Нас и в Швейцарии знают!

Папулярнасць  ветэранскага клуба “Актыўнае даўгалецце” ужо перасягнула межы раёна. А дзякуючы супрацоўніцтву з раённай, абласной і рэспубліканскай структурамі Таварыства Чырвонага Крыжа пра яго цяпер ведаюць нават за мяжой.


Пазнаёміцца з  дзейнасцю і актывам клуба прыязджала кансультант Швейцарскага Чырвонага Крыжа Раіса Уладзіміраўна Сінельнікава. У яе функцыі ўваходзіць абследаванне сацыяльнага стану пажылых людзей у краінах былога СССР, і да нас Раіса Уладзіміраўна завітала, вяртаючыся з Грузіі. Таму  чарговае пасяджэнне пачалося расповедам госці аб даволі няпростым жыцці пенсіянераў у гэтай краіне. А прадоўжылася ўспамінамі аб ліхіх часах Вялікай Айчыннай.  Тэма для размовы ўзнікла сама па сабе – сярод заўсёднікаў клуба ёсць дзеці вайны і першых мірных гадоў, вязні фашысцкай няволі. А 70-годдзе Вялікай Перамогі – свята ўсенароднае,  асабліва дарагое для старэйшых пакаленняў.


І пацяклі ўспаміны-згадкі… Данута Францаўна Чарнушэвіч яскрава ўявіла, як яе маці бяжыць наўздагон вайсковаму абозу, які забраў для сваіх патрэб коніка – адзінага кармільца вясковай сям’і з малымі дзеткамі. Камандзір злітаваўся з беднай жанчыны і аддаў ёй худога,  кульгавага каняку, які ўжо не мог цягнуць воз з параненымі. Жанчына забрала жывёліну дадому, падлячыла, адкарміла,  і конік, як мог,  некалькі ваенных гадоў выручаў салдацкую сям’ю. А яшчэ маці расказвала, што ў сорак першым непадалёк ад вёскі стаялі чэхі. Хоць яны і ваявалі на баку немцаў, аднак тутэйшых людзей не крыўдзілі, нават стараліся памагчы  сем’ям, дзе не было мужчын, і ўся цяжкая праца па гаспадарцы ляжала на жаночых і  дзіцячых плячах…


А Любові Аляксееўне Падалянчык, якая сустрэла вайну пяцігадовай дзяўчынкай, успомнілася, як акупанты лютавалі на яе радзіме, у Чавускім раёне Магілёўшчыны: абчышчалі вёскі дашчэнту, забіралі прадукты, лепшую вопратку. Але і сярод іх знаходзіліся спагадлівыя – падкормлівалі дзяцей з салдацкай кухні, часам нават цукеркамі частавалі…  Аднак найбольш  запомнілася страшнае – як мусілі хавацца ад фашыстаў па лясах, уцякаць з родных мясцін… І такія горкія ўспаміны дагэтуль застаюцца, пякучым болем аддаюцца ў сэрцах дзяцей вайны.


Многае магла б расказаць Ніна Адамаўна Маргуж, у вайну – малалетняя  нявольніца фашысцкага канцлагера. Але яна скіравала плынь балючых згадак у іншае – паэтычнае – рэчышча: прачытала свой любімы верш паэтэсы Юліі Друнінай “Зінка”. І  настрой у  ветэранскай кампаніі  адразу змяніўся. Тым больш, што музыка быў на месцы – самадзейны кампазітар Аляксандр Якіменка. Ён прадставіў на суд прысутных сваю новую песню на словы астравецкай паэтэсы Святланы Бацюлевай “Ветэраны”. Песня спадабалася і выклікала дружныя апладысменты. Вельмі прыхільна сустрэлі заўсёднікі клубу і аматарку аўтарскай песні Людмілу Іванаўну Кухарэвіч з яе кранаючым, пранікнёным, прыгожым вальсам для ветэранаў. А Капіталіне Цімафееўне Пятроўскай нават паспрабавалі падпяваць, калі яна задорна завяла франтавую “На солнечной поляночке”. Такую песенную класіку людзі старэйшага пакалення любяць і ведаюць.


Некалькі эпізодаў свайго ваеннага дзяцінства ўзгадала і  Наталля Пятроўна Зубенка, але палічыла за лепшае “салаўя байкамі не карміць”, а пачаставаць сяброў нечым больш канкрэтным. Прызнаюся шчыра: ні за што не здагадалася б, якой такой залаціста-жоўтай смакатой частуюся, калі б Наталля Пятроўна не выдала “сакрэт”: гэта цукаты са звычайных гарбузоў. А я ж толькі гарбузовую кашу і ўмею гатаваць! Сорам…  Талерка з цукатамі апусцела ў момант.


Ну і, канешне, не абышлося без традыцыйнай фізкультхвілінкі, якую з ахвотай правяла Галіна Архіпаўна Вайцяхоўская. Мы з імпэтам патузалі сябе за мочкі вушэй, памасіравалі шыі і галовы, паварушылі рукамі і аднымі пальцамі, выканалі дыхальныя практыкаванні. І – нібыта дзясятак гадоў з плячэй далоў! Наша госця была проста ў захапленні. І мы – таксама!


-----------------------------


Таіса СЯМЁНАВА.


Фото с сайта belta.by.