Нарушители правил дорожного движения будут наказаны

Верасень з першага дня, дакладней, з вечара, пачаў апраўдваць сваю характарыстыку як аднаго з найбольш трагічных месяцаў у годзе. Недарэмна на Гродзеншчыне яго называюць “чорным”. За першую дэкаду на дарогах рэгіёна ўжо загінулі чатыры чалавекі, двое з якіх – нецвярозыя пешаходы.
З надыходам восені многае мяняецца. Вярнуліся пасля водпускаў адпачываючыя, дзеці пайшлі ў школу – і інтэнсіўнасць руху на дарогах павялічылася.

Разам з тым восень – гарачы час збору ўраджаю і нарыхтовак на зіму. Людзі да позняга вечара затрымліваюцца ў лесе ці на дачах. А цямнее з кожным днём усё раней, часта ідуць дажджы і апускаецца туман. Гэтыя і іншыя абставіны, якія ўзнікаюць з надыходам восені, накладваць свой адбітак на стан дарожнай бяспекі. Кожны паасобку і ўсе разам яны абвастраюць праблему аварыйнасці на дарогах, якая восенню набывае іншы характар, чым летам ці зімой.
Каб у гэты і наступным месяцы выратаваць як мага больш людзей ад трагедый на дарогах, супрацоўнікі ДАІ працягваюць старанна сачыць за сітуацыяй на дарогах і караць парушальнікаў правілаў дарожнага руху. Завяршыўся час напамінаў аб неабходнасці прышпільвацца пасажырам на заднім сядзенні. Панясе заслужанае пакаранне кожны пешаход ці веласіпедыст, які не абазначыць сябе ў цёмны час сутак святлоадбівальным элементам. Такі ўдзельнік дарожнага руху падвяргае небяспецы сваё жыццё і ставіць у незайздроснае становішча вадзіцеляў аўтатранспарту. Яшчэ большыя штрафы чакаюць п’яных пешаходаў, стан якіх перашкаджае правільна ўспрымаць сітуацыю, рэагаваць на яе і весці сябе адэкватна. Некаторыя дапіваюцца да таго, што не могуць стаяць на нагах і выпаўзаюць на дарогу на каленях. Ад такіх «пешаходаў» наогул можна чакаць, чаго заўгод. Таму вадзіцелям заўсёды і ўсюды трэба быць вельмі ўважлівымі.


--------------------------------------------------
У. АЛЕКСАНДРОВІЧ, начальнік ДАІ.


Фота з сайта x-trail-spb.ru.