На Островетчину приехали работать 164 молодых специалиста

Для большасці з іх дарослае  самастойнае жыццё толькі пачынаецца. І з лёгкім хваляваннем, новымі надзеямі, энтузіязмам і мноствам розных ідэй яны пераступаюць парогі арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў, каб заявіць: “Прывітанне! Я – ваш новы малады спецыяліст”!


Сёлета на Астравеччыну па размеркаванні ў розныя ўстановы і арганізацыі прыехалі працаваць 168 маладых спецыялістаў. Праўда, чацвёра з іх па ўважлівых прычынах – адпачынак па догляду за дзіцём ці пераразмеркаванне – у раёне не замацаваліся.

Вышэйшыя навучальныя ўстановы закончылі 95 чалавек, 73 атрымалі сярэднеспецыяльную адукацыю.

У арганізацыі Астраўца прыбылі працаваць 133 маладыя чалавекі. Сярод іх па-ранейшаму лідзіруючую пазіцыю займаюць настаўнікі: сёлета ў аддзел адукацыі, спорту і турызму сеяць “разумнае, добрае, вечнае” прыехалі 39 новых спецыялістаў. Прываблівае маладых і ініцыятыўных і будаўніцтва ў нашым раёне Беларускай атамнай электрастанцыі: другую па колькасці прыбыўшых пазіцыю займае менавіта РУП “Беларуская АЭС” – сюды прыехалі 30 чалавек. Тройку арганізацый з найбольшай колькасцю маладых спецыялістаў замыкае цэнтральная раённая бальніца: пацвердзіць на практыцы клятву Гіпакрата прыбылі 15 спецыялістаў.

У “залатую сярэдзіну” трапілі Астравецкі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства – сюды ўладкаваліся працаваць 9 маладых спецыялістаў, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях – 8 і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі – 5 чалавек. Крыху менш новых работнікаў прыбыло ў пагранічныя войскі Рэспублікі Бела-русь – 4, ДЛГУ “Астравецкі лясгас” –  4, прадпрыемства меліярацыйных сістэм – 3 і дарожнае рамонтнае будаўнічае ўпраўленне – 3. Па два маладых спецыялісты прыехалі працаваць у АСБ “Беларусбанк” і раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. У раён электрычных сетак, аддзел архітэктуры, раённы аддзел унутраных спраў, МПМК-158, РУП “Жыллёва-камунальная гаспадарка”, ВУ “Астравецрайгаз”, “Аграпрамбанк”, раённая ветэрынарная станцыя, “Белдзяржстрах”  у гэтым годзе замацавалася працаваць па аднаму маладому спецыялісту.

У сельгаскааператывы нашага раёна пачынаць працоўную дзейнасць накіраваўся 31 выпускнік. Больш за ўсё маладых і энергічных спецыялістаў у СВК “Варняны” і “Гервяты” – сюды прыехалі працаваць па 10 чалавек. Крыху менш – 7 нядаўніх студэнтаў – набіраюцца працоўнага вопыту ў СВК “Міхалішкі”. Яшчэ 4 чалавекі былі накіраваны ў СВК “Гудагай”.

Як складзецца далейшае жыццё ўчарашніх студэнтаў, пакажа час. Працэс пераўтварэння з тэарэтыка ў практыка, новы вопыт, памылкі і дасягненні – усё гэта патрабуе намаганняў і працы. Аднак не працай адзінай жыве малады спецыяліст. І новы статус патрабуе не толькі выканання абавязкаў, але і адкрывае новыя магчымасці.


-------------------------------

Марына МАЦКЕВІЧ.