На якой машыне часу адпраўляецца ў мінулае Рэгіна Замара
Для мяне гэта дзіцячы стульчык. З выгляду – самы звычайны: драўляны, беленькі, ён стаіць каля скрынкі з цацкамі. Паглядзіш – і не скажаш, што яму ўжо больш за паўсотню гадоў.
Мне ён дастаўся ад старэйшай стрыечнай сястры Ірыны. Колькі сябе памятаю – гадоў да сямі расла ў бабулі, – гэты стульчык служыў мне верай і праўдай. На ім я малявала свае першыя «шэдэўры». На ім сядзелі мае слухачы – лялькі, якім я давала канцэрты. Ён быў сталом, на якім я гатавала стравы з пяску. Стульчык ператвараўся то ў поезд, то ў зямлянку, у якой хаваўся заяц-партызан…
Хутка ў гульнях мне стала дапамагаць малодшая сястрычка Таня. І неўзабаве стульчык перайшоў у яе валоданне.
У той час з Польшчы вазілі жавальныя гумкі з наклейкамі «Дональд Дак» – зразумела ж, стульчык стаў выставачнай залай: быў абклеены імі зверху да нізу.
Я падрасла, прыязджала ў вёску як на дачу – бабулі ўжо не стала. І стульчык зноў быў запатрабаваны: трэба стаць, каб дастаць нешта, выцерці пыл на верхняй паліцы, прысесці, каб абабраць бульбу. Наш дзіцячы стульчык быў усім патрэбен: тата любіў пасядзець на ім каля печкі, пазіраючы на агонь, і, як ён казаў, пагрэць косці. Мама ставіла на яго кошык з вязаннем, калі бралася за рукадзелле. Нават каты ацанілі яго зручнасць: любілі паляжаць!
Стульчык увесь час мяняў колер: станавіўся то блакітным, то зялёным, то зноў белым. Але па-ранейшаму служыў нам.
Час ляціць хутка. І вось ужо мая маленькая дачушка шукае: «А дзе мая стулька?» З пакоя чуецца сапенне – значыць, прапажа знайшлася.
Услед за Алесяй свае правы на стульчык стала прад'яўляць мая пляменніца Даша. І нічога, што ёй толькі паўтара гадкі. Сядзець на ім нецікава – крэкчучы, стараецца ўзабрацца наверх. Не атрымліваецца… А калі перавярнуць? Дзеці пазнаюць свет…
І ўпрыгожваюць стульчык! Колішнія «Дональд Дак» змянілі модныя наклейкі з новых жуек – Love is. Даша іх клеіла – а Кірыл здзіраў. Новы ўладальнік стульчыка не прымаў ніякіх дзявочых упрыгожванняў – кветачак, сэрцайкаў. Трансформеры, робаты, дыназаўры – вось гэта сапраўдная прыгажосць!
Мінуў яшчэ год-другі – і стульчык даведаўся, што значыць быць ва ўласнасці мужчыны, хай сабе і маленькага: на нечым жа яму трэба апрабаваць адвёртку, малаток… Ды і малодшая сястрычка Кірыла, Паліна, таксама «дзяўчынка з характарам», брату ва ўсім першая памочніца. Пагоні, скачкі… Няма каня – стульчык у дапамогу!
Стульчык старэў, рыпеў… Але трымаўся! У некаторых месцах з'явіліся дадатковыя ўмацаванні. Ды як інакш: сямёра дзяцей вырасціў, падтрымліваючы іх, дапамагаючы, аберагаючы…
Для мяне гэты звычайны драўляны дзіцячы стульчык – уласная машына часу. Гляджу на яго – і ўспамінаю дзяцінства, бабулю, маму з татам, сястрычку, дачушку, пляменнікаў…
…Няма ўжо бацькоў. Апусцеў родны дом. Закрываючы яго, забрала свой дзіцячы стульчык. Пачысціла, у чарговы раз пафарбавала, упрыгожыла. Пахарашэў ён, памаладзеў! Стаіць каля скрынкі з цацкамі, чакае…
А вось і Ульянка бяжыць да дзеда з бабуляй! Восьмая гаспадыня стульчыка!
Жыццё працягваецца…
Рэгіна ЗАМАРА, в. Лазоўка.
