Мы заўсёды рады сустрэчы з вамі! Спадзяёмся, што і вы таксама!
Не першы раз у знамянальныя каляндарныя святы і падчас дзён падпісчыка «Астравецкая праўда» стараецца прыцягнуць увагу да раённых сродкаў масавай інфармацыі.
Вось і да Дня Незалежнасці мы выставілі сваю палатку. Праўда, спачатку не ўсе, хто праходзіў уздоўж вуліцы Ленінскай, дзе размясціліся месцы прадпрыемстваў і арганізацый горада, разумелі, што мы тут робім.
– А што вы прадаеце? – пыталіся цікаўныя. І мы з запалам расказвалі пра гісторыю газеты, яе супрацоўнікаў і сваю дзейнасць, прапаноўвалі аформіць падпіску на «раёнку» – і атрымаць за гэта бонус пры падачы аб’яўкі ці віншавання… І гэта далёка не ўсё цікавосткі, што былі ў нас.
Сёлета ў нашай палатцы мы арганізавалі выязную студыю тэлепраграмы «ТВА. ТВой Астравец», дзе прапаноўвалі астраўчанам і гасцям горада павіншаваць яе гледачоў з Днём Незалежнасці ці прачытаць тэкст навін. Многія вырашылі паспрабаваць сябе ў ролі вядучых, адзначыўшы потым, што справа гэта нялёгкая.

Каб перанесціся з дня сённяшняга ў мінулыя часы, у палатцы размясцілі ноўтбук – сапраўднага сябра сённяшніх журналістаў і пішучую машынку, якой карысталіся нашы супрацоўнікі да пачатку 90-х. А нашым наведвальнікам прапанавалі пакінуць з іх дапамогай віншаванне са святам. І трэба было бачыць, як малышы старанна націскалі на клавішы, стараючыся скласці літары ў словы. Адразу ж адзначу, што па клавіатуры камп'ютара атрымліваецца шпарчэй.
І як здзівіліся, калі адна з нашых чытачак – Ніна Раткевіч (на фота), якая працуе ў Дзяржстраху, хутка, амаль не гледзячы на клавіатуру, набрала віншавальны тэкст!
Сюрпрызы ў той дзень дарылі не толькі мы, але і тыя, хто завітаў у святочны дзень на нашу пляцоўку. Многія сталі для нас адкрыццём.
Так, прыемна ўразіў мужчына, калі мы хацелі падарыць яму свежы святочны выпуск газеты, адзначыўшы, што ён толькі што купіў яе ў кіёску. Дарэчы, разам з сям’ёй ён прыехаў на Дзень Незалежнасці ў Астравец, а газету купіў таму, што яму цікава, аб чым піша раённая прэса суседняга раёна.
Парадавала, што большасць, калі мы прапаноўвалі аформіць падпіску на чарговы месяц, 3-ці квартал ці паўгоддзе, адказвалі, што ўжо выпісалі «раёнку». А, можа, яны проста хітравалі?! Хоць так думаць і не хочацца.
Словам, свята прайшло, пакінуўшы прыемныя ўражанні ў тым ліку і ад зносінаў з нашымі падпісчыкамі.
І няхай каляндар яшчэ толькі пераваліў за першую палову ліпеня, нагадваем: падпіска на жнівень ужо ідзе!
Падпісацца на «раёнку» можна ва ўсіх паштовых аддзяленнях, а таксама ў рэдакцыі газеты.
Мы заўсёды рады сустрэчы з вамі! Спадзяёмся, што і вы таксама!
