На Астравеччыне стартавала рэспубліканская акцыя “Дай лесу новае жыццё!”
На Астравеччыне, як і ўсёй Беларусі, добраахвотная акцыя “Дай лесу новае жыццё” стартавала 21 сакавіка ў Міжнародны дзень лесу. Далучыцца да добрай справы і пасадзіць сваё дрэва можа кожны жадаючы да 12 красавіка.
Як расказаў намеснік дырэктара Астравецкага вопытнага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Віталь Шарэйка, старт акцыі ў нашым раёне далі работнікі лесагаспадарчай установы сумесна са старшакласнікамі і педагогамі вясковых школ, а таксама ваеннаслужачыя.
Спецыяліст падкрэсліў, што традыцыйна паўдзельнічаюць ў мерапрыемствах па пасадцы дрэў працоўныя калектывы, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і валанцёры.
– Як і штогод будзем выкарыстоўваць уласны пасадачны матэрыял – саджанцы і сеянцы, – паведаміў начальнік лесагаспадарчага аддзела Юрый Касцюкевіч. – Плануем пасадзіць каля 35-ці гектараў новых лясоў.
Сімвалічна, што акцыю “Дай лесу новае жыццё!” сёлета лесаводы прысвяцілі Году добраўпарадкавання і 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Далучайцеся да добрай справы, каб разам даць лесу новае жыццё! Ад вас – толькі жаданне, пра інвентар і пасадачны матэрыял паклапоцяцца спецыялісты.
Фота з архіва лясгаса
