На Международной выставке “Лесдревтех-2014” Островецкий лесхоз представлял погонажные изделия
З 21 па 23 мая ў Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа” ў Мінску адбылася ХV Міжнародная выстава “Лесдрэўтэх-2014”. У складзе Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання сваю прадукцыю прадстаўляў і Астравецкі лясгас.Спецыялізаваная выстава штогод прыцягвае ўвагу не толькі айчынных спецыялістаў гэтай галіны, але і буйнейшых еўрапейскіх вытворцаў.
Сёлета фармат эканамічнага форуму істотна змяніўся. Дзелавая частка бізнес-праграмы ўключала ў сябе шматлікія семінары, канферэнцыі і круглыя сталы, а дзяржаўныя лесагаспадарчыя ўстановы прэзентавалі толькі вызначаны накірунак дзейнасці абласнога лесагаспадарчага аб’яднання.
На выставе Астравецкі лясгас прадстаўляў прадукцыю дрэваапрацоўчай вытворчасці – паганажныя вырабы.
Экспазіцыя была аформлена з дапамогай інфармацыйных матэрыялаў і стэндаў, а таксама ўключала ў сябе кансультацыі спецыялістаў.
Акрамя канферэнцыі “Інвестыцыі і інавацыі ў лясную галіну” і прэзентацыі навінак абсталявання і тэхналогій, у рамках форуму адбыліся і відовішчныя мерапрыемствы “Цімбер-шоу” і “Фарвардар-шоу”. У конкурсе прафесійнага майстэрства машыністаў-аператараў фарвардараў нашу вобласць і лясгас прадстаўляў машыніст тралёвачнай машыны Сяргей Бахаеў.
Як адзначыў галоўны інжынер І.І. Чапукойць, падчас форуму частка выстаўленай у якасці ўзору прадукцыі была прададзена. Прадукцыяй Астравецкага лясгаса зацікавіліся некалькі замежных фірм – а гэта значыць, што яго рынкі збыту будуць пашырацца і далей.
Акрамя гэтага, міжнародная спецыялізаваная выстава стала добрай пляцоўкай для айчынных лесавытворцаў па абмену вопытам і наладжванні новых сувязяў.
------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
