На праздничную школьную постановку на польском языке учащиеся Гудогайской школы пригласили польского консула
Штогод вучні Гудагайскай школы напярэдадні Калядных святаў і Новага года арганізуюць у школе калядную батлейку. Штогод яна новая, і іграюць яе школьнікі на польскай мове, якую вывучаюць факультатыўна разам са сваёй настаўніцай Марыяй Карлаўнай Васілёнак.Сёлета святочную пастаноўку ўжо маглі пабачыць бацькі школьнікаў, настаўнікі і вучні школы. А напярэдадні Новага года рабяты разам са сваім педагогам запрасілі на святочнае мерапрыемства консула Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне Веслава Раманоўскага. І ён з задавальненнем прыняў удзел у свяце, якое падрыхтавалі гудагайскія аматары польскай мовы.
Шаноўнага госця сустракалі з караваем і з цёплымі словамі прывітання. Школьнікі расказалі Веславу Раманоўскаму пра сваю школу і запрасілі на тэатралізаванае дзейства. Сцэнка разыгрывалася на польскай мове, і дзякуючы цудоўнай гульні маленькіх акцёраў – а ў пастаноўцы прымаюць удзел вучні 3-8 класаў – усё было зразумела нават тым, хто польскай мовы не ведае.
У невялікай пастаноўцы школьнікі расказалі пра нараджэнне Божага сына і праспявалі калядкі, жадаючы ўсяго найлепшага ў Новым годзе. Юныя артысты таксама чыталі вершы і спявалі песні на польскай мове, танцавалі і, канешне, разам з консулам і запрошанымі гасцямі – галоўнымі спецыялістамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама Т.М. Букель і аддзела адукацыі, спорту і турызму Л.М. Апановіч – вадзілі карагоды вакол ёлкі і гулялі ў народныя гульні, якія ўсім прыйшліся даспадобы.
– Апошні раз я так весяліўся і вадзіў карагоды вельмі даўно, – сказаў рабятам консул Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне Веслаў Раманоўскі. – Мне вельмі спадабалася ўсё, чым вы займаецеся. І хацелася б, каб і далей вы працягвалі ўдасканальваць веданне польскай мовы. А напярэдадні святаў хочацца павіншаваць усіх вас і падарыць невялікія падарункі.
І Веслаў Раманоўскі, як сапраўдны Дзядуля Мароз, ці Святы Мікалай – менавіта так яго называюць у Польшчы, – дастаў з-пад ёлкі велізарны мех з цацкамі. І дзеці, заплюшчыўшы вочы і загадаўшы пры гэтым запаветнае жаданне, выцягвалі з яго падарункі.
У той дзень падарункі атрымалі ўсе школьнікі, якія былі задзейнічаны ў мерапрыемстве. А Веслаў Раманоўскі паабяцаў, што ў хуткім часе – калі, зразумела, паступіць запрашэнне – ён абавязкова зноў сустрэнецца з гудагайскімі школьнікамі.
Алена ЯРАШЭВІЧ
