На Астравеччыне ў агні загінулі пенсіянеры
У нядзелю 11 сакавіка ў вёсцы Паракіці Гудагайскага сельсавета здарыўся пажар, ахвярамі якога сталі двое пенсіянераў.
На цэнтр аператыўнага ўпраўлення аб загаранні паведамілі суседзі, якія пачулі сігнал аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Калі яны выскачылі на двор, то ўбачылі, што з драўлянага дома суседзяў выбіваюцца моцныя клубы дыму.
На жаль, не здолелі ўратавацца з вогненай пасткі 70-гадовы гаспадар хаты і яго жонка. Яны абое знаходзіліся на ўліку ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і з-за старасці і хвароб амаль не хадзілі.
Як лічаць спецыялісты, прычынай пажару стала неасцярожнасць пры курэнні ў хаце гаспадара дома.
Эдуард МАЛЫШКА, інспектар групы прапаганды і навучання РАНС.