На турслёт собрались учителя района

турслетТрадыцыя праводзіць настаўніцкія турыстычныя злёты была перарвана восем гадоў назад. Сёлета было вырашана яе аднавіць.

У Дайноўцы сабралася дзесяць самых спартыўных, крэатыўных і лёгкіх на пад’ём настаўніцкіх каманд, каб даць старт лету-2016.
“Шукальнікі прыгод” з гімназіі №1, “Першачок” (СШ №1), “Шчаслівыя разам” (СШ №2), “Этніка” з Варнянскага НПК, “Гервяцкі двор”, “Аранжавы настрой” (Гудагайская СШ), “Жаўны” (Міхалішкаўская СШ), “СССР” (Альхоўская СШ), “Легіён” (Кямелішкаўскі НПК) і каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму, якая выступала па-за конкурсам, на працягу двух дзён адпачывалі і спаборнічалі на базе дзіцячага аздараўленчага летніка “Ластаўка”.
Старт настаўніцкаму турзлёту далі спаборніцтвы па дартсе. Па два прадстаўнікі з кожнай каманды кідалі дроцікі ў цэль. Кожнаму давалася пяць спроб, па выніках якіх падлічваліся балы. Максімальную колькасць – 184 – набрала каманда гімназіі №1, гервятцы са 174 баламі былі другімі, на два балы адсталі ад іх варнянскія настаўнікі – і сталі трэцімі.
Пасля невялікага адпачынку педагогі рушылі на наступны этап – турыстычную паласу перашкод. Устаноўка палаткі, купіны, транспарціроўка пацярпеўшага, маятнік, пастка, павуцінка – трэба было бачыць, як педагогі з дзіцячым імпэтам пераадольвалі гэтыя выпрабаванні і імчалі да фінішу. Часам група падтрымкі бегла наперадзе, каб стымуляваць сваіх калег да перамогі. Самай хуткай на гэтым этапе аказалася каманда сярэдняй школы №2 – яна пераадолела дыстанцыю за 5,20 хвіліны, аднак 50 штрафных балаў не дазволілі ёй падняцца на першую прыступку п’едэстала. Яны былі другімі. А вось гудагайскія педагогі, хоць і фінішавалі з другім вынікам, набралі толькі 15 штрафных балаў – і сталі першымі. Трэцімі адолелі выпрабаванні на паласе варнянскія настаўнікі.
А пакуль адны адпачывалі ад паласы перашкод і рыхтаваліся да конкурсу-прэзентацыі пад назвай “Мы – каманда”, другія, згодна з жараб’ёўкай, пачыналі гуляць у валейбол, які закончыўся толькі на наступны дзень. Забягаючы наперад скажу, што перамогу на гэтым этапе святкавала каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму, якая выступала па-за конкурсам. Другое месца дасталася “аранжавым” педагогам з Гудагайскай школы, трэцяе – кямелішкаўскаму “Легіёну”.
Самай цікавай і забаўляльнай часткай турыстычнага злёту была прэзентацыя каманд. Выдумцы, крэатыўнасці і актыўнасці педагогаў падчас музычнай часткі выпрабаванняў можна было падзівіцца. Найбольшую колькасць балаў журы паставіла канкурсантам з сярэдняй школы №2. Іх дасціпны гумар пра настаўнікаў: на адных усё глядзіцца, а на другіх усё трымаецца, а таксама прадказанні чароўнага люстэрка пра радаснае і не вельмі будучае гэтай установы прымушалі не раз засмяяцца нават самых сур’ёзных членаў журы.
Не менш артыстычна трымаліся на імправізаванай сцэне гудагайцы, якія па загаду дырэктара збіраліся на турзлёт, каб паказаць свае ўменні і паесці бульбы з мясам. Уразілі “Шукальнікі прыгод”, гатовыя рынуцца на канкурэнтаў нават без загада дырэктара. У выніку гудагайцы і гімназісты падзялілі другое месца. А трэцяе дасталася настаўнікам з сярэдняй школы №1, якія перайгралі на новы лад казку Аляксандра Пушкіна пра цара Салтана.
Хаця артыстызм і таленты астат-ніх «турыстаў» таксама заслугоў-валі апладысментаў: міхалішкаў-цы спявалі, гервятцы запрашалі ў свой двор на трох мовах, варнянская “Этніка” пад “Польку беларускую” паставіла ўдзельнікаў турзлёту ў карагод, альхоўскія педагогі пераспявалі “Лабутэны”, а кямелішкаўцы выставілі на суд журы вакальна-інструментальны ансамбль “Буль”. Словам, я пашкадавала, што не мела з сабой відэакамеры – усе канцэртныя нумары маглі б трапіць у праграму Андрэя Малахава “Аффтар жжот”.
Але на гэтым прыемныя сюрпрызы не закончыліся, бо наступным этапам праграмы стаў конкурс турыстычнай кухні і быту. Пад вечар над палатачным лагерам педа-гогаў плылі пахі, ад якіх казытала не толькі ў носе. Стравы з рыбы і мяса, іх афармленне і сервіроўка стала – рэстаран адпачывае! А некаторыя каманды для членаў журы падрыхтавалі сапраўдныя “сюрпрызы” – і перш, чым падыйсці да стала, ім давялося папацець і паўдзельнічаць у падрыхтаваных выпрабаваннях.
У выніку “марская тэма” гімназістаў была ацэнена найвышэйшым балам. Кулінарнаму майстэрству настаўнікаў з Альхоўкі, Гудагая, Гервят і сярэдняй школы №2 журы прысудзіла другое месца, астатнія каманды сталі трэцімі.
Пра тое, што турзлёт прыйшоўся яго ўдзельнікам даспадобы, можна было меркаваць па сценгазетах “Будні турзлёту”, якія настаўнікі рыхтавалі падчас яго праходжання. Самымі творчымі аказаліся педагогі з Гудагайскай і Міхалішкаўскай школ – іх шаржы на саміх сябе і цікавыя моманты спаборніцтваў з дасціпным гумарам пакарылі суддзяў. Турысты з каманд “Шукальнікі прыгод” і “Шчаслівыя разам” на дапамогу прызвалі сучасную тэхніку – за аператыўнасць у выпуску фотагазет журы прысудзіла ім другое месца. А трэцімі сталі творчыя ўдзельнікі з сярэдняй школы №1 і Альхоўкі, якія мараць, каб настаўніцкі турзлёт вярнуўся ў альхоўскі край.
На працягу двух дзён пад Дайноўкай адпачывалі і спаборнічалі настаўнікі. І хоць перамога для кожнай з каманд не мела важнага значэння, тым не менш журы строга падлічвала ўсе набраныя балы, каб раздаць “усім сястрыцам па завушніцах”. Першае месца падзялілі настаўнікі з гімназіі №1 і Гудагайскай школы, другое месца дасталася варнянскім педагогам, а трэцяе – турыстам з сярэдняй школы №2.