Можна аплакваць вёску – а можна тут жыць!


Фото Pexels

Фото Pexels

Здаецца, толькі лянівы не аплакваў, услых ці пра сябе, лёс беларускай вёскі, успамінаючы, якія раней яны былі вясёлыя, шумныя, працавітыя, як звінелі ў кожнай хаце дзіцячыя галасы, як мнагалюдна было ў школах і ў клубах, колькі дужых і працавітых вяскоўцаў выходзіла штодня на работу на палі і фермы. А цяпер…

Але, як гаварыў паэт, няма таго, што раньш было… Можна прывесці аргумент, што ўрбанізацыя – сусветны працэс, якога не пазбегла ніводная краіна. У якасці прыкладу магу ўзгадаць, як у межах журналісцкай камандзіроўкі ў Германію нас прывезлі ў вёску, у свой час знакамітую ў ГДР сваёй школай, у якой сёння засталося два дзясяткі вучняў, большасць з іх – дзеці сірыйскіх бежанцаў. Ці шведскіх фермераў, якія, трымаючы невялічкую, на 100 галоў, ферму, кожную раніцу выліваюць сутачны надой у малакавоз, які адначасова прывозіць гаспадарам сыр, тварог, масла, смятану…

Толькі ад таго, што мы не адны такія, сэрца за сваю родную вёсачку, за тую бярозку, што пасадзіў у маленстве, за збуцвелы дзедаў сад балець не перастае… Бо гэта – часцінка душы.

Але, як сказаў у свой час адзін вядомы палітык (з іншай, праўда, нагоды): у таго, хто не шкадуе аб страчаным, няма сэрца, у таго, хто хоча ўсё вярнуць, – няма галавы.

Можна, вядома, праліваць слёзы і махаць кулакамі, шукаць прычыны, вінаваціць некага ці нешта ў тым, што адбываецца.

Адзін мой знаёмы з роспаччу ўсім расказвае, што закапалі яго родны хутар… Але пры гэтым чамусьці не ўспамінае, што заязджаў туды гады ў рады і пры тым ледзь знаходзіў сцежку да парога напаўразбуранай бацькоўскай хаты ў гадамі някошанай траве, пераступаючы праз павалены плот і абмінаючы запаланіўшае падворак кустоўе.

А другі купіў такі самы закінуты хутар і паціху наводзіць там парадак: выкарчаваў стары сад і пасадзіў новы, падладзіў старую будыніну, навёў парадак на панадворку. І цяпер радуецца, што ў яго сям’і ёсць свой «домік вокнамі ў сад», куды можна прыехаць на выхадныя ці ў адпачынак, дзе лёгка дыхаецца, можна пры жаданні вырасціць экалагічна чыстую гародніну ці проста заспяваць на ўвесь голас, не баючыся, што суседзі пачнуць стукаць па батарэі…

Текст: Нина Рыбик