На "Дажынках" у Маладзечна прадстаўнікі Астравеччыны атрымалі ўзнагароды
У ліку пераможцаў, якіх ушаноўвалі на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Дажынкі» было чацвёра прадстаўнікоў Астравеччыны: дырэктар РУП «Саўгаса «Падольскі» Г.Ф. Дэнюш, дырэктар ДЛГУ «Астравецкі лясгас» Р.М. Долгі, малады камбайнёр з СВК «Варняны» В. Тумінскі і фермер Ч.С. Лабачэўскі.
30 мільёнаў плюс трактар
Атрымліваць узнагароды заўсёды і прыемна, і пачэсна. А тым больш, калі яны – рэспубліканскага ўзроўню. А калі іх табе ўласнаручна ўручае яшчэ і прэзідэнт краіны!
Ганаровым дыпломам “Дажынак-2011” і прэміяй у памеры 30 мільёнаў рублёў быў узнагароджаны саўгас “Падольскі”. Матывацыя: “Пераможцу рэспубліканскага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых і іншых арганізацый па пастаўках у лік рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб піваварнага ячменю”. Ад імя саўгаса ўзнагароду прымаў яго дырэктар Генадзь Феліксавіч Дэнюш.
Прадаставім яму слова.
–Сёлета ў адпаведнасці з планам мы павінны былі здаць на хлебапрыёмны пункт 700 тон піваварнага ячменю. А фактычна здалі 1283 тоны – гэта значыць, выканалі планавае заданне на 183 працэнты.
Кожны, хто займаецца вырошчваннем хлеба, ведае, што да якасці піваварнага ячменю патрабаванні ў прыёмшчыкаў самыя высокія: і яго колер, і ўсходжасць, і ўтрыманне бялку павінны адпавядаць строгім дзяржаўным стандартам. Ячмень трэба не толькі вырасціць, але і граматна перасушыць – давесці яго да кандыцыйнай вільготнасці, не знізіўшы пры гэтым усходжасці. Нам удалося. І тут не трэба шукаць шанцавання – у земляробчай працы “авось” не спрацоўвае. Мы правільна падабралі палі, унеслі адпаведную колькасць мінеральных угнаенняў, своечасова ўбралі і дасушылі…
На “Дажынках” пераможцаў спаборніцтва ўшаноўвалі ў першы дзень – у пятніцу. Дзейства адбывалася на галоўнай сцэне. І ўзнагароды ўручаў асабіста Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.
Канешне, без хваляванняў не абышлося. І таму, што такі высокі ўзровень, і таму, што там я прадстаўляў усю нашу гаспадарку…
Уручаючы ўзнагароду, Аляксандр Рыгоравіч паціснуў мне руку, падзякаваў за працу, пажадаў удачы. У адказ я паабяцаў не зніжаць узнятую планку. “Так трымаць!” – сказаў прэзідэнт.
І другі дзень “Дажынак” быў для нашага саўгаса зоркавым – за поспехі ў вытворчасці піваварнага ячменю мы атрымалі трактар “Беларус”! Тэхнічны пашпарт “сталёвага каня” ўручыў старшыня канцэрну “Белдзяржхарчпрам” І.І. Данчанка. Заўтра адзін з нашых механізатараў паедзе за новым трактарам.
А як распарадзіцца атрыманай прэміяй, будзем вырашаць усім калектывам. І гэта правільна – у здадзеныя тоны піваварнага ячменю закладзена праца, лічы, усіх працаўнікоў саўгаса.
Ганна ЧАКУР.
Прыемная неспадзяванасць
У склад астравецкай дэлегацыі, якая была запрошана на рэспубліканскія дажынкі ў Маладзечна, уваходзіў і прадстаўнік моладзі нашага раёна – камбайнер СВК “Варняны” Віталь Тумінскі, які ў спаборніцтве па ўборцы жніва сярод маладзёжных экіпажаў заняў трэцяе месца ў Гродзенскай вобласці.
Пра гэтую радасную навіну малады чалавек даведаўся зусім нядаўна – у сераду напярэдадні дажынак. Гэта быў сапраўдны сюрпрыз, пра які яму аб’явіў старшыня сельгаскааператыва А.Ч. Вярбовіч. Ці трэба казаць, што зборы на ўрачыстасць праходзілі некалькі спантанна і хутка? У вызначаны час, у пятніцу, Віталь з лёгкім хваляваннем (ну як жа без гэтага!) разам з іншымі прызёрамі спаборніцтва рыхтаваўся да выхаду на сцэну.
– Канешне, трэцяе месца ў вобласці і запрашэнне на рэспубліканскія “Дажынкі” было для мяне прыемнай неспадзяванасцю. Я ведаў, што, як і кожны год, праводзіцца спаборніцтва сярод маладзёжных экіпажаў, але не гнаўся за высокімі паказчыкамі. Проста працаваў, як заўсёды. Ды, шчыра кажучы, і думаць пра гэта асабліва не было калі – надвор’е сёлета не пеставала, а ўбраць ураджай трэба было своечасова. Такім чынам, ніякай таямніцы ў дасягненні няма, – сціпла дзеліцца ўражаннямі Віталь Тумінскі.
Дарэчы, “бронзавы” вынік яго стараннай працы выліўся ў больш чым паўтары тысячы тон намалочанага зерня. Але камбайн “Палессе” не адзіная машына, на якой працуе Віталь. Як толькі гарачая пара ўборкі зернебабовых заканчваецца, хлопец перасаджваецца на не менш велічны і запатрабаваны ў сельскай гаспадарцы “Амкадор”. І пачынаецца іншая работа, іншыя задачы і планы іх рэалізацыя – і камбайн будзе чакаць свайго гаспадара да наступнага лета. Але ўспаміны аб рэспубліканскіх дажынках застануцца ў памяці надоўга.
–Ну вядома ж, было цікава пабываць на мерапрыемстве такога маштабу. Тым больш не ў якасці старонняга гледача, але непасрэднага ўдзельніка, узнагароду за працу атрымаць. Дадому прывёз дыплом за трэцяе месца і халадзільнік. Больш за ўсё запомнілася цырымонія ўручэння падарункаў і святочны канцэрт зорак беларускай эстрады. Словам, эмоцый і ўражанняў ад “Дажынак” атрымаў нямала. Ці планую ў наступным годзе таксама трапіць на рэспубліканскае свята хлебаробаў? Рана пакуль аб гэтым загадваць. Буду працаваць – а там пабачым.
Марына МАЦКЕВІЧ.
Узнагарода – лепшаму фермеру
За эфектыўнае выкарыстанне зямлі на “Дажынках-2011” быў узнагароджаны гаспадар садаводчага гадавальніка “Світанак-Л” Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі.
Нельга не падкрэсліць, што ён увайшоў у лік шасці адзначаных на гэтым свяце фермераў рэспублікі (ад кожнай вобласці – па аднаму) і быў адзіным з іх, хто займаецца садаводствам.
Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі расказаў:
–“Дажынкі-2011” выліліся ў грандыёзнае свята – усё Маладзечна звінела ад песень і танцаў. А якімі шыкоўнымі былі гандлёвыя рады!
Усё распачалося агульным шэсцем – удзельнікі пастроіліся па абласных дэлегацыях і ўрачыстым маршам пад гукі духавога аркестра прайшлі, лічы, праз увесь горад да амфітэатра ў цэнтральным парку.
Роўна ў тры гадзіны на сцэну амфітэатра выйшаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ён сказаў уступнае слова і ўрачыста адкрыў “Дажынкі-2011”.
Пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва узнагароды ўручаў асабіста Аляксандр Рыгоравіч.
Тых, хто заняў другое і трэцяе месца, узнагароджвалі віцэ-прэм’ер В.І. Іваноў і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання М.І. Русы.
Пасля заканчэння ўзнагароджвання на працягу дзвюх гадзін паказвалі святочны канцэрт, на якім прысутнічаў і прэзідэнт.
На наступны дзень дзейства распачалося ў 12 гадзін. Мне ўзнагароду – Ганаровы дыплом і грашовую прэмію – уручыў міністр прыродных рэсурсаў і лясной гаспадаркі М.М. Амельяновіч.
Напярэдадні “Дажынак” чуліся галасы незадаволеных, маўляў, навошта гэты пір падчас чумы? Грошы на вецер – гэтыя дажынкі. А я скажу так: “Дажынкі” – прамое сведчанне таго, што праца земляроба ў нашай краіне – цэніцца і што да чалавека, так бы мовіць, ад плуга, нават самыя высокія ў дзяржаве людзі ставяцца са шчырай павагай. І гэта правільна. Так і павінна быць. І таму, што хлеб – усяму галава. І таму, што няма больш высакароднага занятку, чым працаваць на зямлі. Так было спрадвеку – і няхай так застаецца ў нашай краіне навек.
Ганна ЧАКУР.
Парадак на зямлі і ў лесе
Астравеччына заўсёды славілася сваімі ляснымі багаццямі, сасновымі і яловымі барамі, бярозавымі і дубовымі гаямі, а яшчэ – чысцінёй і добраўпарадкаванасцю ў іх. І таму зусім не дзіўна, што на святкаванне ў Маладзечна быў запрошаны дырэктар ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Рыгор Мечыслававіч Долгі.
Прычым ужо ў другі раз. Упершыню гэта адбылося ў 2005 годзе на “Дажынках” у Слуцку. Тады нашы лесаводы атрымалі дыплом за плённую працу па навядзенню парадку на зямлі і трактар у падарунак.
Сёлета Астравецкія лесаводы таксама трапілі ў лік дэлегатаў на рэспубліканскае свята ад Гродзенскай вобласці. І нагода для гэтага зноў была важная. У другі дзень “Дажынак” дырэктар прадпрыемства Р.М. Долгі атрымаў узнагароду, якой адзначаны Астравецкі лясгас, – дыплом пераможцы рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў”. Да яго ўпрыдачу – важкі падарунак: трактар маркі “Беларус-82.1” коштам больш за 106 мільёнаў рублёў.
Камісія, у склад якой увайшлі прадстаўнікі дзяржаўнага камітэта па маёмасці, міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчавання, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і лясной гаспадаркі, у другі раз прысудзіла перамогу працаўнікам Астравецкага лясгаса.
І гэта зусім не выпадковасць. За перамогай стаіць карпатлівая штодзённая, штогадовая праца ўсіх работнікаў гэтай арганізацыі.
– Сёлетні год для нашага лясгаса быў плённым, – гаворыць Рыгор Мечыслававіч. – Шмат увагі мы ўдзялілі навядзенню парадку ў працэсе планавых рубак, якія “прывязвалі” да месцаў адпачынку і да населеных пунктаў. Праводзілі санітарную ачыстку лесу, прыбіралі захламленні ўздоўж дарог, расчысцілі тры кіламетры квартальных прасек – атрымалася зручна і прыгожа. Хоць, зрэшты, усе гэтыя работы мы праводзім штогод.
Даглядаюць у лясгасе і за ляснымі культурамі. Сёлета іх было пасаджана 300 гектараў, прычым 160 гектараў лесапасадак размясцілася на невыкарыстоўваемых землях, якія працаўнікі лясгаса ўвялі ў гаспадарчы абарот. Пройдзе час – і яны пераўтворацца ў лясы. Дасягненнем гэтага году з’яўляецца закладка новага гадавальніка на 12 гектараў.
Падтрымлівае “лясное” прадпрыемства і сувязі са школьнікамі. Створаны на базе гімназіі экалагічны атрад дапамагаў змагацца са стыхійнымі звалкамі, якія час ад часу ўзнікаюць у месцах адпачынку і непадалёк ад вёсак. Гэта практыка таксама дала свой вынік: і школе, і лясгасу ад супрацоўніцтва – толькі карысць.
Але астравецкія лесаводы яшчэ паспяваюць дапамагаць нашым суседзям – тры месяцы ў мінулым годзе яны працавалі ў Шчучынскім раёне, сёлета наша тэхніка дапамагае спраўляцца з бураломам у тым жа Шчучынскім і Лідскім лясгасах.
Выніковай кропкай у перамозе нашых лесаводаў стала правядзенне рэспубліканскага семінара які прайшоў у пачатку верасня на Астравеччыне. На ім рабоце раённага лясніцтва была дадзена высокая адзнака. А дзякуючы ўсім складаемым працы лесаводаў і атрымалася перамога.
– “Дажынкі” – гэта сапраўднае свята не толькі для тых, хто там прысутнічаў, але і для ўсіх жыхароў нашай краіны. Я рады, што наша праца была высока ацэнена – хочацца спадзявацца, што не ў апошні раз.
Алена ЯРАШЭВІЧ.


