Напоминаем правила заготовки берёзового сока
Непрывычна марудна вызваляецца сёлета з ледзяных абдымкаў прырода, але там, у яе чэраве ўжо пачынаюць брадзіць жыццёвыя сокі. І вось-вось заплачуць светлымі слязьмі бярозы…І таму не лішнім будзе ў чарговы раз нагадаць правілы нарыхтоўкі бярозавага соку.
У адпаведнасці з нарматыўна-прававымі актамі нарыхтоўваць сок можна толькі ў пасадках, прызначаных для высечкі галоўнага карыстання, але не раней чым за 5 гадоў да іх высечкі. Нарыхтоўка бярозавага соку можа таксама праводзіцца на ўчастках, адведзеных для правядзення іншых высечак і высечак прамежкавага карыстання ў год высечкі, з дрэў, прызначаных на высечку.
Грамадзяне маюць права бясплатна нарыхтоўваць драўнінныя сокі на ўчастках лесу, вызначаных для гэтага юрыдычнай асобай, якая вядзе лясную гаспадарку. Для атрымання інфармацыі аб тым, дзе можна нарыхтоўваць сок, грамадзянін павінен звярнуцца ў лясніцтва па месцы жыхарства. Да таго ж лясгасы павінны ў грамадскіх месцах вывешваць аб’явы з указаннем месцаў, дзе можна нарыхтоўваць сок.
Нарыхтоўка драўнінных сокаў забараняецца ў гарадскіх, курортных лясах і лесапаркавых частках зялёных зон; на прыбярэжных палосах рэк, вадасховішчаў і іншых водных аб’ектаў; на палосах адводу чыгуначных і аўтамабільных дарог, іншых транспартных і камунікацыйных ліній; у населеных пунктах; у месцах росту раслін і пражывання жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь; вакол гісторыка-культурных запаведнікаў і археалагічных помнікаў; на тэрыторыі дамоў адпачынку і ўстаноў аховы здароўя; у месцах масавага адпачынку насельніцтва.
Да вінаватых у парушэнні заканадаўства будуць прымяняцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння.
Карыстаючыся дарамі прыроды, памятайце, што іх запасы не бясконцыя.
----------------------------------------------------
Сяргей ХАЦЯНОВІЧ,
Начальнік Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Анатоль ЦЭЙКА,
Начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Фота з сайта kraj.by.