На вяселлі, да і пасля яго – заўважынкі Ніны Рыбік

Фота не было – і вяселля не было
У маладажонаў, якія рэгіструюцца ў ЗАГСе, журналісты заўсёды пытаюць дазволу на тое, каб зрабіць вясельны здымак, які затым упрыгожыць “Астравецкую праўду”, яе сайт і старонкі ў сацыяльных сетках. Большасць з гатоўнасцю пагаджаюцца – асабліва гэта тычыцца іншагародніх, “чужым” наша традыцыя вельмі падабаецца. Нехта катэгарычна адмаўляецца. Бываюць пары, што доўга вагаюцца і раяцца адно з адным…
На такую аднойчы патрапіла калега. Расказвала, што жаніх і нявеста доўга ківалі адзін на аднаго:
–Ты як?
–А ты?
–Я – як ты…
–А я – як ты…
Але тут ўсе развагі перапыніла бабуля:
–Фота? Для “Астравецкай…”? Канешне ж, трэба зрабіць! Бо як картачкі ў газеце не было, то, лічы, і вяселля не было!
Аргументаў супраць не знайшлося.
Вуснамі мудрай бабулі гаворыць ісціна!
