Можно ли самостоятельно заготовить дрова?
Адзін з жыхароў Астравецкага раёна патэлефанаваў у “Астравецкую праўду” і пацікавіўся, ці можна самастойна нарыхтоўваць драўніну (на дровы) у лясніцтве па месцы жыхарства.Гэтае пытанне мы пераадрасавалі спецыялістам Астравецкага лясгаса.
Начальнік аддзела лясной гаспадаркі Алег Алегавіч Бондзікаў паведаміў, што фізічным асобам дазваляецца самастойна нарыхтоўваць драўніну ў лесасечным фондзе лясгаса. Аднак існуе шэраг нюансаў, пра якія павінны ведаць нарыхтоўшчыкі.
Па-першае, фізічным асобам дазваляецца нарыхтаваць не больш, чым 50 кубаметраў драўніны. Па-другое, тэрмін паміж яе нарыхтоўкай і вывазам не павінен перавышаць 2 месяцы.
Калі вы вырашылі самастойна нарыхтаваць дровы, то спачатку звярніцеся з заявай у лясніцтва па месцы жыхарства. Вы можаце прапанаваць участак для вырубкі, але калі ён не адпавядае патрабаванням і нормам ляснога заканадаўства, вам выдзеляць іншы. Затым на ім спецыялісты зробяць адвод лесасекі і матэрыяльна-грашовую ацэнку драўніны. У касе Астравецкага лясгаса трэба будзе заплаціць пэўную суму, якая вынікае з разлікаў.Затым будзе выпісаны лесарубачны білет, на аснове якога лясніцтва выдасць адпаведны ордэр на дробны водпуск драўніны на корані, а таксама прадпісанне.
Варта адзначыць, што дрэвы для вырубкі будуць пазначаны пэўным колерам. Пры вывазе драўніны абавязкова папярэджваюць лесніка ці майстра лесу – для фіксацыі колькасці кубаметраў. І, канешне, давядзецца прыбраць за сабой сучча і пілавінне.
---------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.
