«Мы прышчэпкі не баімся! – размова за «круглым сталом»

З 23 па 30 красавіка па ініцыятыве Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў краінах Еўрапейскага рэгіёна, у тым ліку і ў Рэспубліцы Беларусь, праводзіцца тыдзень імунізацыі пад лозунгам “Сумесная абарона ад агульных пагроз”.
З гэтай нагоды 20 красавіка ў Астравецкай ЦРБ прайшоў круглы стол, на якім былі разгледжаны пытанні імунапрафілактыкі (вакцынацыі), з удзелам загадчыцы паліклінікі Астравецкай ЦРБ Святланы Уладзіміраўны Радзько, раённага ўрача-педыятра Галіны Мікалаеўны Зубель, урача-неўролага Галіны Францаўны Пуляк, урача акушэр-гінеколага Наталлі Іванаўны Івашка, эпідэміёлага Астравецкага раённага ЦГЭ Людмілы Канстанцінаўны Пачкоўскай і вядучай круглага стала карэспандэнта газеты “Астравецкая праўда” Вольгі Шоўкун.


Вольга ШОЎКУН:
– Раскажыце, калі ласка, што такое вакцыны і ад якіх інфекцый яны могуць абараніць?


Святлана РАДЗЬКО:
– Вакцыны – гэта нават не цэлыя мікраарганізмы, а толькі іх часткі. Пры ўвядзенні ў арганізм вакцыны забяспечваюць выпрацоўку антыцел і спецыяльных клетак. Калі ж арганізм сустракаецца з сапраўдным узбуджальнікам інфекцыі, то выпрацаваная абарона не дапускае развіцця хваробы ці змякчае цяжар яе цячэння.
На сённяшні дзень у нацыянальны каляндар прышчэпак уваходзіць 9 абавязковых – супраць дыфтэрыі, слупняку, адзёру, коклюшу, эпідэмічнага паратыту, краснухі, віруснага гепатыту, поліяміэліту і туберкулёзу. Акрамя абавязковых, ёсць прышчэпкі па эпідэмічных паказаннях, яны робяцца некаторым групам насельніцтва з высокай рызыкай заражэння той ці іншай інфекцыяй. Да прыкладу, вакцына супраць гепатыту В рэкамендавана людзям, якія пражываюць у цесным кантакце з носьбітам вірусу, а таксама тым, каму часта пераліваюць кроў, медыцынскім работнікам, пацыентам аддзяленняў гемадыялізу. Да прышчэпак па эпідэмічных паказаннях адносяць і вакцыны супраць грыпу.

Вольга ШОЎКУН:
– Апошнім часам людзей стала хваляваць пытанне эфектыўнасці ўсеагульнай вакцынацыі. Скажыце, а ці патрэбна ўвогуле рабіць прышчэпкі?

Людміла ПАЧКОЎСКАЯ:
– Жыццёва важную неабходнасць вакцынацыі даказаў шматгадовы вопыт медыцынскай навукі. Аб эфектыўнасці імунізацыі насельніцтва сведчаць тыя поспехі, якіх удалося дасягнуць у 20-21 стагоддзях. Да прыкладу, раней ад воспы штогод памірала ў свеце 5 мільёнаў чалавек – гэта ж палова насельніцтва Беларусі! А дзякуючы вакцынацыі, у 1978 годзе яна была ўжо поўнасцю ліквідавана. За апошнія 50 гадоў прадухілена больш за 3 мільёны выпадкаў адзёру – у Астравецкім раёне ён не рэгістраваўся ўжо больш за 10 гадоў. Колькасць захворванняў краснухай у нашай рэспубліцы за апошнія гады знізілася прыкладна ў 20 тысяч разоў, а ў 2010 годзе не было зарэгістравана ніводнага выпадку. Па даных СААЗ, прышчэпкі прадухіляюць штогод 5 тысяч смяротных выпадкаў ад дыфтэрыі, і зараз ў Беларусі здараюцца толькі адзінкавыя падобныя выпадкі сярод непрышчэпленых. Знізілася і колькасць захворванняў у рэспубліцы на гепатыт В. У Астравецкім раёне вострая форма сярод дзяцей апошні раз рэгістраваліся ў 2002 годзе, хранічная форма – у 2004. Дзякуючы вакцынацыі супраць туберкулёзу, у апошняе дзесяцігоддзе не рэгістраваўся міліярны туберкулёз і туберкулёзны менінгіт у дзяцей.
А ці патрэбна рабіць прышчэпкі? Прывяду некалькі прыкладаў. Так, бацькі часта пытаюцца, навошта рабіць дзецям прышчэпкі ад поліяміэліту, калі гэта захворванне сустракаецца толькі ў Індыі, Афганістане, Пакістане і Нігерыі? Але ж трэба разумець, што яно ў любы момант можа быць завезена і ў нашу краіну. У 2010 так здарылася ў Таджыкістане, дзе была ўспышка поліяміэліту: 458 людзей захварэлі, 26 з іх памерлі. Як потым высветлілася, гэта быў завозны выпадак з Індыі.
Ёсць прыклады ўспышак інфекцыйных захворванняў і ў высокаразвітых краінах. У людзей з’явілася пачуццё самазаспакоенасці, яны сталі ставіць пад сумненне неабходнасць рабіць прышчэпкі. І якія вынікі? У 2002 – 2004 гадах у Цэнтральнай і Заходняй Еўропе з-за масавых адмаўленняў ад вакцынацыі на адзёр захварэла больш за 100 тысяч чалавек. У 1995 годзе ў Чачні выбухнула эпідэмія поліяміэліту: на працягу 3-4 гадоў там не рабілі прышчэпак супраць гэтай інфекцыі.


Вольга ШОЎКУН:
– Якія ёсць проціпаказанні да вакцынацыі? Ці мае права пацыент адмовіцца ад яе?

Святлана РАДЗЬКО:
– Часовымі проціпаказаннямі з’яўляюцца ўсе вострыя захворванні, а таксама хранічныя ў стадыі абвастрэння. Абсалютных працяглых проціпаказанняў да абавязковай вакцынацыі не існуе, а адноснымі проціпаказаннямі з’яўляюцца алергічная рэакцыя на прышчэпку, а таксама ўсе цяжкія захворванні ў канечнай стадыі.
Пацыент мае права адмовіцца ад вакцынацыі. У гэтым выпадку адмова афармляецца штогод у амбулаторнай карце за подпісам пацыента і медыцынскага работніка.
Галіна ЗУБЕЛЬ:
– Калі бацькі адмаўляюцца ад прышчэпак для свайго дзіцяці, то яны павінны разумець, што малышы будуць мець шэраг абмежаванняў у садку, школе, лагеры. Дарэчы, калі своечасовая прышчэпка не зроблена без уважлівай прычыны, гэта расцэньваецца як парушэнне правоў дзіцяці на жыццё і здароўе.


Вольга ШОЎКУН:
– А наколькі бяспечна вакцынацыя для дзяцей?
Галіна ЗУБЕЛЬ:

– Некаторыя бацькі не прышчэпліваюць дзяцей з-за боязі ўскладненняў ці рэакцыі на прышчэпку. Хаця сур’ёзных ускладненняў практычна не бывае – сёння навучыліся вырабляць якасныя вакцыны. Рэакцыі на прышчэпкі баяцца не трэба: яна з’яўляецца адказам арганізма на ўвядзенне вакцыны і сведчаннем таго, што выпрацоўваецца імунітэт. Гэта можа быць пачырваненне ці прыпухласць у месцы ін’екцыі, нязначнае павышэнне тэмпературы – гэта праходзіць праз 1-2 дні і не патрабуе лячэння. Варта адзначыць, што верагоднасць развіцця ўскладненняў пасля інфекцыйнага захворвання ў тысячы разоў больш рызыкі магчымых ускладненняў пасля прышчэпкі.
Але медыкам непатрэбны прышчэпкі любой цаной. Перад вакцынацыяй урач аглядае дзіця, і калі ёсць вострыя ці абвастраюцца хранічныя захворванні, то планавая вакцынацыя будзе адкладзена да знікнення сімптомаў. Памятайце, што дзіця з хранічнай паталогіяй адносіцца да групы рызыкі, таму прышчэпка для яго абавязковая, бо такія дзеці найбольш схільныя да інфекцый і захворванні ў іх працякаюць у больш цяжкай форме.

Вольга ШОЎКУН:
– Ці можна дзецям рабіць некалькі прышчэпак адначасова?
Галіна ЗУБЕЛЬ:

– Дзеці кожны дзень сустракаюцца з мноствам антыгенаў: з паветрам, што яны ўдыхаюць, і ежай. Простае ВРЗ сутыкае дзіця з 4-10 антыгенамі. Імунная сістэма многафункцыянальная і здольная апрацаваць некалькі антыгенаў адначасова, не нашкодзіўшы здароўю дзіцяці.

Вольга ШОЎКУН:
– Штогод шмат дыскусій выклікае сезонная вакцынацыя супраць грыпу. Наколькі эфектыўна грыпозная вакцына і як часта сустракаюцца пабочныя рэакцыі на гэту прышчэпку?
Святлана РАДЗЬКО:

– Вакцынацыя супраць грыпу дастаткова эфектыўная. Па даных СААЗ, яна дазваляе абараніць ад захворвання больш за 80 працэнтаў здаровых людзей. У астатніх выпадках грып працякае ў больш лёгкай форме без ускладненняў і шпіталізацыі. Выпадкі захворвання на грып у прышчэпленых магчымы яшчэ і таму, што вірус гэты вельмі зменлівы і своечасова стварыць вакцыну, якая б абараніла ад усіх штамаў гэтага сезона, вельмі складана. Ролю іграе час вакцынацыі: для выпрацоўкі абаронных антыцел патрабуецца не менш за 2 тыдні, калі заражэнне адбылося раней гэтага тэрміну, то можна захварэць на грып. Акрамя таго, за грып часта прымаюць іншыя рэспіраторныя інфекцыі, якія працякаюць не так цяжка і не выклікаюць такіх небяспечных ускладненняў, як пры грыпе. Усе гэтыя выпадкі падрываюць веру насельніцтва ў эфектыўнасць вакцынацыі. Пад увагу не бярэцца маса людзей, што атрымала рэальную абарону ад інфекцыі. Асабіста я давяраю грыпознай вакцыне, штогод мы ўсёй сям’ёй робім прышчэпкі, і грыпу ў нас не было даўно.
Што тычыцца рэакцый на прышчэпку, то сучасныя вакцыны іх выклікаюць рэдка, нязначны пад’ём тэмпературы не варта прымаць за ўскладненне. Гэта нармальная рэакцыя арганізму на ўвядзенне іншароднага агента. Да слова, за апошнія гады ў нашу паліклініку не было ніводнага звароту ў сувязі з рэакцыяй на грыпозную вакцыну, які б патрабаваў якога-небудзь лячэння.

Вольга ШОЎКУН:
– Якія яшчэ прышчэпкі па эпідпаказаннях можна зрабіць у нашай паліклініцы?
Галіна ПУЛЯК:

– Ранняй вясной пасля зімовай спячкі становяцца актыўнымі многія насякомыя, у тым ліку іксодавыя кляшчы – пераносчыкі бактэрыяльных і вірусных інфекцый. Гэтыя маленькія насякомыя нясуць двайную пагрозу для здароўя, пры ўкусе могуць заразіць чалавека клешчавым энцэфалітам і лайм-барэліёзам. Клешч можа ўкусіць падчас знаходжання ў лясных зонах, пры рабоце на дачным участку, падчас прагулак за горад, у лес.
Для імунапрафілактыкі клешчавага энцэфаліту прымяняецца вакцына “Энцэвір”, якой можна прышчапіцца і ў нашай бальніцы на платнай аснове. Рэкамендуецца рабіць прышчэпку работнікам лясной гаспадаркі, аматарам збору лясных дароў і тым, хто пражывае ў эпідэмічнай зоне – у Беларусі такой з’яўляецца Белавежская пушча.

Вольга ШОЎКУН:
– Ведаю, што ў некаторых краінах у спіс абавязковых прышчэпак уключана вакцына супраць вірусу папіломы чалавека. Чым небяспечна гэта захворванне? Ці можна ў нашай бальніцы зрабіць прышчэпку супраць ВПЧ?
Наталля ІВАШКА:

– У сярэдзіне 70-х гадоў 20 стагоддзя нямецкі прафесар Хаўзен упершыню выказаў здагадку аб магчымасці ўдзелу вірусу папіломы чалавека ва ўтварэнні раку шыйкі маткі. Крыху пазней вучоныя пад кіраўніцтвам прафесара ўстанавілі, што ў злаякасных пухлінах шыйкі маткі найбольш часта выяўляюцца 2 тыпу ВПЧ: тып 16 і 18. У 99,7 працэнтах выпадкаў прычынай раку шыйкі маткі з’яўляюцца анкагенныя штамы ВПЧ. Гэта адкрыццё садзейнічала стварэнню вакцыны супраць папіломавірусу.
Сёння прышчэпкі супраць вірусу папіломы чалавека ўкаранёны ў 13 з 53 краінах Еўропы. Найбольш эфектыўна рабіць вакцынацыю да інфіцыравання – гэта значыць, да пачатку палавога жыцця. Інфіцыраванне не з’яўляецца проціпаказаннем да вакцынацыі, але ў такіх выпадках прышчэпка не забяспечвае паўнацэннага дзеяння.
У нашай рэспубліцы рак шыйкі маткі штогод выяўляецца ў 720-1000 жанчын. Кожны дзень ад гэтай хваробы памірае 1 беларуска. Вакцынацыя супраць ВПЧ рэкамендуецца ўсім дзяўчынкам і жанчынам з 10 да 55 гадоў (лепш будзе зрабіць прышчэпку дзяўчынкам з 10 да 17 гадоў і маладым жанчынам да 26 гадоў).
У нашай паліклініцы праводзіцца вакцынацыя супраць ВПЧ на платнай аснове па накіраванню гінеколага (пасля агляду і даследавання на анкацыталогію). Для імунізацыі выкарыстоўваецца вакцына “Цэрварыкс” (Бельгія), якая паказана для прафілактыкі перадракавых паражэнняў і раку шыйкі маткі, што выклікаюцца ВПЧ 16 і 18 тыпаў. Лякарства ўводзіцца трохразова ўнутрымышачна па схеме: другая прышчэпка праводзіцца праз 1 месяц пасля першай, трэцяя – яшчэ праз 5 месяцаў.
У большасці выпадкаў вакцына добра пераносіцца пацыентамі. Магчымымі ўскладненнямі з’яўляюцца балючасць, пачырваненне і прыпухласць у месцы ін’екцыі, павышаная стамляльнасць, ламата ў целе, галаўны боль, сверб скуры, высыпка.
Святлана РАДЗЬКО:
– Хацелася б адзначыць, што больш эфектыўнага сродку прадухілення інфекцыйных захворванняў, чым вакцыны, сучасная медыцына не мае. Варта памятаць, што правядзенне імунізацыі – гэта сумесная адказнасць усяго насельніцтва. Рабіце выбар на карысць здароўя вашага і вашых блізкіх!