На Астравеччыне стартаваў міжнародны пленэр фотамастакоў

Яго арганізатарам, пры падтрымцы аддзела культуры Астравецкага райвыканкама выступіў старшыня міжнароднага клуба “Гервечай” Альфонсас Аўгуліс.


Арыгінальнасць пленэра ўжо хоць бы ў тым, што ён пройдзе ў некалькі этапаў і будзе доўжыцца да лета-2012 года. Першы этап плануецца завяршыць у сярэдзіне лістапада – “сігнальная” выстаўка работ пленэрыстаў будзе падрыхтавана да конкурсу “Песня памежжа”, які штогод адбываецца на сцэне Рымдзюнскага Дома культуры. Пазней яна будзе перавезена ў Астравец.
У пленэры прымаюць удзел майстры з Літвы і Беларусі. Усе яны – члены Саюза фотамастакоў сваёй краіны. Гэта адзін з заснавальнікаў Саюза Людас Верблюгявічус, а таксама Арунас Бальтэнас, Клаўдыюс Дрыскюс, Альгімантас Веяліс, Казіс Шымас і іншыя. Дзяніс Раманюк і Сяргей Плыткевіч, вядомыя беларускія фатографы, прадстаўляюць Мінск; Васіль Кашкель, Аляксандр Паршукоў і Андрэй Рогач (пераможца міжнароднага фотаконкурсу часопіса “Лайф”, які праводзіўся па ініцыятыве фірмы “Самсунг”) прэзентуюць Смаргонь, а ад Астравеччыны ў ім удзельнічаюць Алесь Юркойць, Андрэй Памецька і Юрый Горыд. Мяркуецца, што колькасць удзельнікаў у бліжэйшы час вырасце.
Стартавай пляцоўкай для пленэра стаў Рымдзюнскі Дом культуры – менавіта ў яго ўтульных сценах у мінулую пятніцу сабраліся разам беларускія і літоўскія фотамастакі. Яны абмеркавалі ўмовы правядзення пленэра і яго канцэпцыю, у адпаведнасці з якой да разгляду будуць прымацца толькі работы, зробленыя на Астравеччыне. А вось іх тэматыка можа быць самай шырокай: жанравыя сцэны, прырода, партрэтныя здымкі, архітэктура, прыродныя з’явы і г.д.
Пасля заканчэння імпрэзы лепшыя работы фотамастакоў прымуць удзел у выстаўках, якія пройдуць у Рымдзюнах, Астраўцы і Вільні (у Ратушы). Акрамя таго, у адпаведнасці з распрацаванымі ўмовамі, кожны з удзельнікаў падорыць Астравеччыне па адной са сваіх пленэрных работ.
Пасля абмеркавання пленэрысты перайшлі да справы – гонар першай падставіць пад аб’ектывы свой “твар” дастаўся вёсачцы Мільцэі. Потым былі Кністушкі, Гіры і іншыя населеныя пункты, дзе кампактна пражываюць літоўцы.
Субота прысвячалася азнаямляльнай экскурсіі па раёну. У ролі гідаў выступілі загадчыца сістэмы бібліятэк раёна Наталля Ачарэтава і супрацоўніца аддзела культуры Марына Бабойць.
Падарожжа пачалося з Астраўца, дзе ўдзельнікі пленэру пазнаёміліся з гістарычнай часткай пасёлка, убачылі каменныя скульптуры, пабывалі на новабудоўлях. Кірмаш, які ў гэты дзень грымеў у лесапарку, таксама зацікавіў іх сваімі яркімі фарбамі і добрым настроем.
Шмат цікавага і пазнавальнага фотамастакі змаглі ўбачыць і пачуць у Варнянах – тут на правах гаспадара стырно кіравання экскурсіяй узяў у свае рукі Алесь Юркойць, які паказаў гасцям і касцёл, і вежу, і старажытныя збудаванні.
Не магла не зацікавіць фатографаў і пляцоўка, на якой пачынаецца будоўля АЭС – яна таксама ўваходзіла ў маршрут паездкі. А на азнаямленне з багаццем інтэр’ера Міхалішскага касцёла фотамастакі наогул затрацілі некалькі гадзін…
Раз’ехаліся пленэрысты ў нядзелю пасля абеду. І кожны з іх павёз з сабой масу ўражанняў – ва ўласнай душы і ў лічбавай памяці фотаапаратаў.


Ганна ЧАКУР, фота аўтара.