«Мы – дзве палавінкі аднаго цэлага»
Таццяна Крывулько і Аксана Кардаш
Таццяна: Колькі часу мы знаёмы? Ды, можна сказаць, з пялюшак…
Аксана: Мне было 9 месяцаў, калі мама са мной вярнулася з Кіева і стала жыць у дзядулі з бабуляй на вуліцы Ленінскай, 8. У суседнім пад’ездзе, праз сценку ад нас, жылі Сычы, у якіх толькі з’явілася дачушка. Так што мы, можна сказаць, з нараджэння і да сённяшняга часу разам. Вось ужо больш за 50 гадоў…
Таццяна: Колькі помню сябе – столькі і Ксюху. Нашы бацькі сябравалі, ну а мы дык увогуле былі не разлі вада. Нас нават апраналі аднолькава.
Аксана: Потым у садок разам хадзілі, у школу – у адзін клас…
Таццяна: І ў музычную: разам запісаліся, разам кінулі…
Аксана: Шкоду рабілі – і атрымлівалі за гэта аднолькава. Памятаеш, як да суседзяў у яблыкі ўлезлі? Дома сваіх хапала – але ж чужыя смачнейшыя…
Таццяна: А як у бабулі тваёй усю падлогу канькамі парэзалі? Нам тады абедзвюм канькі купілі, не цярпелася прымерыць. Надзелі, пахадзілі па кухні… Падлога дашчатая, уся ў пісягах засталася.
Аксана: Але за падлогу мы не так атрымалі, як за яблыкі.
Таццяна: Вядома: падлога ж свая, а яблыкі – чужыя! Але мы і пакаранне ўмелі ператварыць у прыгоду. Зачыняць нас у кватэрах, а мы ў фортачкі высунемся – кватэры ж побач! – і балбочам цэлы дзень.
Аксана: Я ніколі ў жыцці не ела такіх смачных дранікаў, як дзядзя Саша, Танін бацька, пёк!
Таццяна: А аладкі тваёй бабулі? Ды з дзедавым мёдам… Смаката!
Аксана: А памятаеш, як мы школу кінулі?
Таццяна: А як жа! Тады толькі СШ №2 пабудавалі, увесь наш клас перавялі ў новую школу, а нас з Ксюхай пакінулі ў першай – мы тады ўжо на Валадарскага жылі. Ну, мы ў знак пратэсту перасталі хадзіць на заняткі. Бацькам растумачылі, чаму. Трэба аддаць ім належнае: зразумелі. Схадзілі ў школу, пагаварылі – і нам дазволілі вярнуцца ў свой клас.
Аксана: Таня была першай шаферкай на маім вяселлі. А я да яе чамусьці не патрапіла.
Таццяна: І потым жыццё нас неаднойчы разводзіла. Ды не развяло. Аксана некалькі гадоў жыла ў Мінску, я таксама доўгі час знаходзілася за межамі Астраўца. Тым не менш, сябраваць мы не пераставалі.
Аксана: Хоць быў у жыцці момант, калі паміж намі чорная кошка прабегла. Мы не сварыліся, не высвятлялі адносіны – проста перасталі размаўляць. З-за чаго? Умяшаліся трэція асобы, якія з-за зайздрасці нагаварылі мне абы-чаго… На сённяшні розум пайшла б і высветліла ўсё ў сяброўкі, а тады зубы сцяла: маладая, амбіцыйная…
Таццяна: Але калі ў мяне здарылася бяда, Ксюша, як толькі даведалася, прыімчала: чым дапамагчы? Тады і высветлілася, што было, а пра што «добрыя людзі» нагаварылі. І затым сяброўка дапамагала мне ва ўсім.
Аксана: Гэтаксама і Таня мне. У жыцці кожнай з нас былі сітуацыі, калі мы маглі разлічваць толькі адна на адну. І ніхто нікога не падвёў.
Таццяна: І цяпер: калі нешта здарылася, варта толькі свіснуць – і праз пяць хвілін сяброўка будзе побач: дапаможа, падтрымае, параіць.
Аксана: Хоць увогуле мы вельмі розныя. І тут галоўнае – не ламаць, не перарабляць іншага пад сябе. Часта ў нас меркаванні не супадаюць. Але гэта не нагода спрачацца і тым больш сварыцца. Да таго ж ёсць многае, што нас аб’ядноўвае!
Таццяна: Напрыклад, грыбы: у лесе мы можам прападаць гадзінамі. У сезон па 300-400 баравікоў прыносім!
Аксана: А вось агарод – Таніна стыхія. Хоць яна жыве ў кватэры, а я – у сваім доме, гаспадыня на ўчастку – яна, а я ў яе памочніца.
Таццяна: Увогуле мы ўсё робім разам. Мне падабаецца працаваць з Ксюхай: ёй не трэба казаць: пайдзі туды, возьмі тое, зрабі гэта… Усё сама ведае – ці ў сваім доме, ці ў маёй кватэры.
Аксана: Ды што там – Таня нашмат больш нам дапамагае. Часта вяртаемся з мужам з работы – а нас чакае смачная вячэра! Я ўжо не кажу, што дом мы будавалі ўсе разам. Калі газон рабілі, то страшна ўспомніць, колькі тыдняў на карачках разам поўзалі.
Таццяна: І ўсе знакавыя святы – дні нараджэння, Новы год – мы праводзім разам. А калі па нейкай прычыне не атрымліваецца менавіта ў гэты дзень павіншаваць, то без крыўд: завітаеш у іншы.
Аксана: Але і без святаў мы кожны дзень на сувязі. Працуем у адной арганізацыі, сустракаемся па некалькі разоў на дзень, а затым яшчэ і вечарам абмяркоўваем усе справы, дзелімся думкамі, навінамі, перажываннямі. З ёй і пагаворыш, і паплачаш, і пасмяешся.
Таццяна: Дачка часта гаворыць: зайздрошчу, што ў цябе такая сяброўка – на ўсё жыццё. Цяпер, мусіць, такіх не робяць…
Аксана: Мы не проста сяброўкі, а роднасныя душы. Дзве палавінкі аднаго цэлага. У нас цяпер нават нагоды пасварыцца няма – не будзеш жа сварыцца сам з сабой!
