На Островетчине прошли профилактические мероприятия "Пристегнись!"
З 5 па 15 лютага на тэрыторыі Астравецкага раёна праводзіўся комплекс прафілактычных мерапрыемстваў “Прышпіліся!”З пачатку года ў Гродзенскай вобласці зарэгістравана 29 дарожна-транспартных здарэнняў (за аналагічны перыяд мінулага года – 32), у якіх 5 чалавек загінулі і 32 атрымалі раненні. Па-ранейшаму высокім застаецца ўзровень аварыйнасці па віне вадзіцеляў. У 2015 годзе імі здзейснена 7 сутыкненняў і 2 перакульванні. Пры гэтым 4 чалавекі загінулі і 13 атрымалі раненні.
Адным з элементаў пасіўнай бяспекі, які дазваляе значна знізіць узровень дарожна-транспартнага траўматызму, з’яўляецца выкарыстанне прадугледжаных канструкцыяй аўтамабіляў рамянёў бяспекі і спецыяльных утрымліваючых прыстасаванняў для дзяцей. Аднак на практыцы толькі каля 60 працэнтаў вадзіцеляў і пасажыраў свядома прышпільваюцца.
Пункт 9.5 Правілаў дарожнага руху абавязвае чалавека за рулём “быць прышпіленым і не перавозіць пасажыраў з не прышпіленымі рамянямі бяспекі…” За гэтае парушэнне прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання ці штрафу да 180 тысяч рублёў.
А пункт 23.2 ПДР нагадвае, што і пасажыр павінен “быць прышпіленым, у тым ліку і на заднім сядзенні, пры яздзе ў механічным транспартным сродку, абсталяваным рамнямі бяспекі...” За парушэнне гэтага патрабавання прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання ці штрафу ад адной да трох базавых велічынь – ад 180 да 540 тысяч рублёў.
А галоўнае, пра што варта памятаць і вадзіцелю, і пасажырам: ніякія штрафы не вернуць вам страчанае здароўе, а магчыма і жыццё.
-------------------------------
У. АЛЕКСАНДРОВІЧ, начальнік ДАІ.
