўсёды. Якое б надвор’е ні было, дзе б ні знаходзіўся хворы, і ў які б час сутак да мяне ні звярнуліся...
Я не магу ўявіць сябе настаўнікам ці некім іншым. Дарэчы, мая дачка Аксана таксама звязала сваё жыццё з медыцынай – закончыла медыцынскі каледж, вучыцца ва ўніверсітэце. Калі б я не любіла сваю работу, хіба яна пайшла б па маіх слядах?
Станіслава Юзэфаўна: Канешне, люблю! Тут усё роднае. Усё сваё. Люблю людзей, з якімі жыву, якія за 31 год працы ўжо сталі роднымі. І вельмі шкадую, што хутка прыйдзецца ісці на пенсію. Разумею, што прыйдзе іншы фельчар, які таксама будзе старанна выконваць свае абавязкі, але так не хочацца пакідаць сваіх...
– Напярэдадні Дня медыцынскага работніка якія пажаданні вы хацелі б адрасаваць сваім калегам?
Ганна Адольфаўна:
Здароўя. Радуйцеся кожнаму пражытаму дню, часцей усміхайцеся адзін аднаму, дарыце ласкавыя словы і ніколі не трымайце крыўды на людзей.
А сваім пацыентам, асабліва старэйшым людзям, хачу параіць менш працаваць, а больш глядзець сябе і адпачываць.
Станіслава Юзэфаўна: Каб свята было без выклікаў і надзвычайных сітуацый. Каб склалася сямейнае жыццё, і дома, і на рабоце былі толькі добрыя адносіны і ўзаемапаразуменне.


Алена ЯРАШЭВІЧ.