На пяць пытанняў пра Вялікдзень адказваюць астраўчане
Напярэдадні Вялікадня католікам мы задалі пяць пытанняў аб галоўным:
1. Якое значэнне мае для вас Вялікдзень?
2. Раскажыце пра вядомыя вам велікодныя традыцыі.
Якія з іх ёсць у вашай сям’і?
3. Як вы рыхтуецеся да свята?
4. Якая Пасха была самая памятная?
5. Што пажадаеце людзям, якія заўтра будуць вітаць уваскрэслага Езуса?
1 Для мяне, як чалавека дарослага, які вызнае праўду веры, Вялікдзень – памятка пра важныя падзеі двухтысячагадовай даўніны. І тут важна правільна расставіць акцэнты: калі казаць спрошчана, то важна не само свята, а ваша вера. Для чаго мы кожны год адзначаем Пасху? Для таго, каб разам з уваскрэслым Езусам, нанова ўваскрашаліся наша вера, учынкі, думкі, каб абнаўлялася наша жыццё.
Бацькі вельмі часта пытаюць, як дзецям растлумачыць, што такое Вялікдзень і Уваскрасенне Езуса. Мне здаецца, што тут не трэба моцна мудрыць: даступна раскажыце дзіцяці пра тое, як Езус цярпеў на крыжы, як ад Яго адмовіліся нават блізкія людзі і любімыя вучні, а потым на трэці дзень Сын Божы ўваскрос. Не перагружайце свой расповед тэалагічнымі тэрмінамі, лепш разам пачытайце дзіцячую Біблію, паглядзіце ілюстрацыі… Больш чым упэўнены, што ваша дзіця некалі дарасце да сакральнага сэнсу змёртвыхпаўстання Езуса.
2 Касцёльныя традыцыі гэтага перыяду – Трыдыум: Вялікі Чацвер, Вялікая Пятніца, Вялікая Субота і непасрэдна сама Пасхальная ўрачыстасць. Вялікдзень немагчыма ўявіць без фарбаваных яек – сімвала жыцця.
Народныя велікодныя традыцыі: хадзіць у жакі, біцца яйкамі. Памятаю, у дзяцінстве пасля імшы мы з сябрамі спявалі велікодныя песні, біліся яйкамі, а потым ішлі ў сальку на салодкі стол. Дома дзядуля з шыферу нам рабіў «сцежкі», па якіх мы качалі яйкі. Цікава, ці гуляюць у такія забаўкі сучасныя дзеці?
3 У гаспадарчым сэнсе людзі, напэўна, маюць больш часу падрыхтавацца да свята, чым мы, святары. Наша падрыхтоўка да Вялікадня праходзіць крыху ў іншай плоскасці: у першую чаргу мы дбаем не пра сябе, а пра парафіян. Да свята касцёл рыхтуюць сёстры. У перадсвяточныя дні даводзілася шмат ездзіць па вёсках і спавядаць людзей – хворых, нямоглых, пажылых, якія не маюць магчымасці прыйсці ў храм. Вельмі насычана праходзіў Пасхальны Трыдыум, а напярэдадні яго – рэкалекцыі: сёлета шмат людзей прыйшло спавядацца. Ведаеце, калі на Вялікдзень ніхто не стаіць ля спавядніцы, значыць мы добра папрацавалі – і людзі прыйшлі падрыхтаванымі на Пасхальную ўрачыстасць.
4 Калі не браць у разлік дзіцячыя ўспаміны, то самая запамінальная і першая па-за межамі дома Пасха была падчас маёй вучобы ў Гродзенскай семінарыі. Я тады вучыўся на 4 ці 5 курсе. У семінарыі ёсць традыцыя: клерыкі апошніх курсаў выбіраюць сабе абавязкі. Я быў адказны за біскупскую асысту. Падчас пасхальнага ўрачыстага набажэнства, якое адбывалася ў кафедральным касцёле Святога Францішка Ксаверыя, паслугаваў біскупу Аляксандру Кашкевічу – тыя пераплеценыя паміж сабой адчуванні хвалявання і радасці, памятаю і зараз.
5 Найперш хачу пажадаць, каб у кожным куточку Беларусі, ды і цэлага свету, людзі адчулі смак свята, каб у ім, гаворачы метафарычна, хапала і цукру, і солі, і перцу. Толькі падрыхтаваны можа адчуць смак Вялікадня…
Няхай у вашых сем’ях пануе любоў і згода, у сэрцы – вера, а жыццё, як і заўтрашні светлы і вялікі дзень, заўсёды будзе смачным і сонечным.
Езус Хрыстус з мёртвых паўстаў!
Вольга ШАФРАН, парафіянка касцёла Узвышэння Святога Крыжа:
1 Я веруючы чалавек, таму Вялікдзень – асноўнае і, я сказала б, галоўнае свята, бо гэта дзень надзеі на атрыманне вечнага жыцця. Уваскрэсенне Хрыста – гэта яркае сведчанне таго, што мая пілігрымка на гэтай зямлі не скончыцца, а будзе мець свой працяг.
2 Думаю, у большасці каталіцкіх сем’яў велікодныя традыцыі ў многім аднолькавыя: падрыхтоўка да свята на працягу Вялікага посту, фарбаванне яек, выпяканне кулічоў, асвячэнне ежы… Мы таксама так робім. Праўда, пры сумесным спажыванні ежы яшчэ спяваем велікодныя песні.
3 Для мяне вельмі важна падрыхтавацца да свята. Самы падыходзячы для гэтага час – Вялікі пост. З першага дня – Папяльцовай серады – я імкнуся перажыць яго больш асэнсавана праз удзел у Крыжовай дарозе, Песнях Жальбы, споведзі, рэкалекцыях і Трыдыуме.
4 Складана адказаць на гэтае пытанне: для мяне кожная Пасха памятная і асаблівая, тым больш, што ўспрыманне свята і разуменне яго сэнсу ў дзяцінстве і цяпер – дзве розныя рэчы. Асабіста для мяне сутнасць Вялікадня паступова пачала адкрывацца ў мінулым годзе і гэта, напэўна, звязана з тым, што я пачала пражываць не толькі адзін дзень – Вялікдзень, а таксама, як казала раней, Трыдыум.
5 Хочацца, каб Уваскрэсенне Езуса было не проста гістарычнай падзеяй, а аднаўленнем сэрцаў і душ, нашай любові да кожнага, хто сустракаецца на жыццёвым шляху.
1 Мае самыя любімыя святы – Божае Нараджэнне і Вялікдзень. Заўсёды іх чакаю з нецярпеннем – і не таму, што атрымліваю падарункі, што канікулы, а таму, што моцна люблю Езуса. Заўтра ён уваскрэсне і ўсім людзям прынясе надзею і дабро. Для мяне Вялікдзень – сімвал радасці і шчасця.
2 Ой, адразу складана ўсё ўспомніць. Галоўны атрыбут свята – гэта яйкі: імі дзеляцца, частуюць і нават забаўляюцца, калі гуляюць у біткі. Напярэдадні свята, звычайна ў суботу, у нашым касцёле некалькі разоў на дзень ксёндз асвячае стравы для велікоднага стала. У нашай сям’і за свянцонку адказваю я. У маім кошычку звычайна ляжаць яйкі, хрэн, хлеб, соль і каўбаса. З блізкімі абавязкова ідзём у касцёл, а бабуля дык увогуле цэлую ноч чувае ля гроба Езуса. Кажа, што калі яшчэ крыху падрасту – хутчэй бы! – то абавязкова возьме мяне з сабой.
Пасля ранішняй імшы накрываем стол – звычайна я нашу талеркі, ядзім свянцонку, а потым – іншыя стравы. Кожны год хаджу па яйкі. Ці пайду сёлета? (Змаўкае і запытальна глядзіць на бабулю, якая адабральна ківае галавой). Пайду!
3 Не забаўляюся. Не слухаю музыку. Не ем мяса, праўда, толькі па пятніцах. Стараюся нікога не крыўдзіць. Сёлета ніводнай Крыжовай дарогі не прапусціў і на рэкалекцыі хадзіў.
4 Найчасцей успамінаю мінулы год: гэта быў мой першы Вялікдзень у якасці міністранта. Стаяць ля алтара і паслугаваць ксяндзу Паўлу – хвалююча і адказна. Думаю, тата і бабуля мной ганарыліся. Напярэдадні Вялікадня таксама ўдзельнічаў у набажэнствах Вялікага тыдня, які пачынаецца ў Вербную нядзелю.
5 Аднакласнікам, настаўнікам, аднавяскоўцам, незнаёмым людзям – усім-усім хачу пажадаць, каб гэта свята прынесла сапраўднае шчасце, каб людзі былі падобнымі да Пана Езуса – рабілі добрыя ўчынкі.
Тарэса МАРОЗ, член касцёльнага камітэта парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Астраўцы:
1 Здавён казалі: Вялікдзень – свята свят, так яно і ёсць. Для мяне, маіх родных і блізкіх, напэўна, як і для многіх католікаў, гэты дзень асаблівы, вельмі значны ў жыцці. Менавіта ў гэты дзень і падчас падрыхтоўкі да яго: праз удзел у Крыжовай дарозе і ў рэкалекцыях – больш востра разумееш і адчуваеш, што найвялікшы Божы дар – жыццё, што яно адно і зараз, у гэты момант, трэба спяшацца рабіць дабро, дапамагаць людзям. Часта ўспамінаю прамоўленыя падчас імшы словы нашага пробашча, ксяндза Андрэя: Вялікі пост – не жалоба, а час навяртання.
2 Самая галоўная традыцыя, якой прытрымліваліся яшчэ нашы бабулі і дзядулі, – гэта святкаванне Вялікадня ўсёй сям’ёй. Калі былі жывыя бацькі, мы абавязкова ехалі да іх на Смаргоншчыну: па яйкі хадзілі і дзеці, і дарослыя, людзі выходзілі з хат, каб сустрэцца і пагаманіць. У той час Вялікдзень быў святам яднання.
3 Цяпер дзеці з унукамі збіраюцца ў нас: напярэдадні свята фарбуем яйкі, гатуем прысмакі, у суботу асвячаем ежу, а ў нядзелю пасля імшы накрываем велікодны стол.
Важна падрыхтавацца да сустрэчы з уваскрэслым Езусам. Для гэтага існуе Вялікі пост, а таксама Крыжовая дарога, рэкалекцыі…
4 Напэўна, не ўспомню самую важную і значную для мяне Пасху, але найбольш яркія, вясёлыя і светлыя ўспаміны, безумоўна, звязаны з дзяцінствам. Ох, і якое тады надвор’е стаяла – сонейка не шкадавала свайго жыццядайнага цяпла, а птушкі, бы ашалелыя, заліваліся на ўсе галасы: напэўна, таксама віталі сына Божага. Нашу вёсачку раздзяляў роў, які вясной ператвараўся ў сапраўдную рэчку. Каб зайсці па яйка ва ўсе хаты, трэба было пераадолець гэтую водную перашкоду. На варце заўсёды былі дарослыя: мужчыны нас, дзяцей, пераносілі на руках на другі бераг.
Была завядзёнка апранаць на Вялікдзень новую рэч. Мама была рукадзельніцай, на свята апранала нас у сукенкі ці кашулі, якія былі расквечаны вышытымі ружамі. А аднаго разу мы пайшлі ў жакі з прыгожымі, зробленымі з кардону і абшытымі бліскучай тканінай кошыкамі – мама пастаралася… Да гэтага часу помню і дзядзьку Уладку, які на руках нас пераносіў праз роў, і гэтыя кошыкі – такіх прыгожых не меў ніхто з вясковых дзяцей.
5 Кожнаму, хто заўтра будзе сустракаць свята, пажадаю, каб у іх сэрцы, думках, справах было месца Езусу не толькі ў святы, але і ў будні. Ён чуе кожнага з нас і дакладна дапаможа, толькі не ў той момант, калі нам хочацца, а тады, калі гэта сапраўды будзе патрэбна.