Напярэдадні Дня работнікаў культуры астраўчане атрымалі ўзнагароды

Напярэдадні Дня работнікаў культуры ў Гродне сабралі лепшых прадстаўнікоў гэтай галіны. На ўрачыстасць былі запрошаны і астраўчане.
Як расказалі нашы землякі, у гэтым годзе святочны прыём праходзіў у новым фармаце: па-першае, работнікаў культуры віталі ў галерэі Тызенгаўза; па-другое, мерапрыемства мела камерны характар.
Віншавалі іх старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Лісковіч, старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Дзяніс Малевіч.
Падчас цырымоніі былі ўручаны грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь дырэктару Астравецкай раённай бібліятэкі Наталлі Ачарэтавай, грамата абласнога Савета дэпутатаў загадчыку Рымдзюнскага сельскага клуба-бібліятэкі Наталіі Недалтоўскай, Ганаровая грамата ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама акампаніятару Кямелішкаўскага сельскага клуба Сяргею Дзям’янчыку.
– Было вельмі хвалюча – не кожны ж дзень губернатар уручае табе ўзнагароду, – падзялілася Наталія Недалтоўская. – Але, трэба адзначыць, што для кожнага Уладзімір Сцяпанавіч знаходзіў адметныя словы віншаванняў, і гэта, безумоўна, прыемна. Асабліва спадабалася музычная суправаджэнне на скрыпках.
– Усе мы былі ўражаны святочнай цырымоніяй! Для нас стварылі вельмі цёплую атмасферу, цудоўныя эмоцыі мы атрымалі ад канцэрта арганнай музыкі, – дадала Наталля Ачарэтава.
– Прыём стаў самым цікавым у маім прафесійным жыцці. Усё было прыгожа: і ўзнагароджанне, і экскурсія па галерэі! Гэты дзень атрымаўся па-сапраўднаму святочным, – падзяліўся Сяргей Дзям’янчык.


