На рэдакцыйныя пяць пытанняў аб галоўным адказвае Яўген Маскалёў
2 Што было самым цяжкім у арміі? Ці была ў вас так званая дзедаўшчына?
3 Ці ёсць у вас дэмбельскі альбом і іншыя рэчы, якія вы захоўваеце як памяць пра армію?
4 Чаму вас навучыла армія?
5 Што б вы хацелі параіць маладым хлопцам, якія з дня на дзень чакаюць павестку ў ваенкамат?
Яўген Маскалёў, дырэктар прыватнага прадпрыемства «САММІЧ-сервіс», служыў у 2016-2017 гадах у Гродна.
1 Прызываўся я ў маі 2016 года.
Настрой? Ды нармальны быў настрой, нейтральны. Я проста не ведаў, чаго чакаць ад арміі, таму раней часу не панікаваў і не радаваўся: трэба ісці служыць – значыць, трэба…
Служыў напачатку ў Печах – праходзіў там курс маладога байца. Потым у Слуцку мяне вучылі спецыяльнасці вадзіцеля-экскаватаршчыка. А асноўны час служыў у Гродне ў інжынерна-сапёрным батальёне вайсковай часці 05733.
Праводзілі і чакалі мяне бацькі, каханай дзяўчыны тады яшчэ не было, яна ўжо пасля дэмабілізацыі з’явілася…
2 Напэўна, самае цяжкае – гэта пасля жыцця ў сям’і патрапіць у вялікі калектыў. Калі ў адным пакоі жывуць 120 чалавек і твая асабістая прастора – гэта 12 кубоў паветра, прывыкнуць да гэтага складана…
Яшчэ мне прыгнятала немагчымасць памыцца. Цяпер у некаторых вайсковых часцях ужо ёсць гарачая вада – у нас яе не было. На працягу тыдня мы мыліся ва ўмывальніку. Раз на тыдзень, у адпаведнасці са статутам, – душ. І гэта не той душ, што прымаеш дома, калі ты можаш пастаяць, пагрэцца, памарыць: паўтары-дзве хвіліны – і наступны пайшоў!
Хаця, напэўна, самым цяжкім былі не нейкія фізічныя нагрузкі і выпрабаванні, а чаканне… Увесь час было адчуванне таго, што ты вернешся дахаты – і нешта ў тваім жыцці павінна кардынальна змяніцца. Хоць ты сам пакуль не ведаеш, што менавіта…
Каб гаварыць пра дзедаўшчыну, то трэба зразумець, што ўкладваеш у гэтае паняцце. Некаму афіцэр ці стараслужачы грубае слова сказаў – і ўсё, ён «паплыў»: настрой ніякі, дахаты тэлефануе, скардзіцца… Усе ж людзі розныя, і ўспрыманне свету, цяжкасцей, праблем у іх таксама рознае. Некаторыя прыходзяць служыць зусім неадаптаванымі да жыцця ў вялікім калектыве, са сваімі асаблівасцямі, законамі. Скажам, сёння ты спіш у казарме ў ложку – а назаўтра ў палатцы ў лесе, і каб сагрэцца, трэба перш знайсці дроў, распаліць вогнішча… Ёсць маральна няўстойлівыя людзі – такіх, можа, і ўвогуле не варта прызываць на службу.
У Печах выпадкі дзедаўшчыны, хоць і не экстраардынарныя, але здараліся. У Слуцку мы займаліся толькі вучобай. У Гродне ў нас быў вельмі добры камандзір брыгады, так што нейкіх жорсткіх праяў дзедаўшчыны не было – ва ўсялякім выпадку, у адносінах да мяне.
3 Дэмбельскіх альбомаў ужо не рыхтуюць. І ўвогуле армейскіх здымкаў у мяне няшмат.
На памяць прывёз свой армейскі рэмень, са спражкі якога ўласнаручна выразаў літары ДМБ. Хоць такія рамяні некаторыя ўжо ў інтэрнэце заказваюць, але мы з хлопцамі выразалі самі, лобзікам…
4 У практычным сэнсе армія мяне навучыла лепш разбірацца ў машынах – думаю, што гэта ў жыцці спатрэбіцца.
Калі гаварыць пра маральны аспект, то зразумеў, што такое сапраўдная мужчынская дружба: з армейскім сябрам з Бярозаўкі Лідскага раёна, з якім мы ўсе паўтара года, з вучэбкі, прайшлі разам, да гэтага часу падтрымліваем адносіны.
Яшчэ армія навучыла разбірацца ў людзях, разумець, што не кожны, хто здаецца з першага погляду «белым і пушыстым», з’яўляецца такім на самой справе.
І ўвогуле ў арміі я зразумеў, што людзі не добрыя і не дрэнныя – яны проста розныя…
5 Агітаваць за армію дакладна не буду. Але і гаварыць, што там дрэнна, жахліва, немагчыма, – таксама не стану.
Урэшце, чалавек прывыкае да ўсяго – і да арміі ў тым ліку. Гэта проста зусім іншае жыццё, і, напэўна, яго таксама трэба зведаць.
