На республиканский праздник “Последний звонок” пригласили выпускников Островетчины

На рэспубліканскае свята “Апошні званок”, якое сёлета прайшло ў г. Лідзе, запрасілі і выпускнікоў Астравеччыны.

2.jpg

Удзельнікамі гэтай урачыстасці могуць стаць пераможцы алімпіяд, фестываляў, конкурсаў, выдатнікі вучобы, дзеці, якія дасягнулі высокіх вынікаў у спорце, аўтары сацыяльных ініцыятыў, актывісты грамадскіх маладзёжных аб’яднанняў, валанцёры і лідары вучнёўскага самакіравання.

У ліку такіх былі і нашы Юліяна Лапшэвіч з Гудагайскай СШ, Варвара Шапко з гімназіі №1, Надзея Нікалайкава з СШ №1, Анжаліка Мілаш з Альхоўскай СШ, Аліна Калтан і Віана Юркойць з Варнянскай СШ.

Што гэта было за свята, якія сюрпрызы падрыхтавалі арганізары – уражаннямі ад пачутага і ўбачанага з карэспандэнтам падзяліліся Аліна і Анжаліка.    

САМЫ ЛЕПШЫ ДЗЕНЬ

Аліна Калтан:

– На свята сабралася вельмі шмат выпускнікоў – толькі ў нашай Гродзенскай дэлегацыі было каля 100 чалавек! І пры такой вялікай колькасці ўдзельнікаў усё цудоўна было арганізавана: ніхто не быў незаўважаны ці пакінуты сам-насам, ніхто не страціўся. (Смяецца.)

Пачалі ўрачыстасць у знакавым для горада месцы – на Кургане Бессмяротнасці. Невялікія сцэнічныя замалёўкі пра вайну былі настолькі эмацыйнымі, што кранулі да глыбіні душы: слёз немагчыма было стрымаць. Мы ўсклалі кветкі да падножжа манумента і ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.

Ад Кургана ўрачыстай калонай па вуліцах горада пайшлі ў Лідскі замак – гэта была асноўная пляцоўка свята. Па абодвух баках дарогі стаялі дарослыя і дзеці, якія нас віталі. Гэта былі людзі розных прафесій, ўдзельнікі творчых аб’яднанняў па інтарэсах і спартыўных секцый – кожная група прадстаўляла свой накірунак.

Прыгожае дзейства чакала ў замку, а потым свята працягнулася ў Лядовай арэне: канцэрт-дыскатэка, жывая музыка; салют – праграму для нас зрабілі проста бамбічную! Мабыць, гэта быў самы лепшы і насычаны на эмоцыі дзень у маім жыцці! Дзякуй за яго ўсім, хто меў да гэтага дачыненне!

АДЧУВАЛІ СЯБЕ ЗОРКАМІ

Анжаліка Мілаш:

– Пачну з таго, што ехаць я не вельмі хацела – па-першае, паднапружвала, што нікога з дзяўчат, з якімі еду, не ведала; па-другое, баялася, што магу прапусціць школьную лінейку. (Смяецца.) А сталася ўсё найлепшым чынам: кампанія ў нас сабралася цудоўная і да аднакласнікаў вярнуцца паспела.

Розніца паміж “Апошнім званком” у школе і тут – каласальная. Але гэта нядзіўна, бо масштабы зусім іншыя і магчымасцей больш. Да прыкладу, для нас спявалі беларускія артысты; урачыстае шэсце па горадзе, людзі нам памахалі рукамі, віталі апладысментамі, жадалі поспехаў – у гэты момант было адчуванне, быццам вітаюць зорак, а не выпускнікоў. (Усміхаецца.) Да слова, апошні званок, як і ў школе, звінеў, і вальс танцавалі – толькі не ўсе, а падрыхтаваныя загадзя пары.

У Лядовай арэне чакаў сюрпрыз – бясплатнае марожанае на ўваходзе. Рэпертуар выканаўцаў быў добра падабраны: песні вядомыя. Так што можна было і пападпяваць, і парухацца ў такт – для гэта арганізавалі танцпляцоўку.

Праграма была настолькі насычанай, што, калі прыйшлі ў пакой, дзе нас пасялілі, родных-знаёмых абтэлефанавала і адразу заснула. (Смяецца.)

1.jpg

4.jpg

5.jpg

3.jpg

Текст:
Фото: из архива участников