Начался Великий пост

У адпаведнасці  з календаром мы ўваходзім у час падрыхтоўкі да галоўнай урачыстасці хрысціянства – Вялікадня.

Сёння Каталіцкі касцёл распачынае Вялікі пост. Як заўсёды – з Папяльцовай серады. З дня, які мы сустракаем з душэўнай скрухай. Менавіта ў сераду святар пасыпае нашы галовы попелам, прамаўляючы: “Памятай: з праху выйшаў – прахам станеш”. Пасыпанне галоў попелам, які атрымліваюць ад спалення асвечаных у Пальмавую нядзелю папярэдняга года вербачак, – гэта старажытнае знешняе выражэнне ўнутранага пакаяння. Зрэшты, увесь час Вялікага посту з’яўляецца перыядам пакаяння, якое выражаецца ў галоўных
учынках хрысціяніна – малітве, посце і міласціне. Пад постам разумеюць і абмежаванне ўдзелу ў забаўляльных відовішчах, у ежы, а тым больш – ва ўжыванні моцных напояў.
Вялікі пост працягваецца 40 дзён – у Бібліі менавіта гэты тэрмін вызначаны для ачышчэння душы верніка. Для ўсведамлення чалавекам уласнай недасканаласці. Для шчырага жадання змяніцца, стаць бліжэй да Бога.
Малітва, духоўныя разважанні, добрыя справы, абмежаванне патрэб уласнага цела, каб душа мела шанс распраміцца, падрасці – такім павінен быць пост хрысціяніна-католіка.


Фота Карнэлія КОНСЭКА.