На спортивном празднике в Ворнянском НПК победила дружба

Бацькі і госці на спартыўным свяце “Восеньскія гульні”, якое праходзіла ў дзіцячым садку Варнянскага навучальна-педагагічнага комплексу, упэўніліся ў тым, што гульні бываюць не толькі Алімпійскімі.

Да спартыўнага свята малышы разам са сваімі выхавальнікамі, фізічным і музычным кіраўнікамі рыхтаваліся загаддзя: развучвалі песні і вершы, бегалі навыперадкі, вучыліся катацца на самакаце… І двухтыднёвая падрыхтоўка была недарэмнай!
Пад музычнае суправаджэнне ўдзельнікі камандаў “Вясёлка”, “Зорачка”, “Усмешка” і “Сонейка” выйшлі “на старт”, каб яшчэ раз упэўніцца, якімі моцнымі і здаровымі яны сталі за гэты час. У эстафеце, дзе маленькія спартсмены перадавалі адзін аднаму чырвоны сцяжок, пашанцавала ўсім камандам, а вось “перавесці” сябра па камандзе ў абручы атрымалася не ў кожнага. “Вясёлкавыя”, “зорныя”, “усмешлівыя”, “сонечныя” хлопчыкі і дзяўчынкі пад апладысменты балельшчыкаў – мамаў, татаў, выхавальнікаў і іх памочнікаў – кацілі мяч на хуткасць, былі “конікамі”, садзілі і збіралі “бульбу”, спраўляліся з непаслухмянымі самакатамі.
Акрамя ўдзелу ў спартыўных конкурсах, выхаванцы дзіцячага садка чыталі вершы і спявалі песні пра фізкультуру, зарадку і здаровы лад жыцця. Сваім старэйшым таварышам, удзельнікам спартыўнага свята, дзеці малодшай групы падарылі танец з лісточкамі, а на музычным перапынку – казку пра церамок.
“Журылі” спартыўнае спаборніцтва прадстаўнікі бацькоўскага камітэта і педагог фізічнага выхавання са сталіцы Жанна Мікалаеўна Бароўская, якая выказала словы ўдзячнасці ўдзельнікам і арганізатарам мерапрыемства.
А перамагло, вядома ж, сяброўства!


----------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.