На карце Астравеччыны – Кайміна Горная

«Мой родны кут, як ты мне мілы»… Лепш, чым класік, і не скажаш. І няма такіх формул, якімі б можна было вымераць шчымлівае пачуццё замілавання да месца, дзе нарадзіўся і вырас. Яно жыве ў сэрцы ад першага глытка павет­ра, першых крокаў па роднай зямлі і да апошняга ўздыху. Не пакідае ў снах, трывожыць сэрца ўспамінамі. 

Часта размаўляем праз мэсэнджары са сваяком Нарцызам Лаўрыновічам, ура­джэнцам Кайміны Горнай, а цяпер жыхаром расійскага горада Калугі. І аб чым бы ні ішла размова, урэшце яна заўсёды пераходзіць на ўспаміны пра Кайміну, людзей, якія тут жылі, пра навакольныя азёры, лясы, палі.

Уладзіслаў і Яніна Лаўрыновічы

Уладзіслаў і Яніна Лаўрыновічы

Абапіраючыся на ўспаміны Нарцыза Уладзіслававіча і некаторыя даку­ментальныя крыніцы, вырашыла падаць гісторыю гэтай прыгожай гарыстай і азёрнай вёсачкі – Кайміны Горнай, адной з найпрыгажэйшых мясцін Беларусі, дзе самае чыстае паветра, дзе найзванчэй спяваюць птушкі, а сонца купаецца ў празрыстай азёрнай вадзе нават у пахмурны дзень.  

У лодцы Уладзіслаў Лаўрыновіч

У лодцы Уладзіслаў Лаўрыновіч

«Кайміна Горная, Кайміна Дольная, Туроўе тожа хочуць жыць» – усплылі ў памяці радкі з прыпеўкі на матыў вядомага «Цыплёнка смажанага», не раз чутай у дзяцінстве. Яе пад пералівы гармоніка па-заліхвацку спявалі мужчыны, калі збіраліся на бяседу з суседніх хутароў. Хочуць жыць і жывуць па сённяшні дзень усе названыя вёскі. 

Раней Кайміна Дольная лічы­лася больш статуснай, хоць па колькасці двароў гэтыя дзве вёскі, цёзкі і суседкі, былі аднолькавыя, у кожнай па 6 двароў. Але Кайміна Дольная знаходзілася ў цэнтры навакольных вёсак: Туроўе Вялікае, Туроўе Малое, Кайміна Горная, Гінкішкі, Тумкі, Акартэлі. І ў свой час менавіта ў Кайміне Дольнай была адкрыта пачатковая школа. Цяпер у гэтай вёсцы застаўся толькі адзін жылы дом. 

А вось Кайміна Горная стала вядомай ва ўсёй Беларусі дзякуючы бясцэннаму багаццю і хараству – азёрам і непаўторна прыгожаму ландшафту.

Прынеслі славу Кайміне Горнай і «Купалаўскія вакацыі» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія прайшлі тут у жніўні 2004 года і былі прысвечаны 90-годдзю наведвання спондаўскага краю Янкам Купалам i Паўлiнай Мядзёлкай, якія прыехалі сюды па запрашэнні паэ­та-святара Казiмiра Сваяка.

Тады ў Клюшчанах, у гумне Хадорскага, адбылася адна з першых пастановак спектакля «Паўлiнка». І толькі праз 30 гадоў ён быў пастаўлены на сцэне Мiнскага гарадскога тэатра, якому пазней прысвоілі iмя Янкi Купалы, якое Нацыянальны акадэмiчны тэатр носiць да гэтага часу. Яго артысты ў рамках святкавання двух знакавых юбiлеяў вырашылi вярнуць «Паўлiнку» на Астравеччыну.

А ў 2013 годзе кінастудыя «Беларусьфільм» здымала ў Кайміне фільм «Белыя росы. Вяртанне» – працяг легендарнай і ўсімі любімай кінакарціны «Белыя росы».

2013 год. Здымкі мастацкай стужкі «Белыя росы. Вяртанне» кінастудыі «Беларусьфільм»

2013 годЗдымкі мастацкай стужкі «Белыя росы. Вяртанне» кінастудыі «Беларусьфільм»

Гісторыя
  • У дакументальных крыніцах Кайміна Горная ўзгадваецца пачынаючы з 19 стагоддзя як засценак у Свянцянскім павеце Віленскай губерніі. Уваходзіла ў казённы маёнтак Жэлядзь. 
  • У 1857 годзе тут 8 рэвізскіх душ. Уваходзіла ў Аляксандраўскую воласць і адносілася да Жалядскай сельскай грамады. 
  • 1897 год – 4 двары, 29 жыхароў. Фальварак каля возера Жэлядзь, уласнасць Міхновіча, дом якога знаходзіўся на гары. Меў 120 гектараў зямлі.
  • Напачатку 20-га стагоддзя – у Аляк­сандраўскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерніі.
  • З 1922 года – у складзе Поль­ш­чы. У 1938 годзе – (8 двароў, 44 жыхары) у Жукойніцкай гміне Свян­цянскага павета Віленскага ваяводства.
  • У 40-50 гады мінулага стагоддзя тут налічвалася 7 гаспадарак. З боку Спондаў жылі Браніслаў і Баніфацый Юхневічы, на гары – Адольф Салавей, у нізіне – Валяр’ян Валуевіч, Браніслаў Вай­нілка, Уладзіслаў Лаў­ры­новіч, Франц Міх­но­віч.
  • На сённяшні дзень у Кайміне Горнай 3 дамы і 7 жыхароў.
Тапонімы

Кайміна ў перакладзе з балцкага – суседзі. Як ужо гаварылі вышэй, у Кайміны Горнай ёсць суседка – Кайміна Дольная. Чаму Горная, тым, хто там бываў, зразумела: частка засценка была заселена на высокім пагорку, які называецца Шопа, другая частка – ля яго падножжа.

«Шопа» ў перакладзе з польскай – «адрына, хлевушок на слупах, пабудаваны для аховы ад сонца і дажджу». У шопе, як вядома, нарадзіўся Збаўца. Магчыма, узгорак назвалі Шопай за тое, што з яго вяршыні добра бачны Жалядскі касцёл і званіца.

Маяк. На гэтым узгорку ў 1938 годзе пабудавалі 48-мятровы маяк. На ім працаваў геадэзіст, які рабіў здымкі мясцовасці. Быў і картограф – ён ствараў карту мясцовасці. Хлапчукі любілі ўзбірацца на маяк і любавацца даляглядамі. З вышыні былі бачны Буйкі, Галубіна, Камарова... 


У 1956 годзе маяк заваліўся. Гэтаму паспрыялі тыя самыя вісусы. Перш паспрабавалі адкапаць вялікую металічную пліту, умураваную ў аснову маяка, а калі не атрымалася, то падпалілі адну з апор і сталі хістаць, пакуль не звалілі велікана. Цяпер невялікі маяк – аглядная пляцоўка – пабудаваны ў зоне адпачынку.

Навакольныя палі, лясы і ўзгоркі мелі свае назвы: палі Глушычнае, Сярэдняе і Канчаніноўскае, лясы і пашы Церабеж, Падшорцава, Шляі, Выгарлі, Длугія, Плянтокі, Табароўка, Папярэчкі, Крушы, Вялікія Пасекі, Шопа, Каймінка, Падкаймінка, Ламы, Шорцава, Рэвіна, Масцішча, Сцюр, Януткаў дзірван, Ельнік, Пасекі, Падвысокая.

Заняткі і забавы

Жыхары Кайміны за­раб­лялі на жыццё рыбалкай, паляваннем і сельскай гаспадаркай. Тут практыкавалі трохпольны севазварот: зямля была па­дзелена на 3 участкі: на адным сеялі ярыну, на другім – азіміну, трэці ляжаў пад парам. На наступны год участкі мяняліся. Усе яны былі агароджаны драўляным плотам, каб жывёла не псавала пасевы. 

Некаторыя вяскоўцы плялі кошыкі з лазы, збіралі грыбы, ягады. Мужчыны займаліся паляваннем. У паляўнічых існаваў няпісаны закон: ні ў якім разе не стралялі качку – толькі селезня, бо, забіўшы адну качку, на наступны год не далічышся 12. Таксама не палявалі на коз у час, калі яны чакалі патомства. У пасляваенныя галодныя гады дзеці часта лазілі па дрэвах і кралі яйкі ў варон і сарок, але ўстаноўленыя самімі ж законы людзі выконвалі строга.

Быў у вёсцы свой лекар Ула­дзіслаў Лаўрыновіч, бацька Нарцыза, які дапамог не аднаму чалавеку. Ён браў у свайго швагра, бацька якога ў свой час служыў фельчарам у царскай арміі, даведнік па фітатэрапіі, вывучаў рэцэпты і варыў адвары і мазі. У пасляваенны час, 1944-1947 гадах, успыхнула ў навакольных вёсках малярыя, ці, як у нас казалі, трасца. Многія ішлі за дапамогай да Лаўрыновіча. Нарцыз успамінае, як бацька пасылаў іх, дзяцей, збіраць крушыну, крутабярозку, воўчае лыка і яшчэ нейкія зёлкі. Дзевясіл вырошчвалі ў сваім гародчыку. Настоі і мазі вясковага лекара ў той час, калі да афіцыйнай медыцыны было не даступіцца, моцна дапамагалі людзям.

Сям'я Лаўрыновічаў

Сям'я Лаўрыновічаў

Калодзежаў у засценку не было, карысталіся азёрнай вадой: на ёй гатавалі, ёй мыліся, яе пілі. Усе выраслі на азёрнай вадзе і хварэлі рэдка, праўда, у той час яшчэ не было хімічных угнаенняў. Першую ў вёсцы студню з драўляным зрубам выкапаў Міхновіч у 1942 годзе. Зруб зрабілі альховы, магчыма, пагэтаму вада ў калодзежы была нясмачнай.

Кайміна была найлепшай пляцоўкай для гульняў. Зімою сюды збягаліся дзеці з суседніх вёсак, каб з высокай гары пакатацца на санках ці лыжах. Рабілі трампліны, спаборнічалі. А летам – рыбалка, купанне ў азёрах, гульні ў хованкі, у пікера, навыперадкі ганялі рэхву – металічнае кола, найчасцей – веласіпеднае.

На гары ў Салаўя быў сад. Гаспадыня, якую дзеці называлі бабуля, часта выносіла ўсім у фартуху яблыкі: «Бярыце, ешце, а ў сад не лазьце». Але ўсё роўна лазілі... У той бабулі быў прыроджаны талент педагога: яна была добрай, умела зацікавіць, захапіць малечу. Дзеці яе любілі і з радасцю збіраліся ў садзе
Салаўёў паслухаць гісто­рыі, байкі, казкі, што расказвала бабуля. Па-сутнасці, гэта быў сапраўдны мясцовы дзіцячы сад.

Моладзь ладзіла танцы па чар­зе ў кожнай хаце, дзе жыла дзяўчына на выданні. Хадзілі і ў суседнія вёскі, потым запрашалі да сябе. Музыкі былі з Тумкоў – яны ігралі і на струнных, і на духавых інструментах, і на гармоніку.

Танцавалі і пад патэфон. Ха­дзі­лі слухаць плас­цінкі з рускімі песнямі да Ёча ў Кайміну Дольную. Дзяўчаты гэтыя песні развучвалі і любілі шпацыраваць да моста, выводзячы «Вот кто-то с горочки спустился…» Канцэрт працягваўся і на мосце: над вадой рэха далёка разносіла звонкія галасы.

Каймінскі мост злучаў наўпрост вёскі, разме­шчаныя на гэтым баку возера, з Жукойнямі Страчскімі, дзе размяшчалася гміна, і Міхалішкамі – буйным гандлёвым цэнтрам. Ста­ра­жылы ўпэўнены, што тут праходзіў знакаміты тракт Стэ­фана Баторага. Адрэзак даро­гі Міхалішкі – Свір, згодна з падан­нямі, ішоў праз Кайміну. За польскім часам тут быў пабудаваны драўляны мост. Калі пачалася вайна, па мосце пайшла цяжкая ваенная тэхніка, пераправа разламалася. У 1942 годзе мост адбудавалі, каб мець паралельную з бальшаком дарогу Міхалішкі – Жукойні Страчскія – Спонды – Лынтупы – Паставы і далей на Полацк.

Пасля вайны мост актыўна эксплуа­таваўся калгаснай тэхнікай і паступова разбураўся. У 1955-1956 гадах яго зноў перабудавалі, а пасля ўжо толькі рамантавалі, пакуль мост канчаткова не разбурыўся. 

У 2005 годзе пабудавалі новы пешаходны мост.

Калгас

У 1949 годзе была створана сельскагаспадарчая арцель «Радзіма» з цэнтрам у вёсцы Вялікае Туроўе Жукойненскага сельскага Савета Свірскага раёна Маладзечанскай вобласці. Разам з Каймінай Горнай у калектыўную гаспадарку былі аб’яднаны вёскі Кайміна Дольная, Вялікае Туроўе, Судзішкі і Малое Туроўе.

Першым старшынёй яго быў абраны Валодзька з Вялікага Туроўя. 

У 1952-м калгасы ўзбуйнілі, цэнтр зрабілі ў Жукойнях Страчскіх. Старшынёй гаспадаркі стаў Драгун, старшыня рыбалавецкай арцелі.

З-за таго, што прыгодных для механізаванай апрацоўкі земляў было мала, а мост тэхнікай разбіваўся і патрабаваў пастаяннага рамонту, калгас імя Гімбіцкага неўзабаве адмовіўся ад каймінскіх земляў на карысць калгаса імя Алега Кашавога (Спонды).
(Падрабязна пра гісторыю стварэння калгаса ў Кайміне распавядаецца ў артыкуле «Крута іх павярнуў бальшавік-чарадзей»)

Пачатковую школу першапачаткова адкры­лі ў суседняй Кайміне Дольнай у доме Яся Грагоўскага. У 1947 годзе была пабудавана новая пачатковая школка. У 1963 годзе яе зачынілі, вучні хадзілі ў Жукойненскую, а з 1972 года – у Спондаўскую СШ.

Азёрны рай

Вада – крыніца жыцця, якая дабратворна ўздзейнічае на ўсё жывое. А як прыемна пасядзець ля вады ў любы час сутак і ў любую пару года, успомніць аб мінулым, памарыць аб будучым… Лічылася, што вада часам нашэптвала правільныя рашэнні ў складаных жыццёвых сітуацыях. У ёй, напэўна, ёсць магія, пагэтаму людзі так імкнуцца да вадаёмаў, калі не жыць, то адпачыць, правесці хоць нейкі адрэзак часу.

У Кайміне Горнай два возеры: Каймінскае і Золаўскае. Адно з іх, згодна з архіўнымі дакументамі, у мінулым мела назву Жэлядзь. Святары жалядскага касцёла ў ім лавілі рыбу. Многія наз­вы азёраў пазней былі зменены, у тым ліку і Золаўскага. Чаму яго так назвалі і якая сувязь паміж гэтым возерам і пасёлкам
Золава, я так і не змагла высветліць.

Азёры былі крыніцай жыцця для мясцовага насельніцтва. Тады не было снасцей, якімі можна вылаўліваць рыбу ў такой колькасці, каб істотна зменшылася яе папуляцыя. Хапала і прыродзе, і лю­дзям. А якая разнастайнасць відаў! Вадзіліся нават самы. Хадзілі чуткі, што ў суседняй вёсцы вялікі сом з’еў цяля.

Хутчэй за ўсё, гэта байка, але бацькі пужалі дзяцей, якія ўлетку цэлымі днямі не вылазілі з возера, што сом іх зацягне на глыбіню і з’есць. 

Плавалі ў азёрах і вугры, але паласавацца імі, як і сомам, удавалася вельмі рэдка і далёка не кожнаму.

А даступнымі для ўсіх і кожнага былі шчупак, язь, уюн, лінь, плотка, верхаводка, краснапёрка, ялец, гусцера, лешч, падле­шчык, акунь, ёрш, карась. На Кайміне рыбачылі ўсе і ў любы час: лавілі рыбу вудамі на прыманку, зімой – на блясну, чараплом, бучамі, брэднямі, мірожкамі, сеткамі, невадамі.

Пасля вайны была створана рыбалавецкая гаспадарка.



– Памятаю, прыехалі да нас рыбакі са Свірскай рыбалавецкай арцелі Гаранскага рыбгаса. Старшынёй арцелі быў высокі гучнагалосы, але добры чалавек па прозвішчы Драгун, – успамінае Нарцыз Уладзіслававіч. – Прыехалі на трафейных «Фордах»: на іх вазілі сеткі, лябёдкі, вялікія чаўны. Памятаю, за адзін падлёдны праход невада (у нас яго называлі «тонь»), які займаў палавіну возера, вылавілі 4 тоны. Дзеці з торбамі цераз плячо дапамагалі рыбакам збіраць улоў з выцягнутага з-пад лёду невада. За гэта пасля работы Драгун насыпаў кожнаму ў торбу па вялікім сачку рыбы на радасць дзецям і іх матулям. Але за тры гады вылавілі з возера ўсё, што там плавала. Квоты на адлоў пачалі ўводзіць толькі ў 80-х.

Не прадаецца хата бацькоў

Захавалі бацькоўскія хаты і ўдых­нулі ў іх новае жыццё на­ш­чадкі роду Салаўёў, Вайнілкаў і Лаў­рыновічаў. У гэтых сем’ях моц­ная сувязь пакаленняў. 

Цяпер у Кайміне тры жылыя і адзін пустуючы дамы. Тут жывуць людзі, улюбёныя ў сваю маленькую радзіму. Умелымі рукамі гаспадароў хаты абноўлены, яны захавалі сваю аўтэнтычнасць і разам з тым прынялі сучасны выгляд, а дзякуючы руплівым рукам гаспадынь падворкі патанаюць у кветках.
У кожнага дома свая гісторыя. На самай гары дом сям’і Васілеў­скіх – сядзіба роду Салаўёў. Ган­на Васілеўская (Сала­вей) – меды­цынскі работнік, яе муж Уладзімір – ляснік. Аб іх сям’і, працы, заслу­гах і захапленнях не раз рас­­казвалі мясцовыя і рэспуб­лі­канскія СМІ.

Ганна і Уладзімір Васілеўскія з унучкамі

Ганна і Уладзімір Васілеўскія з унучкамі

Ніжэй – дом Вайнілкаў. Гэтымі выхадцамі з Кайміны ганарацца аднавяскоўцы. Імёны бацькі і сына Вайнілкаў вядомы многім у Беларусі. Мар’ян Браніслававіч закончыў інстытут механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспа­даркі, 13 гадоў узначальваў буд­слаўскі саўгас, які вывеў у шэраг перадавых гаспадарак краіны. Мае дзяржаўныя ўзнагароды.

Бацька і сын Вайнілкі

Бацька і сын Вайнілкі

Ад бацькоў і дзядоў перадалася Вайнілкам у спадчыну моц­ная нязломная вера. Мар’ян Браніс­ла­вавіч дапамагаў ад­бу­доўваць буд­слаў­скі касцёл. Быў сябрам беларускага сінода з 1990 па 2000 год. Калі вазілі чарнобыльскіх дзяцей на аздараўленне ў Італію, Мар’яна Браніслававіча запрасілі выхавацелем. Тады і адбылася яго незабыўная сустрэча с Пантыфікам.

М.Б.Вайнілка. Сустрэча са св.а. Янам Паўлам 11

М.Б.Вайнілка. Сустрэча са св.а. Янам Паўлам 11

Яго сын Анатоль закончыў той жа інстытут, што і бацька, і ў 1994 годзе яго прызначылі дырэктарам саўгаса «Будслаўскі». Ён стаў самым маладым кіраўніком гаспадаркі – яму на той час было толькі 23 гады. Анатоль Мар’янавіч узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», ён выбіраўся дэпутатам Мінс­кага абласнога Савета дэпутатаў, прад­стаўляў Мядзельшчыну на 4-м Усебеларускім народным сходзе. З рук Прэзідэнта Рэспуб­­лікі Беларусь Аляксандра Лука­шэнкі атрымаў ордэн Пашаны. 

Анатоль Вайнілка час­ты госць у Кайміне. Некалі дзед Браніслаў сказаў: «Дом пакідаю табе, унук». І ўнук удыхнуў новае жыццё ў сядзібу: гэты дом, зямля дарагія яго сэрцу, з імі звязаны шчаслівыя гады  яго дзя­цінства.

На самым беразе возе­ра стаіць дом Гена­дзя і Ілоны Сако­вічаў – ра­дзінная ся­дзіба вялікай сям’і Лаў­рыновічаў, дзе некалі на­ра­дзіўся Нар­цыз. Умелыя рукі гаспа­дароў перат­варылі дом і пад­ворак у казку. Менавіта тут пра­ходзілі здымкі кінакарціны «Белыя росы. Вяртанне». 

Iлона i Генадзь Саковiчы з сынам Наргiзам

Iлона i Генадзь Саковiчы з сынам Наргiзам

Нарцыз успамінае, што ў іх доме бываў Герой Савецкага Саюза Фёдар Маркаў. Якія справы меў палкоўнік, камандзір партызанскай брыгады імя Вара­шылава з Уладзіславам Лаў­ры­­новічам, малы Нарцыз не за­помніў. Але дзіцячая памяць зафіксавала, што гэта быў над­звы­чай прыгожы мужчына з гучным камандным голасам, абуты ў фільцы і апрануты ў кажушок.

У 50-я гады мясцовыя жыха­ры масава выязджалі ў Поль­ш­чу. І ў Лаўрыновічаў былі ўжо спакаваны чамаданы і куплены білеты. Напярэдадні бацька, як часта ў складаныя жыццёвыя моманты, пайшоў да возера, прысеў у цяжкім роздуме на кладцы і так праседзеў, пакуль першы промень сонца не заблішчаў на роўнай гладзі вады. Уздыхнуў Лаўрыновіч, аг­ледзеў родныя ваколіцы і ска­заў: «Нікуды не паеду! Гэта мая радзіма, маё возера, мая зямля. Не будзе мне нідзе лепш, чым тут». Так у апошнюю хвіліну ён аб’явіў род­ным сваё беспаваротнае рашэнне. 

Успрынята яно было неадназначна. Старэйшыя сыны Ге­рольд і Любаслаў выехалі ў Польшчу самастойна – што ж, у кожнага свае погляды на жыццё. А Нарцыз, Леапольд і Аліцыя засталіся з бацькамі, аб чым ніколі не шкадавалі. 

Уладзіслаў Ада­ма­віч ад пачатку ўс­та­наўлення савецкай улады некалькі склі­канняў выбіраўся дэ­путатам сельскага Савета. Усе дзеці з іх сям’і атрымалі адукацыю: Аліцыя скон­чыла Вільнюскі педагагічны ін­стытут і працавала дырэктарам школы ў пасёлку Балюляй. Нарцыз пачынаў вучобу ў Вільні, але пасля службы ў арміі застаўся ў ра­сійскім горадзе Калузе, які стаў яму другой радзімай.

…Зімою тут цішыня і спакой: возера заснула ў чаканні новага сезону, калі берагі зноў запоўняцца адпачываючымі. 

А ўвесну скіне з сябе ледзяныя аковы возера, закіпяць яго берагі чаромхавай квеценню, стануць залівацца салаўі наперабой з зязюлямі ў наваколлі – і зноў з усіх куткоў нашай краіны прыедуць сюды людзі, каб адпачыць, набрацца сілы і налюбавацца прыгажосцю Кайміны і наваколля. Зазвіняць дзіцячыя галасы на падворках – значыць, Кайміна хоча і будзе жыць!

Іаланта ВАЛУЕВІЧ.