На вяселлі, да і пасля яго – заўважынкі Ніны Рыбік

Нявеста – у белым, я – у прыгожым
Часта людзі ў грамадскіх месцах гучна абмяркоўваюць надзённыя справы, праблемы, расказваюць пра навіны – уласныя і чужыя, мала клапоцячыся, што іх чуе, таго не жадаючы, мноства людзей.
Вось і я аднойчы, едучы ў электрычцы, стала міжвольнай сведкай абмеркавання чужога вяселля. Адна каляжанка гучна, на ўвесь вагон, расказвала другой пра тое, як гуляла на вяселлі ў трэцяй – тая дачку замуж аддавала. Усё было даложана ў падрабязнасцях: колькі гасцей было, адкуль музыканты, чым кармілі, хто ў якіх уборах з’явіўся на ўрачыстасць…
–У мяне такая шыкоўная сукенка была! – хваліцца суседцы вясельная госця. – Спецыяльна ў Мінску ў салоне брала. Хочаш, пакажу?
Не чакаючы адказу – як жа можна такога не хацець?! – яна ўключыла смартфон і стала гартаць галерэю фотаздымкаў. – Во, бачыш? – падсунула яна экран пад нос суседцы, у якой, па ўсім відаць, праблемы са зрокам. – Прыгожая, праўда?
Тая, прыжмурыўшыся, стараецца нешта разгледзець і ўрэшце разгублена пытае:
–Вось гэтая, у белым?
–Курыца ты сляпая! – абурана крычыць каляжанка пад смех усяго вагона. – Гэта нявеста ў белым! А я – у прыгожым!
