На свяце вёскі ў Варнянах выбралі лепшую сям’ю
Кожная вёска, як і чалавек, адметная сваім характарам, традыцыямі і людзьмі, якія талентамі і працай “пішуць” яе непаўторную гісторыю. Варняны – унікальнае мястэчка на карце Астравеччыны, багатае не толькі на незвычайныя архітэктуру і прыроду, але і на таленавітых сыноў і дачок. У Год народнага адзінства свята “Сям’я талентамі багата” сабрала вяскоўцаў у гістарычным цэнтры аграгарадка – на плошчы ў старадаўнім парку.

Упершыню ў гістарычных крыніцах Варняны згадваюцца ў 1391 годзе – пра гэта кожнаму, хто завітвае сюды з боку Астраўца, нагадвае знак з памятнай датай. Цяжка ўявіць, як змянялася мястэчка і яго аблічча за 630 гадоў, але ўпэўнена, нязменнымі засталіся вера варнянцаў, сувязь з мінулым , адданасць і шчырая любоў да роднай старонкі.
– Назва нашага свята – “Сям’я талентамі багата” – выбрана невыпадкова: мне яна падаецца сімвалічнай, – у прывітальным слове адначыла загадчык аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Варняны Марына Садоўская. – Гонар нашага краю – гэта заслужаны выпрабавальнік касмадрома Байканур Леанард Тапуць, вучоныя Ян Ціхановіч, Тадэвуш Адула, медыкі Алег Кезля, Алена Субач, Святлана Голубева (Волкава), спартсмены Аляксандр Ляховіч, Дзяніс Зуеў, Марыёла Букель і многія іншыя.
Працягам свята стаў аднайменны конкурс. Расказвалі пра свае традыцыі, за хапленні, дэманстравалі таленты і ўменні на 3 сям’і: Бутовіч, Керна і Клышко.
У візітнай картцы прыемна здзівіла сям’я Бутовіч: у вершаванай форме тата-пагранічнік расказаў пра знаёмства са сваёй другой палавінкай, пра дзетак Ігара і Ульяну. Аказваецца, жонку мужчына “з Вільні ўзяў без растаможкі – так і маюцца патрошкі”. Маме Надзеі Керна дапамагалі расказваць пра сям’ю, спяваць і маляваць сын Дзіма і дачка Даша. А разам з пераможцамі першага раённага фестывалю “Папа, мама, я – футбольная сям’я” з мамай Аленай і дзеткамі Аляксеем, Дашай і Златай на сцэне выступаў дзядуля, які ў гэты дзень “падстрахоўваў” тату Вікенція.
У конкурсе “Усё для мамы” дзеці з дапамогай фарбаў і фламастараў рабілі папяровыя фартухі. Э стафетную палачку ў дачушак і сыноў перахапілі гаспадыні, якія прэзентавалі любімыя сямейныя стравы: у Бутовічаў – піца, у Кернаў – салата “Сонейка”, а ў Клышко – піражкі з грыбамі.
Музычны конкурс “Вясёлая сямейка”, сумеснае маляванне дома – усе іспыты сем’і праходзілі разам. А ацэньвалі іх старшыня Варнянскага сельвыканкама Аляксандр Вярбовіч, пробашч парафіі Святога Юрыя ксёндз Віктар Захарэўскі і аўтар гэтых радкоў. Не дзіва, што перамагла дружба – кожная з сямей унікальная і асаблівая па-свойму. Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы і памятныя падарункі.
Канцэртная праграма з удзелам таленавітых варнянцаў Людмілы Кухарэвіч, Таццяны Радкевіч, Маі Качкан, сям’і Бублевіч, ансамблю “Світанак”, выпускнікоў харэаграфічнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў, а таксама салістаў калектыву 1146 гвардзейскага зенітнага ракетнага палка і лепшых артыстаў Астравеччыны сталі цудоўным завяршэннем святочнага дня.



