Над Островетчиной пронеслась стихия
У панядзелак быў цудоўны вечар: жаданая прахалода пасля спякотнага дня ахутала горад. Як шалёныя, стракацелі ў траве конікі, павяваў лёгкі ветрык… Недзе ўдалечыні паблісквалі зарніцы далёкай навальніцы. Ах, як рамантычна…
…Было – да таго часу, пакуль далёкая навальніца не стала блізкай і не абрынулася на наваколле з усёй сілай непадуладнай чалавеку стыхіі.
Ноччу многім жыхарам Астраўца і вёсак было не да сну. А ранкам давялося падлічваць страты.
Пакуль што вынікі наступстваў стыхіі высвятляюцца, удакладняюцца і ліквідуюцца.
Аб наступствах навальніцы і бурану, якія абрынуліся на Астравеччыну познім вечарам у панядзелак, у аўторак раніцай мы папрасілі расказаць начальніка раённага аддзела па надзвычайных справах Генадзія Іванавіча Калтана:
– Стыхія, якая абрынулася на горад, нарабіла нямала бяды. Трывожныя званкі працягваюць паступаць таму аб поўных аб’ёмах яе наступстваў пакуль гаварыць рана. Магу адзначыць некаторыя.
У вёсцы Керплашына дрэвы паваліліся на два дамы і нанеслі будынкам сур’ёзныя пашкоджанні. Шмат завалаў у лясах – там зараз працуюць на іх разборы рабочыя лясніцтваў. Адразу пасля навальніцы выратавальнікі выязджалі на ачыстку дарогі паміж Астраўцом і Гудагаем. Па вуліцы Лугавой у Астраўцы раскрыла дах і частку яго занесла на лінію электраперадач – сумесна з работнікамі РЭС мы ліквідавалі пашкоджанне. Па раёне было зафіксавана шмат адключэнняў электраэнергіі.
Гэта калі гаварыць у агульным. Аднак, паўтаруся, больш дакладныя звесткі аб усіх наступствах стыхіі будуць вядомы пазней. Пакуль жа работы ў нас хапае.
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.


